4

Алесь Плотка: «2003–2013. Ракенрол і іншыя дэвіацыі краіны Б.»

Напярэдадні свайго 10-годдзя і святочнага канцэрта «Умопомрачение» Ultra-Music прапанаваў неабыякавым людзям паразважаць, што адбылося ў беларускай музыцы за апошнія 10 год.

Алесь Bajsan Плотка

Алесь Плотка, паэт і музыка

2003 год. Беларусь. Запісаны апошні рок-альбом перад Эрай Вадалея — «Люстэрка». На прароцтва з яго пайшло дзве пяцігодкі і «палац нашых мар» не так даўно дабудавалі. З гэтай нагоды і падыдзем да стала.

Безумоўна, гэтыя 10 год — гэта 10 год кахання. Кахання, здрады і зноў кахання. Мы палюбілі, як Цой аўтобус, новага «Ляпіса», новы Gods Tower і нават новы N.R.M. Беларусь, як краіна без унутранага музычнага рынку, цалкам выспела як якасны экспарцёр (база сыравіны?) трэндаў. Кабацкі герой, які перадбачыў патрэбу феадальных краёў у песнях долі і рабкора; пэган метал, з’яднаны з вечнасцю наватарскім рокам і ракавым выпадкам адначасова, і галоўны сацыяльны гурт краіны, які не змяніў увесь склад вакол фронтмэна, але развітаўся з ім… Ласкава вітаем у Беларусі — краіне цудаў, зуб даю.

Акрамя цудаў, было шмат крыві і працоўнага поту. Індзюшаціна ад The Toobes і Yellow Brick Road падкрэсліла, як хутка загібаецца сацыяльны рок старой мадэлі і як хутка варта скарыстацца момантам, калі замест сцягаў ў руках публікі з’яўляюцца айфоны. Брава, гэта стрэл з кантэксту ў гісторыю, якая яшчэ дасць шанец кожнаму з гуртоў сустрэцца са сваім унутраным #navalny і апынуцца на сваёй ўнутранай #плошчы, да якой трэба дажыць. Ну, ці не дажыць.

Дажыць да пісання гэтых радкоў не давялося шмат каму з таленавітых музыкаў. Што самае брыдкае, маладых. Спроба пералічыць іх штурхае аўтара да таго, каб ненаўмысна (і недаравальна) забыцца на кагосьці, таму варта ўзгадаць сваіх паплечнікаў, герояў і настаўнікаў моўчкі. Кожнаму — сваіх. І цаніць жывых.

Цаніць так, як цанілі ў апошнія дзесяць год «Троіцу» ў Еўропе і «Серебряную свадьбу» на ўсход ад Беларусі (тут маглі быць лірычныя адступленні, але іх не будзе). Каб «Палац» і «Аддис Абеба» не сталі апошнімі тут, даць ім больш энергіі, чым можа даць лайк на фэйсбуку. Дарэчы, пацантрэ, мне тут напісаў прыватным паведамленнем адзін разумнік, што музыка рэгі — гэта «жанравы цэйтнот». Пры нагодзе паедзем з ім у Рэчыцкі раён — абмяркуем гэтае пытанне на месцы. Без кантэксту :)

Пра апошні. Кантэкст мы палюбілі так, як мала хто любіць ў прынцыпе. Камбэкі, рэюніоны і іншае народнае #околорокнролла. Медыя змяняюць нас (R.I.P. «Музыкальная газета» — welcome сацыяльныя сетачкі), і пра тое, колькі канцэртаў дадуць па-за межамі МКАД «Куклы» і ці дапіша новы альбом Rouble Zone, зараз думаць не модна. Заварожвае сам момант. І усё часцей з манітору кампа, чым з месца падзей, — «О так, гэта амаль як у 96-м, 2003-м…» Патрэбнае падкрэсліць і выкінуць сябе. Куды-небудзь, можна нахер.

Замкнулася як з’ява і легла на паліцы дзесяцігодка гомельскага цяжмету: ТТ-34, Rasta і іх меней вядомыя калегі. Да апошняга рубіцца чэмпіён-па-колькасці-назваў-у-часы-чорных-спісаў-да-сынок-і-такія-былі Кулінковіч. Застаецца ў выключнай форме крайняя амазонка беларускага року Шпакоўская, творчая рэфлексія якой не становіцца пошасцю. І спіс далёка не поўны…

Пры канцы гэтых дзесяці год да нас вяртаецца беларускі вініл, актыўна існуюць пляцоўкі на вольным паветры, канцэртнае заканадаўства не спрыяе беларускаму незалежнаму прадукту, але ён упарта выплывае і мае поспех. Чорт бяры, да нас наканец прыехалі ўсе, вось Ларс з Кіркам даедуць, ну і тады ўжо дакладна ўсе, і тады краіна адразу пачне сваіх металікаў гадаваць. Дайце попкорну, што будзе далей?

З.Ы. Першапачаткова матар’ял называўся «Шлях ад УМодроченія да УМопомраченія», але пасля трэцяй рэдакцыі ён знік. Можа быць, на дваццацігоддзе…

Автор: Алесь Bajsan Плотка

Фото: Джон Кунстадтэр

Ваш комментарий

Войти через Вконтакте Войти через Facebook

Если у вас возникли проблемы с авторизацией, сообщите нам на support@ultra-music.com

  • Ну и зачем сейчас ехать куда-то в Речицкий район?.. Просто разумнику надо погуглить ska, dub, 2 tone, Dance Hall, Ragga, поискать записи All stars easy stars, Paprika Korps, Странные игры, Monty Alexander и т.д.

  • Сукванчо
    0

    а для кого-то гранДжжжжж....

  • пилот
    1

    Пускай этот чувачок лучше про латексы поговорит, ему это ближе))))))))))