3

Не краіна, а песня

Некалькі тыдняў таму фінскі рускамоўны гурт Kypck абвеціў пра выданне альбома «Imena Na Stene». Адна з кампазіцый на гэтым дыску, якая называецца «Белорусский снег», прысвечана Мінску. Дзіўнавата гэта толькі на першы погляд. Як высветлілася, Беларусь і Мінск вельмі папулярныя ў музыкаў самых розных жанраў. Ultra-Music вырашыў прадэманстраваць, што ўвага замежных творцаў да Беларусі — хутчэй заканамернасць, чым выключэнне, і сабраў некалькі дзясяткаў самых розных гуртоў і музыкантаў, якім не трэба тлумачыць, што вуліцы шчыльна напаўняюцца мядзведзямі не адразу за ўсходняй мяжой Еўрасаюза.

Не краіна, а песня

Як карабель назавеш

Напэўна, самым вядомым гуртом у нашым спісе з’яўляецца пост-металічная фармацыя Minsk з горада Пеорыя, штат Ілінойс. Па словах ўдзельнікаў гурта, сталіца Беларусі стала крыніцай натхнення музыкаў як «горад, які некалькі разоў быў дашчэнту спалены толькі дзеля таго, каб быць узноўленым, як Фенікс адраджаецца з попелу». Складаныя, псіхадэлічныя кампазіцыі Minsk нярэдка рухаюцца па падобным сцэнары: разганяюцца ад спакою да стану вогненнага мора, каб у фінале «адрадзіцца» нанова.

Брытанскі гурт Belarus ніякіх тлумачэнняў выбару назвы не дае. «Слова палюбілася», — патлумачыў гітарыст Мэцью Кілфард у колішнім інтэрв’ю. Праўда, тут жа зазначыў, што Аляксандра Глеба ў «Арсенале» назіраў, ды і ўвогуле пра Рэспубліку Беларусь ведае ўжо нямала. Калектыў, на жаль, паспеў разваліцца, але музычную спадчыну пакінуў даволі цікавую.

Тлумачэнняў назвы трэш-метал-гурта Minsk Security таксама адшукаць не атрымалася. Затое на сваёй старонцы ў Facebook у якасці роднага горада музыканты пазначылі не толькі швейцарскі Хінвіл, але і нашу сталіцу. Больш таго: стылістыка квінтэта абазначаная не іначай як «Minsk Metal». Апошні канцэрт гурт даў у 2012 годзе. Верагодна, на сёння мінск-металічных калектываў у свеце не засталося. А вось запісы «ахоўнікі» раздаюць на сваім сайце бясплатна- заўсёды можна забегчы і паслухаць пра тое, як у Мінску бяспечна.

Музыкант, акцёр, шоўмэн і кандыдат у прэзідэнты Партугаліі Мануэль Жоао Віейра за сваю амаль трыццацігадовую кар’еру змяніў добры дзясятак псеўданімаў і сцэнічных вобразаў. У наш спіс Мануэля прывёў адзін з такіх вобразаў — доктар Лелло Мінск, выканаўца чароўнага партугальскага гарадскога шансона. Калі хочаце яшчэ крыху наблізіць вясну, рэкамендуем альбом «Corações de Atum» («Сэрца тунца»). Прычыны, па якіх спадару Віейра прыглянулася наша сталіца, не ўдакладняюцца.

Нарэшце, на прасторах інтэрнэта знайшоўся андэграўдны бруклінскі гурт з бязрадаснай назвай Belarus Tremor. Успамін у часопісе Wire, альбому ў вольным доступе — вось і ўсё, што мы ведаем пра калектыў. Альбом, зрэшты, даволі цікавы.

О Беларусь, мая шыпшына

Беларусь — краіна прыгожая і светлая. Таму ў нас багата таго, чым можна было б натхніцца.

Напрыклад, адной з крыніц натхнення французскага музыкі Сірыля Эсьяра стала мінскае лета. Атмасфера міні-альбома «Summer in Minsk» дакладна карэліруе з настроем мінчан, якія шукаюць сховішча ад бязлітасных +30 дзесьці на беразе Камсамольскага возера.

А вось гурт Low з горада Дулут, штат Мінесота, натхніўся, наадварот, нашай зімой. Бялюткія ад снегу лясы і лыжнікі ў гурбах (часам на фоне загадкавых «беларускіх» гор) — галоўны матыў відэа на песню «Belarus» з альбома «Drums and Guns», восьмага ў дыскаграфіі гурта. Стыль калектыва часам называюць смешным словам «slowcore». Гэта слова нядрэнна характарызуе жыццё ў нашай краіне.

Уразіўся беларускай зімой і іншы амерыканскі калектыў, Dilithium Tourdes. Стыль гурта — сумесь каляграйндкоравых форм і, мякка кажучы, не вельмі стандартнага поп-гучання. Сярод дзіўных трэкаў праекта можна адшукаць песню «The Winter In Belarus Is Boop». Boop — слова, якое вымаўляюць, калі ўзнікае нястрымнае жаданне крануць кагосьці за нос. Пэўна, менавіта так прывітала амерыканскі нос беларуская зіма.

А вось сінтэтычна-электронны праект са Швецыі Emmon прысвяціў адну са сваіх песень беларускай ночы. На жаль, даведацца, якой канкрэтна, немагчыма, затое трэк вельмі прыемны.

Своеасаблівае натхненне ў Мінску знайшоў амерыканскі emo/post-hardcore гурт Snowing. Песня «I Think We’re In Minsk» патыхае безвыходнасцю і чорнай дэпрэсіяй, як і павінна рабіць правільная эма-песня. Што ж, Мінск бывае і такім: цёмным і беспраглядным. Лірычны герой просіць граць на яго пахаванні «Веру Лін». Напэўна, ён не быў бы супраць, калі б Pink Floyd з такой нагоды прагучалі на Кальварыйскіх могілках.

Згадаюць нашай памяці вякі

Загадкавы эксперыментальны праект Zebulon Kosted значыцца першым у нашым спісе знаўцаў беларускай гісторыі. Адзіны ўдзельнік гурта, амерыканец Рашыд Абдэль Гафур, прысвяціў некаторыя альбомы са сваёй неаб’ёмнай дыскаграфіі гістарычнай тэматыцы. Дзесяціхвілінны трэк «Belarus» з альбома «The Thuru Project» — цёмная дроўн-эмбіентная замалёўка на тэму другой сусветнай вайны са скарыстаннем сэмплаў з невядомага рускамоўнага фільма.

Адзін з альбомаў фолк-выканаўцы з паўночнага Джэрсі Мэта Ольсана уяўляе сабой выдуманую гісторыю прыгодаў амерыканскага шпіёна падчас халоднай вайны. Згодна з гэтай гісторыяй, з Беларуссю лірычны герой спаткаўся не ў лепшы момант жыцця.

Англійскі альтэрнатыўны гурт Levellers прысвяціў сінгл «Belaruse» Чарнобыльскай трагедыі. На жаль, аварыя на ЧАЭС застаецца адным з самых вядомых за мяжой фактаў нашай гісторыі. Альбом з гэтай песняй стаў адным з самых паспяховых у кар’еры гурта, дасягнуўшы другога месца ў брытанскіх чартах.

Ірландскі гурт Concerto for Constantine, лідар якога Марк Грыні больш вядомы па ўдзеле ў гурце JJ72, выбраў песню «Minsk» у якасці свайго першага сінгла. Ірландцы, відавочна, цікавяцца сучаснай гісторыяй нашай краіны. Выдатны трэк.

Ёсць і іншыя прыклады цікаўнасці замежных творцаў да беларускай сучаснасці.

Кунсткамера

Згодна з колькасцю наяўных матэрыялаў на беларускую тэматыку, нашу краіну вельмі любяць прадстаўнікі джазавай музыкі. Патлумачыць сваё натхненне джазмэны, магчыма, і не супраць, ды толькі ніхто ў іх ніколі не пытае.

Шырыня геаграфіі ўражвае: Беларусі і Мінску прысвячаюць свае кампазіцыі не толькі суседзі-палякі, але і нарвежцы, і фіны, і нават аўстралійцы. Большасць гэтых музыкантаў не байцы нябачнага фронта, а самыя сапраўдныя зоркі сучаснага джаза.

Распачаў своеасаблівую «джазавую моду на Мінск» французскі піяніст Жак Луазье, які запісаў кампазіцыю «Minsk» на сваім альбоме 1979 года «Pulsion / Sous La Mer». Трэк з назвай «Minsk» быў і ў рэпертуары тэнар-саксафаніста Майкла Брэкера, аднаго з самых уплывовых джазавых выканаўцаў канца дваццатага стагоддзя.

Электронныя музыкі натхняюцца Беларуссю не менш рэгулярна. Да прыкладу, IDM-праект з Галандыі Jarz (трэк «Belarus» з міні-альбома «A Story With A Touch»), французская фолктроніка Melodium (кампазіцыя «Minsk» з альбома «Vilnius», кожны трэк якога — прысвячэнне пэўнаму гораду), брытанскі эмбіент-праект fells (прыгожая замалёўка «Belarus» з альбома «Afternoon Inside»), нарвежцы Circular (шаманскі мінімалізм «Wie geht’s, Minsk?»), швейцарскі эмбіент ад гурта STQ-3. Усе калектывы танцавальных жанраў электроннай музыкі, якія называлі свае трэкі ў гонар нашай дзяржавы, пералічыць не ўяўляецца магчымым: верагодна, папулярнасць Беларусі сярод музыкаў гэтага накірунку яшчэ ўзнялася за кошт юбілейнага «A State of Trance 600» у Мінску. Адзначым толькі, што пра нашу краіну ведаюць у тым ліку на Мальце і ў Новай Зеландыі.

У нас яшчэ засталіся італьянскія рэперы, эксперыментальныя рокеры з Венгрыі, прадстаўнікі англійскага трып-хопа і нью-эйджа, французскія мануш-аркестры, грэчаскія мінімалісты… Пералічваць можна амаль бясконца. Здараюцца і зусім нечаканыя моманты. Застаецца толькі здагадвацца, чаму трэкі, прысвечаныя Беларусі, стварылі пост-металісты з Японіі Oaqk ці сінгапурскія даўнтэмперы Muon. Нават на знакамітым авангардным лэйбле Tzadik не абыйшлося без прысвячэнняў: так, японскі нойз-музыкант Като Хідэкі запісаў кампазіцыю «Belarus» у складзе супергурта Death Ambient, а клезмер-авангардысты з Францыі Zakarya для альбома «Something Obvious» стварылі п’есу ў двух частках «З Мінска ў Пінск» / «З Пінска ў Мінск».

Самае прыемнае, што большасць згаданых трэкаў не нейкі другарадны хлам, а якасная і цікавая музыка.

Скончым наш спіс абсалютным фаварытам. Амерыканскі гурт Those Darn Accordions з песняй пра Гродна.

Автор: Мікалай Янкойць / Ultra-Music

Ваш комментарий

Войти через Вконтакте Войти через Facebook

Если у вас возникли проблемы с авторизацией, сообщите нам на support@ultra-music.com