2

Wish You Were Here: музыкі, якія не выступяць у Беларусі

Сёння, у апошні дзень зімы, на «Мінск-Арэне» адбудзецца канцэрт Depeche Mode. Брытанскі гурт ладзіць ужо другі выступ у беларускай сталіцы за апошні год. Сярод аптымістаў распаўсюджваецца думка, што гэта толькі першыя прыкметы канцэртнай адлігі, за якой пачнецца сапраўдны крыгаход.

Сапраўды, з кожным годам у Мінск прыязджае ўсё больш замежных музыкаў, і многія з іх настолькі ўражваюцца прыёмам мясцовай публікі, што абяцаюць абавязкова сюды вярнуцца. Тым не менш, спадзявацца на прыезд многіх зорак у Беларусь пакуль не прыходзіцца. Ultra-Music разважае, хто з чаканых гасцей наўрад ці прыедзе да нас з канцэртам, і тлумачыць, чаму так адбываецца.

Музыкі, якія не выступяць у Беларусі

Tom Waits

Яшчэ ў далёкім 2000 годзе Том Уэйтс выказаў катэгарычнае нежаданне ехаць з канцэртамі ў постсавецкія краіны. Прычына таму — глыбокая нелюбоў Уэйтса да камунізму (дый іншых -ізмаў). Асноўнае, што змянілася з канца дваццатага стагоддзя, — колькасць канцэртаў хрыпатага чалавека ў капелюшы. Уэйтс апошні раз наведваў Еўропу з турам ужо амаль восем год таму. З улікам таго, што Беларусь застаецца краінай, якая ці не найбольш паслядоўна захоўвае спадчыну камуністычнага мінулага, нават у выпадку арганізацыі новага еўрапейскага тура магчымасць выступу прынцыповага Уэйтса ў нашай дзяржаве амаль адсутнічае. Нам застаюцца хіба што Billy’s Band.

Arcade Fire

Arcade Fire — гурт, шырока любімы і крытыкамі, і гледачамі. Калекцыя прэмій, сабраных гуртом, — Brit Awards, Juno, Grammy за альбом года — ужо на гэтых выходных можа дапоўніцца «Оскарам» за лепшую музыку да фільма («Her» рэжысёра Спайка Джонса). А сёлетні тур у падтрымку апошняга альбома ўжо сабраў аншлагі ў Аўстраліі і, безумоўна, збярэ іх на буйнейшых пляцоўках Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі і Еўропы.

Усходняя Еўропа ў чарговы раз апынулася па-за маршрутамі гурта. Нічога дзіўнага ў гэтым няма: рок-гурты з-за акіяна на піку творчай формы вельмі рэдка заязджаюць з канцэртамі на ўсход ад Германіі. Шчыльныя амерыканскія туры, на працягу якіх калектывы даюць па 20–30 стадыённых канцэртаў у адных толькі Злучаных Штатах, не пакідаюць музыкантам ні сіл, ні часу на наведванне краін Усходняй Еўропы. Ды і самі гэтыя краіны для музыкантаў часам застаюцца загадкавымі белымі плямамі на мапе.

У выпадку з Беларуссю і Arcade Fire адносная «загадкавасць» застаецца ўзаемнай. Так, згодна статыстыцы сэрвіса Last.fm, у мінулым годзе Arcade Fire слухала ў тры разы менш беларускіх карыстальнікаў, чым 30 Seconds To Mars, у тры з паловай разы менш, чым Hurts, і ў чатыры разы менш, чым Depeche Mode. Такім чынам, масавае захапленне гуртом адсутнічае, а значыць, адсутнічае і інтарэс канцэртных арганізатараў. На жаль, прыблізна тое ж самае можна сказаць пра Queens of the Stone Age, Nine Inch Nails і іншыя амерыканскія рок-гурты першага эшалона. Масавы беларускі слухач схільны да настальгіі: схадзіць на трэці развітальны канцэрт Scorpions ён пакуль хоча больш, чым на шоу Arcade Fire.

Radiohead

Крыўду за тое, што Том Йорк і адным вокам не паглядзіць у бок мінскіх канцэртных пляцовак, мы смела можам трымаць на суседнюю Расію. Чаму Radiohead не едуць туды — асобнае пытанне, на якое даюць самыя розныя адказы. То СМІ сцвярджаюць, што брытанцаў глыбока абражае стан экалогіі Расіі, то ўспамінаюць гісторыю пра тое, як рускія піраты ў 2003 годзе скралі ў гурта альбом «Hail to the Thief», то прапаноўваюць бяздоказную канспіралагічную версію, згодна з якой Йорку і таварышам не дазваляе прыехаць з канцэртам у Расію поўнае непрыняцце любых прыкмет таталітарызму ў дзяржаўным кіраванні.

Аб тым, што Radiohead могуць прыехаць у Беларусь з эксклюзіўным канцэртам, нават марыць складана. Большасць зорак самых буйных велічынь заскоквае да нас па дарозе ў Расію або Украіну (нярэдка — па дарозе з адной у другую). А Radiohead нават у Польшчу заязджалі за сваю кар’еру ўсяго двойчы: у 1994 і ў 2009. Ды і з экалогіяй у нас не тое каб вельмі радасна…

Madonna

Колькі год таму амерыканская спявачка распавяла, што ў Беларусь прыехаць зусім не супраць, але такая заява — недастатковая нагода для фанацкіх спадзяванняў. Арганізацыя канцэрта Мадонны заўсёды звязаная з вялізарнымі рызыкамі. Дастаткова ўспомніць гісторыі нашых блізкіх суседзяў: супраць канцэртаў спявачкі пратэставалі польскія каталікі і расійская праваслаўная царква, а за публічную падтрымку ЛГБТ у Расіі Мадонну па-ранейшаму можа чакаць прысуд аж да турэмнага зняволення. Вельмі наіўна было б чакаць, што БПЦ і Грамадская рада па маральнасці застануцца ў баку і не стануць ствараць перашкодаў у арганізацыі канцэрта.

У нашых умовах дадаецца і яшчэ адна, больш празаічная праблема. Магчымы канцэрт Мадонны, па меркаваннях патэнцыяльных арганізатараў, каштаваў бы так шмат, што большасць беларусаў проста пашкадавалі б патрэбную суму на квіток. Мадонна — спявачка хоць і заслужаная, але не настолькі народная, як тыя ж Depeche Mode.

Metallica

Чуткі пра магчымы канцэрт ветэранаў трэш-метала ў Мінску з’яўляліся ў прэсе неаднаразова. Апошні раз гэта адбылося мінулай восенню, але, на жаль, і на гэты раз чуткі засталіся чуткамі. Асноўнай прычынай застаецца завоблачна высокі кошт арганізацыі канцэрта. Даўно не з’яўляецца сакрэтам і той факт, што за выступы ва ўсходнееўрапейскіх краінах музыканты нярэдка патрабуюць ганарар канкрэтных (буйных) памераў, які не павінен залежыць ад колькасці квіткоў, што павялічвае рызыкі арганізатараў і аб’ём неабходных стартавых інвестыцый.

Пяць год таму дырэктар «Корпорации развлечений» Андрэй Аляксееў прасіў даць «год пяць» на тое, каб яго кампанія дарасла да арганізацыі канцэртаў Depeche Mode, разам з тым зазначыўшы, што да канцэрта Metallica расці трэба даўжэй. З «Дэпешамі», як мы можам бачыць, у «Карпарацыі» атрымалася і радасна, і своечасова. Але ў выпадку з амерыканскімі металістамі выяўляецца яшчэ адзін падводны камень: у Мінску сёння адсутнічае канцэртная пляцоўка, памеру якой хапіла б для канцэрта Metallica. «Дынама» зачынены на рамонт, буйных стадыёнаў у сталіцы не засталося, а тая ж «Мінск-Арэна» здольная змясціць максімум 12–13 тысяч фанатаў, што зрабіла яе самай маленькай пляцоўкай у мінулагоднім туры ўсё тых жа DM. Мінімальны кошт квіткоў пры такой колькасці гледачоў будзе настолькі высокім, што паездка на канцэрт каліфарнійскага квартэта ў Маскву ці Варшаву (нават з улікам адкрыцця візы!) наўрад ці будзе каштаваць больш. Адкладаем надзеі на Metallica ў Беларусі да ўзнікнення ў нашых шыротах дарагога пяцідзесяцітысячнага опэн-эйра.

«Ляпис Трубецкой»

Наўрад ці трэба яшчэ раз пераказваць усю гісторыю пра «чорныя спісы» дзеячаў культуры, якія, па словах прадстаўнікоў улады, не існуюць, што не перашкаджае ім загадкавым чынам працаваць. Беларускім фанатам «Ляпіса», зрэшты, не так і важна, існуюць гэтыя спісы ці не. Факт застаецца фактам: сёння канцэрты самага папулярнага беларускага гурта могуць адбывацца дзе заўгодна, але не ў Беларусі.

Скептыкі могуць зазначыць, што «Ляпіс» выглядае ў адным спісе з Radiohead і Metallica даволі недарэчна. Аднак жа колькасць беларускіх гледачоў, якія б хацелі наведаць канцэрт «Ляпісаў», пэўна, перакрыла б колькасць прыхільнікаў любога замежнага гурта. Скончым на пазітыўнай ноце. Будзем верыць, што калі «Ляпісы» змогуць наступны раз выступіць у Мінску, у горадзе ўжо будзе вялікі прыгожы стадыён.

Автор: Мікалай Янкойць / Ultra-Music

Группы: Ляпис Трубецкой, Radiohead, Madonna, Metallica, Arcade Fire, Tom Waits

Ваш комментарий

Войти через Вконтакте Войти через Facebook

Если у вас возникли проблемы с авторизацией, сообщите нам на support@ultra-music.com