Песні пераможцаў

Чэмпіянат свету па футболе ў Бразіліі набірае абароты. Вялікі футбол — заўсёды вялікае свята, а дзе свята — там і музыка. Ultra-Music не застаецца ў баку ад усеагульнага памяшальніцтва і прапаноўвае альтэрнатыўныя гімны для кожнай з краін-удзельніц турніра. Сёння — групы A і B.

Група А

Бразілія

За альтэрнатыўны гімн гаспадароў чэмпіяната адказныя еўрапейцы — галандская поп-каманда з 90-х Vengaboys. Песню «Aquarela do Brasil» напісаў адзін з самых яркіх кампазітараў Бразіліі Ары Бароза ў далёкім 1939 годзе. Версія Vengaboys упершыню выйшла як сінгл у 1997, але спецыяльна да мундзіаля галандцы перазапісалі песню нанова і знялі, бадай што, лепшы кліп на свеце.

div class="embed-responsive embed-responsive-16by9">

Харватыя

«Мы можам затушыць святло і запаліць цемру» — чым не дэвіз для зборнай Харватыі, зорная паўабарона якой можа з любога матча зрабіць яркую драму? Дзіўны, дзікі, каляровы гурт Let 3 з песняй пра пошук сёмага кантынента. Усё магчыма — тыя, каму харваты палюбіліся у 98-м, у гэтым не сумняваюцца ні кроплі. «Наш час толькі для нас, дык будзем самімі сабой».

Мексіка

Курчавы мексіканец Joel Jáuregui — сапраўдны прафесіянал у напісанні футбольных гімнаў. Для яго музыкі нават прыдумалі спецыяльную назву «фут-рок». Песня «Жыццё не тое без футбола» — першы вялікі хіт у кар’еры Хаэля, адзін з любімых спеваў футбольных фанатаў не толькі ў Мексіцы, але і ўва ўсёй Лацінскай Амерыцы.

Камерун

Самая вядомая песня самага вядомага камерунскага музыкі — аматары камерунскай музыкі могуць нават пакрыўдзіцца. Аўтару і выканаўцу Manu Dibango 80 год, самой песні «Soul Makossa» — 44, а гэта нават крыху больш, чым вечнаму Самуэлю Эта’о. Слова «makossa» на мове дуала значыць «я танчу» — можа, акурат гэта песня гучыць у галаве Самуэля, калі ён адзначае чарговы гол танцам ля вуглавога сцяжка.

Дарэчы, на відэа Ману Дзібанга падпявае вядомы ў былыя часы французскі тэнісіст Янік Ноа, сын камерунскага футбаліста Закары Ноа.


Група B

Іспанія

Пакуль іспанцы радасна сачылі за сваёй зборнай, якая шмат год упэўнена выйгравала ўсё, што магла выйграць, іх родная краіна пагружалася ў глыбокі крызіс. Цяпер яшчэ і са зборнай штосьці пайшло не так. Футбольныя фанаты, як вядома, людзі з пралетарыяту — каму, як не ім, прыйшоў час спяваць песні супраціву? У іспанскага гурта Ska-P якраз ёсць «Працоўны вальс»- самы вясёлы з усіх рэвалюцыйных гімнаў.

Нідэрланды

Рок-н-рол эйндховенскага гурта Peter Pan Speedrock хуткі, нібы Ар’ен Робэн, і магутны, як удар Уэслі Снэйдэра. Спевамі «We Want Blood» энергічныя галандскія фанаты змогуць папулярна распавесці сваім любімцам пра тое, што «аранжавым» ужо даўно трэба хоць разок выйграць чэмпіянат свету.

Чылі

Многія эксперты паспяшаліся загадзя пахаваць чылійскую каманду — калі гуляеш у адной групе з Іспаніяй і Нідэрландамі, лёгкага жыцця сапраўды чакаць не прыходзіцца. Але ветэраны чылійскага панка, Los Miserables, папярэджваюць: чырвоны певень спыняе бойку толькі тады, калі ён мёртвы. Магчыма, фанаты «чырвоных» яшчэ праспяваюць гэтую песню ў плэй-оф.

Аўстралія

У Аўстраліі, можа, пакуль і няма футбола сусветнага ўзроўню, ды і шанцаў на нявылет таксама няшмат. Затое ў іх ёсць AC/DC, у якіх любая песня гучыць як гімн.

Автор: / Ultra-Music

Группы: , , , , , , ,