Песні пераможцаў (частка 3)

Пакуль Чэмпіянат свету хуткім тэмпам набліжаецца да плэй-офа, Ultra-Music працягвае падбіраць альтэрнатыўныя гімны для ўдзельнікаў бразільскага футбольнага карнавала. У сённяшнім матэрыяле — групы E і F.

Група E

Францыя

Радыё-дыджэй, комік і спявак Себасцьян Патош, Глорыя Гейнар у мужчынскім абліччы, прапанаваў сваю правакацыйную песню «On Va La Foutre Au Fond» («Мы збіраемся скончыць глыбока») у якасці афіцыйнага гімна зборнай Францыі на гэтым чэмпіянаце, але яго варыянт не быў прыняты. Песня выдатная, таму мы выпраўляем несправядлівасць.

Швейцарыя

Які б цікавы склад Швейцарыя ні прывозіла на чэмпіянаты і якіх іспанцаў ні выйгравала б на групавых этапах, каманда застаецца ў «вечна перспектыўных». Чаго ж не хапае? Хард-рокеры Krokus з маленькага швейцарскага гарадка Залатурн ужо 40 год на вялікай сцэне, і яны дакладна ведаюць адказ на гэта пытанне: «Агонь — гэта ўсё, што табе патрэбна». І сапраўды, без аганьку ў вачах да фінала ніяк не дайсці.

Эквадор

Адзін з самых яркіх і вясёлых гуртоў Эквадора Papá Changó неабыякавы да поспехаў роднай зборнай. Да чэмпіяната рэггі-лаціна-аркестрык запісаў песню «Somos Uno» («Мы адно») — выдатны гімн для сваёй каманды, не самай моцнай, але ні ў якім разе не лішняй на свяце футбола. «Крык голаса і душы: Эквадор — чэмпіён!» — спяваюць фанаты трохкаляровых, і ўсім зразумела: нават калі каманда вернецца дадому ўжо пасля групавога этапа, ніхто яе не будзе за гэта ганьбіць.

Гандурас

Гандурас — месца найбольш шчыльнага згуртавання народнасці гарыфуна, так званых «чорных карыбаў», нашчадкаў карэнных жыхароў Анцільскіх выспаў, індзейцаў аравакі і чарнаскурых рабоў. Самыя вядомыя футбалісты зборнай Гандураса — Мэйнар Фігероа, Уілсан Паласіас — і многія іх партнёры па камандзе — сапраўдныя гарыфуна. Таму і ў якасці гімна для каманды выдатна падыходзіць песня «Yalifu» Аўрэліа Марцінэза — самага вядомага ў свеце выканаўцы ў стылі garifuna soul. Зразумець, пра што спявае Аўрэліа, наўрад ці дапаможа нават Гугл. Выйсці з групы гандурасцам дапаможа хіба што цуд.


Група F

Аргентына

Спонсар гімна для аргентынскай каманды — міжнародная анархічная групоўка Mano Negra. Нічога страшнага, што словы песні на французскай мове: футбол, як вядома, аб’ядноўвае. «Святы Марадона, маліся за мяне», — спявае Ману Чао разам са сваёй каляровай кампаніяй. Нагадаем, менавіта Марадона з капітанскай повяззю на плячы вёў сваю каманду да перамогі на мундзіалі-86 — апошнім, які выйгралі аргентынцы. Хуліганская песня выглядае куды больш дынамічна, чым гульня «альбіселестэ» на чэмпіянаце, але ў каманды яшчэ будзе час, каб выправіць гэту неадпаведнасць.

Боснія і Герцагавіна

У сваёй песні «Volio bih» («Я хацеў бы») баснійскі Dubiosa Kolektiv выказвае шматлікія надзеі і жаданні: каб з ураду злачынцаў выгналі, каб палестынцы жылі ў міры, каб у баснійскага народа карма палепшылася, ды і проста каб марыхуану можна было сеяць. А ў сваёй зборнай, згодна з песняй, вясёлыя баснійцы хацелі б пабачыць Раналда. Свайго Раналда баснійцы яшчэ не вырасцілі — але гэта і не страшна. У гісторыі каманды ўсё наперадзе; а пакуль праз пару дзён футбалісты вернуцца ў Сараева, як бы ім ні хацелася застацца ў Бразіліі.

Іран

Самы ціхі ў нашым спісе гімн ад іранскага гурта Kiosk. На самой справе, гэта вельмі сумная песня пра тое, як усё ў Іране ідзе не так. У нафтавай галіне — мафія, у цукровай — мафія, у музычнай — мафія, і ў футбольнай, канешне, таксама. Гульня зборнай Ірана амаль такая ж сумная, як сітуацыя ў краіне, і такая ж ціхая, як музыка Kiosk — але часам і настолькі ж вытанчаная. У іранцаў застаўся не такі і дрэнны шанец выйсці з групы — можа, гэта ціхая сумная песня дадасць персіянскім футбалістам некалькі заўзятараў ля экрана тэлевізара.

Нігерыя

Нігерыец Фела Куці — абсалютны чэмпіён у гісторыі афрыканскай музыкі, незвычайны джазавы музыка-мультыінструменталіст, стваральнік унікальнага стылю і бацька афрабіта. А яшчэ Фела быў палітычным актывістам і змагаром за правы чалавека і згуртаваў вакол сябе тысячы простых афрыканцаў. Як сказаў адзін журналіст, калі паспрабаваць аб’яднаць у адной персоне Чэ Гевару і Боба Марлі, атрымаецца Фела Куці. Смерць музыканта ў 1997 годзе стала сапраўднай нацыянальнай трагедыяй.

Зборная Нігерыі, як вядома, дзейны чэмпіён Афрыкі; пажадаем ім застацца ў памяці краіны такімі ж героямі, як Фела Куці.

Автор: Мікалай Янкойць / Ultra-Music

Группы: Sébastien Patoche, Krokus, Papá Changó, Aurelio Martinez, Mano Negra, Dubiosa Kolektiv, Kiosk, Fela Kuti

Ваш комментарий

Войти через Вконтакте Войти через Facebook

Если у вас возникли проблемы с авторизацией, сообщите нам на support@ultra-music.com