Сёння 13-годзьдзе святкуе берасцейскі гурт Sciana

Гурт Sciana ўтварыўся 1 жніўня 1999 года. Яго заснавальнікам стаў бубнач Аляксей Кузьняцоў. Менавіта ён сабраў усіх разам і запаліў ідэяй сумеснай працы.

«Чаму „Сцяна“? Проста, калі мы стварыліся, трэба было неяк назвацца. Была процьма варыянтаў, але Лёха прапанаваў „Стена“ – тады яшчэ па-руску. Мы нічога пад гэтым насамрэч не разумелі. Ужо потым пад гэта падвялі нейкую базу: сцяна — сімвал адзінства. Мы як цагліны ў сцяне. Для нас гэта не сімвал перашкоды, але менавіта адзінства», — казаў у інтэрвію «Музычнай газеце» басіст гурта Андрэй Клімус.

Першы час гурт граў усё: ад панку да джазу. Гэтыя творчыя эксперыменты былі «ўвекавечаныя» ў малавядомых альбомах «Суб’ектывізм» і «Рулет». У 2001 годзе ў склад каманды трапілі саксафаніты Ільля Дмуха і Алесь Мікалайчык. Менавіта з таго часу галоўнай адметнасцю гурта стала спалучэнне жорсткага гітарнага драйву і мелодыкі саксафону.

«Сэнс нашае творчасці — у пошуку, у пошуку новага, незвычайнага, у няспынным руху наперад», — казалі музыкі і менавіта гэтыя словы сталі агульным credo для гурта. Запісаны ў 2002 годзе альбом «Рыфмы лёсаў» стаў першым паўнавартасным запісам гурта, які быў выдадзены мінскім выдавецтвам Limas.

2003 год стаў для гурта годам перамогі на «Басовішчы» — гэта атрымалася толькі з другой спробы, затое пасля гэтага Sciana стала прапісалася на сцэне легендарнага фестывалю як адзін з хэдлайнераў. Удалым для Sciana стаў удзел і ў трыбьюце на гурт N.R.M. «Viza NRM». Кавэр на песню «Я еду» стаўся, паводле словаў саміх «энэрэмаўцаў», лепшым за арыгінал.

Чарговай перамогай для «Сцяны» стаў удзел у фэсце «Генералы айчыннага року» ў красавіку 2004 году. Заняўшы 2-е месца ў конкурснай частцы, гурт атрымаў права на здымкі кліпу. Першы кліп гурта на песню «Можна быць» з’явіўся напрыканцы 2004-га. У 2006-ым гурт удзельнічае ў «Рок-каранацыі», пачынае актыўна канцэртаваць па Беларусі.

26 лютага 2010 года ў гурта выйшаў доўгачаканы альбом «Кропка вяртання», запісаны ўжо з новым саксафаністам Яўгенам Лук’янчыкам. У 2011 Sciana перамагае ў польскім фэсце Rock Noca. Бягучы год запомніцца турам гурта па гарадах Беларусі, Украіны, Польшчы і Нямеччыне, а напрыканцы ліпеня Sciana прыняла ўдзел ва ўкраінскім фэсце «Краще місто», дзе выступіла разам з Evanescence, The Rasmus, Appolo 440, White Lies і іншымі вядомымі зоркамі.

Цяпер гурт працуе над новай праграмай. «Складана сказаць, наколькі гэтая праца будзе кардынальна адрознівацца ад таго, што рабілі раней. Але мы ўсю новую праграму рыхтуем разам з электроннымі музыкамі, яны будуць дапамагаць нам сэмпламі. Мне здаецца, што гэты матэрыял будзе адрознівацца ад таго, што чулі нашыя слухачы раней. Гэта будзе новая Sciana», — кажа вакаліст і гітарыст гурта Павел Прохараў. Плануецца, што ў альбом войдзе 10-12 трэкаў.

Автор: / Ultra-Music

Фото: Zhanna Deyneka

Группы: