Аляксандр Куллінковіч: «Чытайце больш кніг!»

Канцэрт Neuro Dubel, аднаго з самых вядомых у Беларусі гуртоў, прайшоў у віцебскім бітлз-клубе «Паддашак». На інтэрв’ю яго лідэр Аляксандр Куллінковіч згадзіўся без асаблівых ваганняў. Казаў шчыра, словаў не вышукваў. Пра ўсё — як ёсць.

Neuro Dubel

— Аляксандр, скажыце, калі ласка, якое, па вашым меркаванне, займае зараз месца гурт Neuro Dubel у беларускай музычнай альтэрнатыўнай прасторы?

— Я думаю — № 1. Ведаеце, калі быў жывы N.R.M. у складзе з Вольскім, то я шчыра, ні ў якім сэнсе не прыніжаючы сябе, лічыў, што — гэта № 2. Зараз, не прыніжаючы ні сябе, ні сённяшні калектыў N.R.M., я лічу, што на альтэрнатыўнай сцэне Neuro Dubel — гурт № 1.

— А як жа «Ляпісы»?

— Ну… «Ляпис Трубецкой» не проста № 1 — а № 1 з вялікай лічбай. Але ж вы ведаеце, што «Ляпис Трубецкой» зараз вымушаны не іграць у Беларусі, таму я не абмяркоўваю іх як канкурэнтаў. Калі браць іх ва ўлік, то безумоўна «Ляписы» — № 1.

— У свой час у Neuro Dubel былі нялёгкія часы. «Чорныя» спісы, забароненыя канцэрты… Як справы зараз?

— Усё добра. Нам ніякіх забаронаў ніхто не чыніць. Там, дзе мы хочам іграць, — мы іграем. Куды клічуць — мы прыязджаем і абмяркоўваем з арганізатарамі пытанні наконт канцэрта, а не пытанні забароны. Я лічу, што ўсё добра.

— Што ж чакаць прыхільнікам «Дзюбеляў» у будучым, калі з’явілася спрыяльныя ўмовы? Нечага новага?

— Прыхільнікам Neuro Dubel варта чакаць старога, а не новага. Мы ўсім калектывам вырашылі: хопіць, надакучыла пісаць новыя песні, на якія мы забываемся праз паўгады. У нас занадта шмат песняў. Мы сыгралі іх некалькі разоў і забыліся на іх. Мы азірнуліся на тое, штоў нас было. Мы збіраемся падымаць старыя песні, якія былі 15–20 гадоў таму… І з іх скласці праграму.

— Усё ж такі можна чакаць новага — новага афармлення старога матэрыялу?

— Можна. Для многіх гэта так і будзе. Бо ў нас, як у любога нармальнага гурта, ёсць прыхільнікі, якія кажуць, што слухаюць нас год ці паўгады… Для іх альбом «Ромашка» 1992-га года — гэта пусты гук, які нічога не значыць. Яны яго нават слухаць не будуць. Паставяць яго, паслухаюць, што ён запісаны левай нагой, на левай апаратуры, за бутэльку гарэлкі… А песні ў тых альбомах былі добрыя. Таму мы хочам іх перарабіць, пераасэнсваць. Вядома, у сённяшнім гучанні калектыву некаторыя песні проста не гучаць. У некаторых нейкая яркасць з’явілася. Мы хочам гэтую яркасць дадаць у старыя песні.

Але гэта не значыць, што ў нас крызіс жанру. У нас гэтага няма і не будзе. На адным з крайніх канцэртаў мы сыгралі песню «Я принёс тебе „ура“». Я столькі водгукаў атрымаў і на электронную пошту, і sms-камі! «Я так даўно не чула гэтую вашую песню! Я так марыла!». А песня — старая, і стала зразумела, што мы — на правільным шляху.

— Тады чакаем вас у Віцебску з новай праграмай. Дарэчы, а калі Neuro Dubel выступаў тут апошнім разам?

— 3 гады таму ў Летнім амфітэатры. Здаецца, гэта быў фестываль «Песні роднай зямлі», які рабіла СТС… Мы гралі сумесна гралі з «Би-2», «Ляпис Трубецкой», J:морс… Быў вялікі канцэрт…

Neuro Dubel

— А чаго чакае гурт і вы асабіста ад сённяшнягя, ды і ад кожнага канцэрта?

— Я вельмі хачу, каб прыйшлі, прыходзілі людзі. Мы абмяркоўвалі з гукааператарамі, што невядома, па якіх прычынах людзі ходзяць ці не ходзяць на канцэрты. Столькі мы разоў ігралі па-за Мінскам, і не зразумела… Іграем — на канцэрт прыходзіць 15 чалавек, а іграем праз 15 дзён прыхозяць 500, умоўна… І прычыны незразумелыя.

— І ўсё ж такі нейкія роздумы на гэты конт ёсць…

— Колькі разоў мы ігралі на рэгіёнах, і хутчэй за ўсё, гэта благая рэклама. Як правіла арганізатар лічыць, што калі гурт з іменем, то ў любым выпадку на яго прыйдуць. Таму і рэкламу даваць неабавязкова. А насамрэч, гэта няпраўда: рэкламаваць трэба і «Ляпис Трубецкой», і каўбасу… «Цыганская пошта» спрацоўвае не заўжды… Праз сацсеткі?.. Я ведаю, што большая частка прыхільнікаў Neuro Dubel не тое што не карыстаецца сацсеткамі, але яна іх не вельмі любіць.

— На афіцыйным сайце гурта напісана, што Neuro Dubel — добры моцны сямейны калектыў… Якое месца вы займаеце ў ім — маці, тата?

— Я — глава сям’і.

— І ў гурце слухаць главу сям’і? Вашыя словы безумоўна выконваюцца?

— Я спадзяюся, што так. Прынамсі, іншых выпадкаў не было.

— Аляксандр, гэтае пытанне задавалі вам не раз. Вы ўжо доўгі час працуеце ў галоўнай дзяржаўнай газеце Беларусі — «СБ-Беларусь сегодня». Якім чынам вы там сябе адчуваеце?

— Мне там вельмі ўтульна. Я раблю тое, што я рабіў заўсёды, што я звыкся. На мяне ніхто не цісне, няма ніякай цэнзуры. Я не хаджу на працу, проста пішу артыкулы, адсылаю іх…

— А пра што пішаце?

— Як кажуць, што бачу — тое спяваю. Напрыклад, магу нават напісаць пра гэты раяль. Калі мяне прымалі на працу, сказалі: «Пішы, пра што хочаш». Плынь свядомасці. Да мяне няма ніякіх патрабаванняў. Я не пішу пра палі, пра камбайнёраў… Таму калі на мяне ў свой час цэбары дзярма паліліся… Я проста такога не разумею.

— Такім чынам, вы лічыце абсалютна нармальным: з аднаго боку спяваць песні, якія непахвальна адгукаюцца пра сённяшні стан ў краіне, а з іншага — быць калумністам «СБ»?

— Вы крыху не маеце рацыі. Бо я не пішу песні, якія непахвальна адгукаюцца пра некага. Мяне даўно задрала, я б нават сказаў — за*бала, такія песні пісаць. Я не ўмею пісаць песні пратэсту. Рабіце са мной, што хочаце: біце мяне, *біце мяне ўчацвярох… Я не магу. Я пішу песні пра дураслівых, пра вар’яцкіх, пра добрых, пра злых, пра піва, пра каханне да жанчыны… А тыя рэчы, якія некалькі разоў праслізгвалі… Кожны чалавек успрымае песню, як ён яе жадае, бо музыкант, калі піша тэкст, кадзіруе яго… І калі з’яўляецца чалавек з падобным кодам, то ён здольны яе раскадзіраваць. Напрыклад, у мяне ёсць песня «Край». Яе ўспрымаюць, як песню апазіцыйную. Прыпеў: «Край… Мне незнаёмы. Край па дарозе дадому». А песня, насамрэч, прысвечана майму сябру, які памёр. Гэта той «край», куды сышоў гэты чалавек… Разумееце? Я проста працую ў «СБ». І для мяне вельмі важна, што мае артыкулы чытае 400 тысяч чалавек. І тыя лісты, якія я атрымліваю ад хатніх гаспадынь, ці ад маладых людзей 20-ці год: «Малайчына! Цудоўна сказаў! Паловы, праўда, не зразумеў, але пра гэта цудоўна сказаў!» Дзеля чаго ж яшчэ патрэбна жыць? Для чаго патрэбна ствараць?

Neuro Dubel

— Давайце вернемся да Neuro Dubel. Які альбом ваш самы любімы? Усе, а можа — ніводнага?

— Не магу сказаць, што ўсе. Але ёсць некалькі альбомаў, якія асабліва любімыя: «Афтары правды», «Stasi»… Але ёсць адзін альбом, самы-самы мой любімы. Гэта вяртаючыся да таго, што ў нас ёсць намер перазапісаць старыя песні. Гэта альбом «Битва на мотоциклах». Мне падабаецца там кожная песня. Толькі яны блага запісаны, бо пісаліся яны ў маёй кватэры, на бабіннік, заўсёды ў жудасна п’яным стане… Як правіла, удваіх з маім бэк-вакалістам Юрам Навумавым. Сядзелі, налівалі ў шкляначку «Туземскі» ром, як зараз памятаю, і пісалі песні. Я вельмі хачу гэты альбом перазапісаць.

— Аляксандр, вы так рамантычна пра ўсё гэта кажаце… Няма шкадавання пра тую рамантыку, рамантыку маладосці?

— Не. Няма шкадавання, суму па рамантыцы, ёсць шкадаванне па ўзросце. Здараецца падчас размоў з бубначом Андрэем Сцепанюком ён кажа: «О-о-о! Ды ў 1995-м годзе ўсё было значна лепш, чым зараз…» Я кажу: «Андрэй!.. Тады ты быў маладзейшы на 18 год, і самота ў цябе толькі па гэтым». Зараз усё больш крута, больш дорага… Ёсць самота па ўзросце. Думаю, яна ёсць ва ўсіх людзей.

— Зараз ты сталы чалавек. У цябе ёсць сын. Як, дарэчы, Саша адносіцца да тваёй музыкі?

— З вялікай павагай.

— Можа быць, напрыканцы размовы нейкія пажаданні віцебскім слухачам, Віцебску?

— Напэўна, у мяне падобныя пажаданні амаль заўсёды. Усім людзям. Чытайце больш кніг! Шыкоўная фраза, якую я калісьці прачытаў: «Людзі, якія чытаюць кнігі, заўсёды будуць кіраваць тымі, хто глядзіць тэлевізар». І яшчэ адна фраза, якую я сам выпадкова сказаў і якая мне чамусьці вельмі спадабалася: «Думайце пра тое, каб добрым быў вечар, а не добрая раніца».

Источник: Алесь Замкоўскі / Vitebsk4Me

Фото: Дзіма Лось

Группы:

Комментарии: 5
  • Вот кстати да. «Битва на мотоциклах» — отличнейший альбом. Первый альбом Дюбелей, который услышал. Уже и не вспомню когда даже, 96-97… «Дети Убили Четырёх», «Смелая фамилия моя», «Радость бытия» обожаю.

  • Интересно послушать старые переработанные песни, так как в оригинале они и так супер:-)

  • Человек просто устал…

  • Eum:

    большое уважение Кулинковичу. Всегда простой, доступный, искренний, настоящий.

  • Добрае і цікавае інтэрв’ю! Аляксандр, як заўсёды, гаворыць шчыра, смела, з душою!