Алесь Кот-Зайцаў: «BosaeSonca у 2006 годзе і BosaeSonca сёння — гэта дзве абсалютна розныя каманды»

Для гурта BosaeSonca 2013 год быў вельмі прадуктыўным. Музыкі выпусцілі дзве плыткі, якія апынуліся сярод лідараў на сайце experty.by, і намінаваліся на першую прэмію па выніках году — па версіі партала «Тузін Гітоў». Пра тое, чаму другі альбом спачатку планавалі выкласці «Вконтакте», калі будзе паўнавартасны канцэрт і што зараз з праектам KilFil, Ultra-Music распавёў лідар BosaeSonca Алесь Кот-Зайцаў.

Алесь Кот-Зайцаў

«У першым альбоме мы намагаліся нешта з сябе выцягнуць, зрабіць супермодна, актуальна»

— Нядаўна вы былі намінаваны на першую для вас прэмію «Героі году». Якія шражанні ад гэтага?

— Мне прыемна, што такое ўвогуле існуе ў Беларусі і дагэтуль мае актуальнасць, што ёсць людзі, якія гэтым займаюцца і якім гэта патрэбна. «Тузін Гітоў» узваліў на сябе, на мой погляд, вельмі «стрёмную» функцыю — цягнуць выключна беларускамоўную музыку. Калі ў дзевяностыя гады беларускае змагарства вітала ў паветры з песнямі N.R.M., «Новага неба», Ulis, то сёння ўзнікае пытанне: як дзяліць беларускамоўную і не беларускамоўную музыку? Але партал «Тузін Гітоў» дагэтуль існуе, больш таго, ён ладзіць узнагароду «Героі году».

— Гэта быў ледзь не першы выступ BosaeSonca у акустыцы.

— Мы выступалі з маленькім сэтам як адмысловыя госці, таму цянуць на сябе коўдру і казаць: «Мы запалілі залю!» — не варта, але здаецца мы парадавалі публіку прыгожым ціхім гукам.

Дарэчы, у мяне шмат на «Героях» карэспандэнты пыталіся аб тым, што далей будзе рабіць BosaeSonca — працаваць у акустыцы ці вернецца да электрычнасці. Бо першы альбом быў электрычны, другі абсалютна акустычны, і, здаецца, на другі была рэакцыя больш пазітыўная. Я знайшоў адказ.

— Які?

— Мы будзем гучаць як мы. Гэтаму нас навучыў другі альбом, бо ў першым мы намагаліся нешта з сябе выцягнуць, зрабіць модна, актуальна, нейкіх фішак дадаць. Якія, мабыць, былі прыцягнутыя да ўсяго гэтага звонку з мэтай стрэліць і прыцягнуць увагу.

— А як было з другім альбомам?

— Другі альбом мы ўвогуле не планавалі як альбом. Мы пайшлі ў студыю, селі і зайгралі. То бок гэта былі мы як мы, без аніякіх выдумак, без аніякіх вынаходніцтваў. І гэта прыцягнула ўвагу і было ацэнена. З гэтага варта зрабіць высновы, што трэба быць сабой. Тут не столькі важна, граць з гітарай і скрыпкамі ці граць з барабанамі і электрагітарамі, я зараз ужо ведаю, як мы мусім гучаць у любой іншай фармацыі.

Алесь Кот-Зайцаў

«Крытыкі крытыкамі, але хочацца пабачыць рэакцыю публікі»

— Ваш другі альбом крытыкі вельмі хваляць. Самі адчуваеце, як выраслі?

— Мы зрабілі прарыў у плане таго, што нас заўважылі крытыкі. Вельмі нечаканая і прыемная для нас сітуацыя, калі амаль няма кепскіх водгукаў пра альбом. Крытыкі крытыкамі, але хочацца пабачыць і рэакцыю публікі. Такой магчымасці пакуль практычна не было.

Так, былі нейкія выступы пасля выхаду альбому, невялічкія прэзентацыі — у «Графіці», у кнігарні «ЛогвінаЎ», але гэта больш падобна на нейкія вячоркі, дзе збіраецца не шмат людзей. Зразумець, наколькі публіка ўспрыняла і наколькі павялічылася наша аўдыторыя, пакуль што цяжка. Мы задумалі ўвесну 2014 года зрабіць адносна вялікі канцэрт BosaeSonca у нармальнай зале, з нармальным гукам, святлом — паўнавартасны канцэрт. Магчыма, гэта будзе малая зала канцэртнай залі «Мінск». Там Вайцюшкевіч выступаў, «Дзецідзяцей» — ужо намолена. Але, можа быць, гэта будзе і клуб. Адно дакладна: хочам стварыць атмасферу, якая б дапамагала людзям менавіта слухаць, цалкам успрымаць музыку, а не толькі піва ў бары і драйв танполу.

Ну, і паглядзім, як збярэцца зала. Гэта і будзе адзнакай: прарыў мы зрабілі ці не прарыў.

— BosaeSonca пачыналася як студэнцкі бардаўскі гурт. Як прыйшлі да рокавага гучання і змянілі напрамак?

— Ведаеце, шмат хто з беларускіх музыкаў грае, развіваецца і кожны этап абзывае новым гуртом. Змяняецца склад гурта — прыходзіць новая назва, змяняецца стыль — прыходзіць новая назва і гэтак далей. У мяне адбылося інакш. Ад самага пачатку было BosaeSonca, і сёння гурт таксама называецца BosaeSonca. Хаця, канешне, BosaeSonca у 2006 годзе і BosaeSonca сёння — гэта дзве абсалютна розныя каманды. У пэўнай ступені нават з рознымі лідарамі.

— Але чаму вы не змянілі назву?

— Усе змены рабіліся вельмі плаўна, таму не было патрэбы і жадання мяняць назву і аўдыторыю карэнным чынам.

Але змены кардынальныя адбыліся. Калі я пачынаў граць і абзываць гурт BosaeSonca, гэта быў студэнцкі дуэт мяне і скрыпачкі Сашы Баброўнік, з якой мы вучыліся разам ва ўніверсітэце. Тады не было ніякіх амбіцый і намераў займацца музыкай прафесійна. Але так склалася, што мой асноўны занятак менавіта музыка, і на сёння гэта мая, па сутнасці, прафесія.

— У чым прычыны кардынальных зменаў?

— У творчасці BosaeSonca адлюстроўвалася тое, што мне было цікава ў пэўны перыяд жыцця. Была цікавая рок-музыка, я рабіў рок-музыку, была цікавая акустычная музыка, рабіў акустычную музыку. І толькі апошнія пару гадоў BosaeSonca перарасло ў больш сур’езную адзінку і, мабыць, знайшло свой твар, сваё гучанне і стыль. Да таго ж цяпер у гурце граюць такія музыкі, што нас пэўна можна назваць прафесійным калектывам.

Алесь Кот-Зайцаў

«„Адпусці“ планаваўся як live, які мы выкінем для праслухоўвання „Вконтакте“»

— Каб запісаць першы альбом, вы чакалі шэсць гадоў. Другая плытка выйшла праз паўгады пасля першай. Гэта такая стратэгія?

— Так атрымалася. Але ў гэтым ёсць і рысы стратэгіі: мы адчулі, што прыспеў час. Першы альбом мог з’явіцца, канешне, раней. Насамрэч, першапачаткова, калі мы пасля шасці гадоў працы прыйшлі да таго, што трэба выдаваць і запісваць плыткі, мы сябе ўсвядомілі як калектыў, які адбыўся, які робіць пэўны творчы прадукт. Як толькі мы да гэтага прыйшлі, матэрыялу было столькі, што можна было выдаваць адразу тры альбомы.

Выданне першага альбому зацягнулася таму, што не было ніякага досведу, як што рабіць, плюс, як заўжды, фінансавыя праблемы — усё рабілася з уласнай кішэні. «Залаты альбом» мог з’явіцца на год раней. І ён навучыў нас, што не трэба зацягваць, таму другую плытку мы адразу селі і запісалі.

— Вы запісалі яго яшчэ ў лютым: нават тады ў інтэрв’ю казалі, што ён ужо гатовы.

— Астатнія паўгады — дапрацоўкі па постпрадакшану. Альбом не ляжаў на паліцы нават двух дзён. Як заўжды, дараблялася ўсё ў апошні момант, і я з майстэрынга забраў альбом і адразу, нават паслухаўшы толькі ў машыне, пакуль вёз, аддаў у тыраж на Vigma.

— Але спачатку «Адпусці» вы хацелі «Вконтакте» выкласці.

— Было такое. Гэта быў live, і калі мы толькі ішлі ў студыю пісаць яго, то не ведалі, наколькі якасны атрымаецца запіс. Запісвалі ўсё на студыі Беларускага радыё, гэта быў эксперымент: быў намер запісаць усе старыя і частку новых песен у unplugged-гучанні. Гэтую праграму мы зрабілі як канцэртную, звазілі яе на фестываль «Бардаўская восень» у 2012 годзе, прыехалі ў Мінск і падумалі: «Вось канцэртная праграма, досыць цікавая. Трэба яе запісаць».

Таму была думка, што будзе нейкі live, які мы выкінем для праслухоўвання «Вконтакте», і на гэтым кропка. Але калі пачалі рабіць постпрадакшн, глядзець, што атрымліваецца, убачылі, што ўсё класна гучыць. Вырашылі аддаць на нармальнае звядзенне і майстэрынг і дапрацавалі да паўнавартаснай плыткі.

— Песні, на якія вы рабілі стаўкі, стрэлілі? Ці атрымалася зусім не так, як вы думалі?

— Атрымалася так, як я думаў. У мяне былі свае фаварыты з гэтай кружэлкі, напрыклад, песні «Псіхіатрычная», «Неба», яшчэ пара песен. Яны, гледзячы па рэцэнзіях, якраз і стрэлілі.

— Кампазіцыі, пра якія вы кажаце, напісаныя на вершы Анатоля Сыса. Чаму менавіта яго выбралі?

— Там была свая гісторыя. Мы збіраліся з Сяргеем Долгушавым, маім сябрам, які грае ў гурце Fratrez, зрабіць цэлы альбом на вершы Сыса. Сяргей напісаў пару песен і прыйшоў да BosaeSonca з прапановай: «Давайце зробім аранжыроўкі разам і запішам альбом». Тады я падумаў, што да альбома не хапае матэрыялу, трэба напісаць яшчэ некалькі песен. Я ўзяў томік Сыса, пачаў чытаць і напісаў дзве кампазіцыі.

Альбом на Сыса мы так і не зрабілі, але гэтыя песні атрымаліся моцныя, на маю думку.

— Паэзія Сыса досыць складаная: ён шмат чаго перадае графічна.

— Так. Я спрабаваў увасобіць гэтыя графічныя сродкі. Спадзяюся, Сыс на мяне б не пакрыўдзіўся за тое, што атрымалася.

Алесь Кот-Зайцаў

«За год, што мы знаходзімся ў розных кропках, мы выдалі два альбомы, адыгралі лепшыя канцэрты»

— У 2012 годзе вы казалі, што хочаце нават кінуць BosaeSonca. Але потым вырашылі гэтага не рабіць…

— Насамрэч, быў момант: я не ведаў, як далей працаваць з гуртом. Адна справа, калі кожны тыдзень адбываюцца рэпетыцыі, мы збіраемся, граем… Іншая справа, калі адзін музыка жыве ў Празе, другі — яшчэ недзе, трэці — яшчэ недзе. Я не ведаў, ці атрымаецца нешта. І ясна, што гэта не камерцыйны праект, і зрабіць нават канцэрт — гэта ўжо выдаткі як мінімум на тое, каб прыехаць у Мінск.

Але за год, што мы знаходзімся ў розных кропках, мы выдалі два альбомы, адыгралі лепшыя канцэрты за ўсю гісторыю BosaeSonca. Таму зараз іншае пытанне: адлегласць перашкаджае ці дапамагае?

— Як вырашаеце праблему графіка рэпетыцый?

— Збіраемся па меры магчымасцяў. Некаторыя песні з «Адпусці» былі зробленыя менавіта дыстанцыйна. У BosaeSonca ужо столькі людзей памянялася, і апошні склад… Я баюся назваць яго ідэальным, але мы адзін аднаго разумеем вельмі моцна і ў творчым плане супадаем калі не на 100, то на 90 адсоткаў. Таму, мабыць, і атрымліваецца працягваць.

Канешне, столькі ж я ўкладаю ў гурт Fridance, з якім працую ў Маскве. Але там іншая сітуацыя. Ты трапляеш у іншую атмасферу, і пішуцца зусім іншыя песні. Гэты гурт — новы глыток паветра для мяне, новы усплёск адрэналіну ў пэўным сэнсе.

—Але што здарылася з KilFil?

— KilFil мы зараз пакінулі як пэўную старонку ў жыцці. За год мы прыцёрліся адзін да аднаго, зразумелі, хто чаго чакае ад гэтай творчай супрацы, і прыйшлі да высновы, што мы хочам рабіць усё крыху па-іншаму. Зараз ёсць новы гурт Fridance. Ужо можна паслухаць яго запісы, ёсць live з нашага канцэрта: мы гралі на разагрэве спевака Yoav. Па маіх уласных адчуваннях, тое, што мы пачалі рабіць зараз, больш сапраўднае і класнае.

— Колькі існуе Fridance?

— Прыкладна з восені гэтага году. Мы працуем над новымі песнямі, яшчэ не выдавалі студыйных прац, але, думаю, што ў хуткім часе яны будуць.

— Значыць, у Беларусь вяртацца не плануеце?

— Я не адчуваю сябе адарваным ад Беларусі: тут я бываю вельмі часта, ёсць BosaeSonca, якое мяне тут трымае. Ды і ўвогуле пытання «Вяртацца ці не вяртацца?» я перад сабой не бачу, бо неяк няма ўнутранага адчування, што я кудысьці знік, з’ехаў. Я займаюся тым, што вельмі моцна люблю, відаць, таму цалкам адчуваю сябе на сваім месцы, нават знаходзячыся паміж двух гарадоў. А пераезды, вандроўкі, новыя людзі і месцы — як для мяне, то гэта такі прыемны бонус прафесіі музыкі.

Автор: / Ultra-Music

Фото: Полина Шарай

Группы: , ,