Like a Gossamer: «З аднадумцамі ў Беларусі праблемы, хоць людзей з музычнымі інструментамі ў руках навокал шмат»

Альбом «Клятва вернасці» гурта Like a Gossamer пазіцыянуецца як унікальны праект, які спалучае ў сабе ажно тры віды мастацтва. Карэспандэнт Ultra-Music сустрэўся з музыкамі гурта — лідарам Дзянісам Голіным, паэткай Аленай Жукавай і удзельнікам Favourite Mirror Арцёмам Буселам, які ствараў шума-гукавыя кампазіцыі, каб пагаварыць пра гісторыю і перспектывы фолку ў Беларусі.

Like a Gossamer

«Сама Брытні з намі пакуль не звязвалася»

— Ваш альбом створаны на мяжы трох жанраў — музыкі, графікі і паэзіі. А ці могуць гэтыя часткі існаваць самастойна, адно без другога?

Алена: Мы ўсведамляем гэты альбом менавіта арт-праектам. Таму, напэўна, яго патэнцыйны спажывец шмат страціць, калі будзе слухаць выключна музыку ці глядзець толькі малюнкі, або чытаць вершы. Гэта не адарваныя, адасобленыя творы, якія былі пасля злучаныя ў адно. Малюнкі і вершы пісаліся адмыслова для альбома. Калі казаць пра музычны складнік, то менавіта буклет з вершаміі і манатыпіямі Кацярыны Філіст дазваляе глыбей зразумець канцэпцыю «Клятвы вернасці» і пранікнуцца нашай творчай задумай.

Арцём: Я думаю, што ўсе магчыма, у тым лiку i ваша прапанова. Гэта залежыць ад фантазіі слухача.

Дзяніс: Але тады атрымаецца нейкі фармальны падыход. Тэарэтычна ўсё можна раскласці на драбнейшыя адзінкі. А ў нас атрымалася нейкая сінэргія, так бы мовіць.

— Ідэя альбома ў адной фразе — «падарожжа праз месца і час»?

Алена: Гэта метафара пошукаў, самаідэнтыфікацыі.

Дзяніс: Падарожжа ўнутр сябе з пэўнай мэтай — дайсці да роднай зямлі, скажам так.

— Няўжо наша родная зямля так далёка, што да яе трэба ісці?

Дзяніс: Мы ходзім па ёй, але часцяком, як і наш лірычны герой, не ўсведамляем сваёй прыналежнасці. Таму альбом яшчэ і пра пошукі сябе і свайго месца ў гэтым свеце.

Алена: Натуральна! Калі паглядзець на легенды і гістарычныя факты, якія ляглі ў аснову альбому, то можна адкрыць для сябе штосьці новае. Канешне, гісторыкі ведаюць пра гэта болей, але наша мэта была данесці інфармацыю ў дасціпнай форме і мастацка пераасэнсаваць яе.

— Магчыма, ваш альбом дапаможа маладому пакаленню знайсці сваі карані. Ці ўжо дапамог?

Арцём: Добра, калі людзі пачынаюць шукаць свае карані як мага раней. Музыка можа стаць правадыром на гэтым шляху.

Алена: Калі запытацца нават не ў шэраговага «прасунутага беларускага беларуса», то можа высвятліцца, што ў біяграфіі таго ж Усяслава Чарадзея шмат белых плямаў… Гэта не кажучы пра тое, што напэўна мала хто быў у Залессі Агінскага. Перад намі вялікі беларускі куфар, і калі дзякуючы нам хтосьці захоча больш дазнацца пра ягонае багацце, гэты рэліз адбыўся не дарэмна.

Дзяніс: Але не толькі маладому! Альбом атрымаўся мастацкі спелым у пэўным сэнсе.

— Значыць, і старэйшае пакаленне не ведае пра Усяслава?

Алена: Адкуль жа ім ведаць? Фактычна выкладанне беларускай гісторыі пачалося ў пачатку 90-ых гадоў. Нашыя бацькі і іх аднагодкі не вучылі яе ў школах і ўніверсітэтах, таму нам ёсць што ім распавесці, асабліва калі яны любяць добрую і разнастайную рок-музыку. Наконт прэцэдэнтаў: пакуль так гучна казаць цяжка, бо альбом толькі нядаўна з’явіўся ў продажы. Але выклікаў пэўны розгалас, і знайшліся нават расейцы, якія захацелі прыдбаць дыск у свае музычныя калекцыі. Падкрэслю, што гэта не толькі адукацыйны, але і мастацкі праект.

— Навошта расейцам наша гісторыя?

Дзяніс: Мы ж у альбоме не пра нейкую лакальную, каланіяльную ці іншую местачковую гісторыю распавядаем. Жыхары іншых краінаў могуць зацікавіцца праз альбом і сваёй гісторыяй, і гісторыяй суседзяў, што і адбываецца.

Алена: Іх цікавіць мастацкі складнік, ім цікава спасцігаць тую культуру, з якой яны знаёмыя мала.

Дзяніс: Можам назіраць пранікненне культур. Напрыклад, кампазіцыя «Заклятая гара» распавядае легенду, пашыраную на Беласточчыне, а дзея ў ёй адбываецца недзе пад Варшавай.

— Я знайшла навіну аб вашым альбоме нават на партале My Britney. Няўжо рэліз выйшаў такім гламурным?

Дзяніс: Гэта быў і для нас сюрпрыз. Зрэшты, калі альбом і не гламурны, дык вытанчаны — дакладна.

Алена: Насамрэч, гэта нейкі прыкол. Як патрапіла навіна на гэты рэсурс, нам невядома. Сама Брытні з намі пакуль не звязвалася :) Але калі хтосьці з яе фанатаў пасля навіны пра «Клятву вернасці» распачне слухаць прагрэсіў метал, фолк і медываль, мы толькі «за».

Дзяніс: Адназначна!

Like a Gossamer «Клятва вернасці»

«На беларускай сцэне і так мала якаснай і разумнай музыкі»

— Вы доўга ішлі да выхаду альбома — пяць гадоў. Ці бывала так, што хацелася ўсё кінуць?

Дзяніс: Скажам так, хоць падарожжа атрымалася і працяглым, але захапляльным. Збочыць з дарогі было проста немагчыма. І канешне, нельга было не падзяліцца ўсім гэтым багаццем са слухачамі. На беларускай сцэне і так мала якаснай і разумнай музыкі, таму хаваць скарб у зямлю было б злачынным.

Алена: Падчас працы над альбомам гурт страціў некалькі сваіх удзельнікаў: хтосьці з’ехаў, хтосьці наогул перастаў займацца музыкай. Але знаходзіліся новыя аднадумцы. Напрыклад, Арцём Бусел з гурта Favourite Mirror, які далучыўся на заключным этапе працы над дыскам і стварыў незвычайныя шума-гукавыя кампазіцыі, якіх раней ў нас не было і быць не магло.

— Нарыклад, пляск русалкі ў возеры?

Дзяніс: Так, праз soundscape composition у альбоме з’явіўся яшчэ адзін вялікі пласт вобразнасці. І эмацыйнасці.

Алена: Калі мы бачылі, як Арцём гэта робіць, як малюе Каця, то вельмі натхняліся і рабілі ўсё магчымае, каб дыск быў якасна выпушчаны, а не стаў выкінутымі ў сеціва трэкамі, якія праглынуць соцсетачкі.

— Ці быў у лірычнага героя-фалькларыста рэальны прататып?

Арцём: Я лічу, што кожны слухач у той або іншай ступені можа пазнаць сябе ў гэтым падарожніку.

Дзяніс: Гэта абагульнены вобраз, канешне. На месцы нашага падарожніка мог легка апынуцца і Андрэй Беларэцкі, і герой «Шлахціца Завальні», і Язэп Драздовіч або Напалеон Орда… Карацей, з аднаго боку, наш альбом — гэта даніна павагі ўсім тым Героям (гістарычным асобам), якія так ці інакш спрычыніліся да беларускай справы. І кожны можа далучыцца да іх ды пайсці гэтым шляхам. Але, як зазначыў Арцём, усе мы тыя вандроўнікі.

Арцём: Я сапраўды разам з героем здзейсніў займальнае падарожжа, калі працаваў над альбомам

— А хто займаўся зборам легенд?

Алена: Я. Калі падрабязней, то тэма легендаў і міфаў мне была цікавая яшчэ з дзяцінства. І нельга сказаць, каб усе яны падбіраліся адмыслова для альбома. Яны адкладаліся ў памяці і натхнялі, а пасля, калі ўжо выбудавалася канцэпцыя, перабіраліся і дадаваліся. Не было экспедыцый, але было чытанне кніжак і, так бы мовіць, абуджэнне сваей ідэнтычнасці. Напрыклад, твор «Клятва вернасці» — гэта своеасаблівае беларускае сярэднявечнае фэнтазі, але я амаль упэўненая, што падзеі песні цалкам маглі адбыцца ў тыя часы.

— Чаму такая ўвага да Гродзенскай вобласці?

Арцём: Герой спрабаваў свае сілы на маленькім маршруце. Наперадзе больш вялікi шлях.

Дзяніс: Вось такі герой вызначыў маршрут. Калі паразважаць пра яго перамяшчэнні, дык яны выглядаюць лагічнымі. Дарога на Вільню, Беласточчына, Слуцкі рэгіен — «месцы моцы».

Алена: Не трэба шукаць нейкіх падтэкстаў: не было штучнага выбару легенд выключна па геаграфічным прынцыпе, хутчэй была лагістыка падарожжа. А калі сур’езна, то так, падарожжа не скончыцца, калі не наш герой, то мы па-мастацку яшчэ нададзім ўвагі і Гомельшчыне, і Магілеўшчыне, і іншым куткам Беларусі.

«Бліжэйшым часам фолк зробіцца ў нашай краіне шалена папулярным»

— Падзяліцеся сакрэтам, як не сапсаваць аўтэнтычную музыку сучаснымі музычнымі інструментамі.

Дзяніс: Мне падаецца, трэба намагацца вырашаць тыя ж творчыя задачы, якія вырашалі стваральнікі гэтай музыкі. Правільна перадаць эмоцыі, сэнсы, настрой… Скажам, грыгарыянскі харал у тэхна-апрацоўцы — гэта не зусім адэкватна… Выдатным прыкладам пераасэнсавання этнічнай традыцыйнай нацыянальнай музыкі на Беларусі можна назваць Gods Tower. Прычым калі зрабіць надварот і дадаць да іх гучання, скажам, дуду, будзе ўжо нешта не тое. Яны, ва ўсялякім разе ў першых альбомах, шмат цытавалі старадаўнія крыніцы, а таксама, канешне, стваралі свае ў гэтым рэчышчы. То бок, вырашалі пэўныя мастацкія задачы, як я і казаў вышэй.

— Што значыць: «Гурт узнавіць канцэртную дзейнасць, калі з’явяцца аднадумцы»?

Алена: Знайдуцца аднадумцы, якія далучацца да гурта ў якасці музыкаў.

Дзяніс: З аднадумцамі, як аказваецца, у Беларусі праблемы, хоць людзей з музычнымі інструментамі ў руках навокал шмат.

Алена: Вельмі патрэбны гітарыст і бубнач, а таксама вакаліст ці вакалістка, які валодае так званым чыстым спевам. Калі хтосьці з чытачоў захочацца да нас прыяднацца, калі ласка, мы адкрытыя да супрацы.

— Ці думалі вы аб стварэнні насамрэч маштабных твораў, накшталт этна-рок оперы?

Дзяніс: Калі казаць пра мяне, дык я і класічную оперу люблю. І думкі такія, натуральна, былі. У гурце Weeping Twilight мы пачыналі рабіць метал-версію паэмы «Курган», якая была адказам песняроўскаму «Гусляру».

Алена: Зараз Дзяніс працягвае музычную адукацыю, у тым ліку ў галіне класічнай музыкі, і можна сказаць, што ягоны патэнцыял адзначна большы за прагрэсіўны метал і інструментальныя кампазіцыі, прадстаўлены на дыску.

Дзяніс: Але тут зноў паўстае пытанне, як гэта ўсё выканаць. Бо тую ж оперу ў запісе слухаць — зусім не тыя эмоцыі… Днямі скончыў шасцітыднёвы курс класічнай кампазіцыі. Але вучыцца трэба шмат, канешне…

Алена: Улічвайце, што вершы і кампазіцыі Like a Gossamer былі напісаныя мінімум восем гадоў таму. Калі нам было па 20–25 гадоў…

— Якіх неспадзяванак чакаць ад вас ў бліжэйшы час?

Дзяніс: Чакайце ад нашага гурта цікавае відэа, звязанае з Усяславам Чарадзеем. Як у нас ужо павялося, гэта будзе чарговы мастацкі праект: такога ў Беларусі, здаецца, яшчэ не рабілі. А сам альбом будзе прэзентаваны 22 сакавіка у 16:00 ў «Арт-сядзібе».

Источник: пресс-релиз

Группы: