3

«Тлушч»: «Мы зусім не разумеем выразу „Punks not dead“»

Гурт «Тлушч» прэзентуе на Ultra-Music свой другі альбом «Зорка Венера». Перад прэзентацыяй басіст гурта Андрэй Свірыд і вакаліст-гітарыст Павел Белы расказалі пра нядаўні еўрапейскі тур, сцёб над музычнай індустрыяй, настальгію па алкаголі і праўду ў сваіх песнях.

— Ці напаткаў «Тлушч» славуты «сіндром другога альбома»?

Павел Белы: Рызыка запісаць на другі альбом нейкую хаўтуру сапраўды ёсць: звычайна першым альбомам хочуць здзівіць, усе лепшыя спевы ідуць туды. Але ў нас такой праблемы не было, бо мы для першага альбома не выбіралі суперхіты. Выбар быў даволі раптоўны, я нават не ведаю, якімі крытэрамі мы карысталіся.

Андрэй Свірыд: А пісаць сапраўды складаней! Да другога альбома ставішся сур’ёзней, чым да першага. Першы пішаш, і ўсё табе падабаецца, але час праходзіць, слухаеш гэты альбом наццаць тысяч разоў, бачыш нейкія нюансы, і на другім дыску хочацца іх выправіць — і па гуку, і па аранжыроўках.

— На дыску ёсць і песні, якія з’явіліся нядаўна?

Павел Белы: Так, некалькі ёсць. «З гэтага не пражывеш», «Хой» — самыя апошнія спевы. Мы нават не планавалі іх уключаць у альбом, але ў працэсе канчатковых рэпетыцый вырашылі, што хочам іх запісаць, бо яны нам падабаліся. А некаторыя спевы — «Кат», «City» — наогул яшчэ з рэпертуара нашага мінулага гурта, «Завулак Vinny Stigm’ы».

Андрэй Свірыд: Ну, не нашага, а пашавага! :)

Павел Белы: Так :) На мінулым дыску наогул большасць спеваў была з рэпертуара «Завулка». На гэтым больш спеваў «Тлушча».

— Чаму ў дыска такія вокладка і назва?

Павел Белы: «Зорка Венера» — гэта адсылка ці нават паважны сцёб з Багдановіча. Хто ведае, можа, Вілендорфская Венера з вокладкі — гэта і ёсць Зорка Венера, якая натхніла яго на той самы верш? А тлушч Вілендорфскай Венеры — гэта яшчэ і адсылка на нашу назву. Тлушч таксама можа быць прывабным, ён можа быць і сексуальным! Сама ідэя архетыпа жаноцкай багіні зараз асабіста мяне надта штырыць. І наогул, гэта ж паспяхова — змяшчаць на вокладку паўголых дзяўчат! То і мы вырашылі пайсці гэтым шляхам.

Тлушч

— Архетып — вяртанне да найбольш простага. Гурт «Тлушч» таксама спрабуе ніколі занадта не ўскладняць, спявае пра простыя рэчы…

Павел Белы: Як кажуць, будзь прасцей — і людзі да цябе пацягнуцца! Я спадзяюся, што стане і яшчэ прасцей. Вось пра мяч, можа, заспяваем!

— Песня «З гэтага не пражывеш» звязаная з вашым першым еўрапейскім турам?

Андрэй Свірыд: Напісаная яна яшчэ да паездкі ў тур.

Павел Белы: Яна наогул пра ўвесь панк-рокерскі працэс. Так, гурт — гэта цудоўна, гэта творчасць, але з яго ніяк не пражывеш, і трэба гэта ўлічваць і не ілгаць сабе, што гурт — твая асноўная дзейнасць. Усё ж трэба недзе працаваць, і як бы мы ні хацелі назваць «Тлушч» асноўнай дзейнасцю, рэальна ён застаецца ў цяні.

Андрэй Свірыд: І як бы мы ні хацелі назваць гэта панк-рокам… :)

Павел Белы: Першы альбом мы, дарэчы, наогул не хацелі называць панк-рокам: там жа і клавішы, і сальса, і шмат розных стыляў намяшана. Зваць гэта панк-рокам было б не зусім карэктна, таму мы казалі «каля-панк-рок» ці проста «рок». Але мне падаецца, што на другім дыску мы ізноў наблізіліся да каранёў, да панк-рокерскіх вытокаў.

— А сам тур як атрымаўся?

Андрэй Свірыд: Проста феерычна! Па ўсіх пытаннях.

Павел Белы: Напэўна, першапачаткова ўсе чакалі ад гэтага тура больш. Але зараз ужо больш за месяц прайшло, як мы вярнуліся адтуль, і я разумею, наколькі гэта было прыкольна, і ўпэўнены, што мы паедзем яшчэ і яшчэ. Гэта вельмі незвычайны досвед, няхай нават у некаторых гарадах на нас прыходзіла зусім няшмат людзей. Пасля такога больш пачынаеш цаніць усе нашыя «шакабары», «йомайо» і «салтаймы», сам той факт, што дзясятак ці некалькі дзясяткаў чалавек прыходзіць на гэтыя канцэрты. За гэта вялікі ім дзякуй. Дзеля гэтага варта і струны рваць, і скакаць.

Андрэй Свірыд: А яшчэ мы робім высновы, як рабіць наступны тур і дзе яго рабіць.

Павел Белы: Шмат чаго ўжо можам параіць нашым сябрам, якія таксама збіраюцца ехаць у туры. Важна, каб яны абавязкова прасілі прамоўтэра паставіць нейкі мясцовы гурт: былі канцэрты, дзе мы гралі наогул без разагрэва, і людзей там было малавата, а калі б быў які-небудзь мясцовы гурт, то прыйшлі б, прынамсі, іх сябры і знаёмыя. Мы абсалютна не сачылі за рэкламай у суполках, спадзяваліся, што арганізатары паставіліся да гэтага моманту адказна. А яны… не зусім адказна паставіліся :)

Андрэй Свірыд: Прыехалі мы ў Браціславу, а нам і кажуць: «Хлопцы, вечарам канцэрта не будзе, таму што ніхто не збіраецца на яго прыходзіць».

Павел Белы: Ніхто не набыў квіткі! Там, праўда, быў яшчэ адзін металёвы гурт з Фінляндыі, яны былі нібыта хэдлайнерамі. Мы думалі, што на канцэрт прыйдзе шмат металюгаў… Мы раздрукавалі флаеры, мусілі хадзіць па Браціславе і ўсім іх раздаваць. Убачылі чувака ў майцы Behemoth — флаер яму!

Андрэй Свірыд: Але, на жаль, ніхто з тых, каму мы раздалі флаеры, так і не прыйшоў.

Павел Белы: Быў невялікі пракол у арганізацыі: праз дарогу ад клуба ў гэты ж дзень праходзіў канцэрт Enter Shikari. Я думаю, гэта паўплывала на колькасць людзей на нашым канцэрце.

Андрэй Свірыд: Асабліва з улікам таго, што фінскі гурт у падобным стылі граў. Модна цяпер метал з электронікай змешваць. Мы занадта старыя, каб у гэтым разбірацца!

Павел Белы: Мы іншых стыляў, акрамя панк-рока, не ведаем.

Тлушч

— Якія яшчэ гарады ў туры былі?

Павел Белы: Мы адлабалі ўсяго 5 канцэртаў у Браціславе, Варшаве, Кракаве, Нюрнбергу і Празе. У Берліне мы таксама планавалі прабіць канцэрт, але нешта сарвалася ў апошні момант, і па выніку ў нас быў там алкатур.

— Бенз з паездкі адбіўся?

Павел Белы: Дзе там! Зусім не адбіўся :) Зрэшты, мы адразу на гэта разлічвалі. Затое нешта прадалі з маек, нешта з дыскаў, асабліва ў Польшчы, то часткова і адбілі за дарогу. Мы ўжо зразумелі, што наступны тур лепей за ўсё ладзіць у асноўным па Польшчы: мы спяваем па-беларуску, а гэта для палякаў мова крыху зразумелая, і таму палякам цікавей, чым «залатому мільярду».

Андрэй Свірыд: А калі ты спяваеш на англійскай мове, то, наадварот, палякам гэта менш цікава.

— «Тлушч» спявае па-беларуску, да таго ж тэмы многіх песень на альбоме тыпова беларускія: тут і народныя прыказкі, і лідскія «Снікерсы» з джынсамі Terranova, і цёркі з памежнікамі наконт кантрабанды. Такая беларускасць — таксама частка напрамку, у якім рухаецца гурт?

Павел Белы: Мне падабаецца прымаўка: «Лепшае баявое мастацтва — тое, якім ты валодаеш». Калі мы пачыналі лабаць з нашым бубначом Пашам у папярэднім гурце, я спрабаваў пісаць спевы па-руску, але атрымлівалася неяк не так. Вось па-беларуску атрымлівалася прыкольна — і цяпер мне гэта падабаецца, мне гэта цікава і, можна сказаць, прынцыпова. У нас няма мэты некага адукаваць, натхніць размаўляць па-беларуску, насіць вышыванку кожны дзень ці цікавіцца казкамі і фальклорам. І я не магу сказаць, што не магу ці не ўмею іначай, — умею! Проста так мне падабаецца больш. Проста гэта прыкольна. А калі і людзям прыкольна, то гэта цудоўна!

— Значыць, спяваць па-беларуску проста больш натуральна?

Павел Белы: Так, але я мушу заўважыць, што гэта не тая мова, на якой мы размаўляем кожны дзень. Я б хацеў размаўляць па-беларуску болей, але на працы і з большасцю сяброў размаўляю па-руску.

— А чаму вырашылі на гэтым дыску зрабіць англамоўны трэк?

Павел Белы: Нам падабаецца крыху сцябацца з музычнай індустрыі. У тэксце нашага англамоўнага спева настолькі шмат тыпова беларускіх рэалій: «Lida Sneakers», Svitanak, Gefest і гэтак далей — што native speaker гэты тэкст проста не зразумее! Увогуле, забаўна, калі людзі называюць звычайную байку «світшотам» ці «худзі», п’юць латэ і смузі. Стаіш у сваіх Lida Sneakers і Svitanak T-shirt, глядзіш на ўсё, што адбываецца, і нічога не разумееш.

Андрэй Свірыд: Будзе яшчэ большым сцёбам, калі хтосьці вырашыць, што мы зрабілі англамоўны трэк для свайго прасоўвання! Зараз жа модна рабіць трэкі па-англійску, спрабаваць іх кудысьці адсылаць. Але рэальна — гэта толькі сцёб. Мне хапае маёй англійскай мовы, каб разумець тэксты песень, але апошнім часам мяне радуе расійская панк-сцэна: рускія сталі больш спяваць па-руску. Дзмітрый Спірын з гурта «Тараканы!» неяк сказаў: «Хочаш стаць вядомым у сваёй краіне — спявай на сваёй, зразумелай людзям мове».

Павел Белы: Увогуле, усе парады «Спявай на гэтай мове, спявай на той» — гэта ўсё глупства. Мне здаецца, спяваць трэба так, каб цябе разумелі. Няважна, на якой мове.

Андрэй Свірыд: У англійскай, канешне, за кошт кароткіх слоў і ўсяго такога ўзнікае вельмі ладная рытміка тэкстаў. Але і мы ў песні «З гэтага не пражывеш» зрабілі добрую рытміку!

— Пры ўсёй беларускасці вы не хаваеце, што шмат натхнення бралі ў рускім панк-року: на першым альбоме вы ўзгадвалі пра «Тараканаў», «Наив» і «КиШ», цяпер — пра Хоя. Чаму Хою вырашылі песню прысвяціць?

Андрэй Свірыд: Хой, «Сектор Газа» — гэта, можна сказаць, наша дзяцінства. Ды і не толькі дзяцінства, хтосьці (глядзіць на Пашу — заўв. аўт.) ужо і ў свядомым узросце звяртаўся да творчасці гэтага гурта :) Хой — гэта ўжо не панк-рок, гэта архетып.

Павел Белы: Так, сапраўды, гэта ўжо архетып, вобраз чалавека, які пісаў, жартаваў, прыдурваўся, піў, паліў, гуляў, жыў на поўніцу, а потым адышоў у нябыт. Ці ўзгадае хто пра яго, ці знойдзе ён супакой? Ці знойдзем мы супакой, калі адыдзем за Юрыем Хоем туды, адкуль не вяртаюцца?

Андрэй Свірыд: Мне здаецца, любы, хто скажа, што ніяк не ўспрымае творчасць Хоя, будзе крыху крывіць душой.

Павел Белы: «Сектор Газа» нікога не пакідае абыякавым. Можа, часам яны і пісалі нейкія зусім агідныя, нечалавечыя спевы, але з іншага боку, яны шмат спявалі пра тое, пра што не пісалі «Любэ» ці «Несчастный случай»: пра дэфіцыт, пра «Яву», пра відак. Пра ўсё тое, што блізка народу. Яны выдатна адлюстравалі свой час, 90-я.

— Мне здаецца, што нашы «Дай Дарогу!» у пэўным сэнсе іх паслядоўнікі.

Павел Белы: О, так! Я ў гэтым годзе адкрыў для сябе гурт «Дай Дарогу!» — сапраўды, паслядоўнікі Хоя, напоўніцу. І наогул вельмі прыкольны гурт.

— А ўвогуле, панк — гэта пра Беларусь?

Павел Белы: Вядома ж, чаму не пра Беларусь! Уся наша музыка — амаль што DIY, а панк і DIY — гэта ж амаль сінонімы. Мне падабаецца шмат беларускіх гуртоў, не толькі з панк-рока, і я з кожным годам усё больш і больш іх слухаю. Можа, гэта музыка не зусім якасна запісаная, можа, не настолькі якасна спрадукаваная і пралічаная, як заходняя. Але яна пра нас, пра нашыя рэаліі, і гэта лепш, чым заакіянская суперякасная музыка, якая не мае да цябе дачынення і па выніку цябе так не кранае.

Тлушч

— Як справы зараз у сусветнага панк-рока?

Андрэй Свірыд: Калі агулам казаць, то, на мой погляд, не надта :) Большасць гуртоў, якія мне падабаліся і падабюцца зараз, узляцелі ў 90-я. Зараз, шчыра сказаць, не тое. Так, бываюць у гуртоў цікавыя альбомы, але наогул нейкага выбуху, бума няма. Затое з’яўляецца шмат цікавых гуртоў у іншых стылях. Я не ўсе з гэтых стыляў разумею, можа, з прычыны сваёй вузкалобасці, тых музычных ідэалаў, на якіх я вырас. Але рух наперад ідзе.

Павел Белы: Я зусім не разумею выразу «Punks not dead»: больш за сорак год граць чатыры акорды, прапагандаваць тыя ж самыя лозунгі, не прыўносіць нічога новага і казаць «Punks not dead» — гэта не крута. Мне падаецца, што не трэба зацыклівацца, нібы панк — гэта нейкая свяшчэнная карова: «Усё прап’ем, але панк не апазорым». Граць на сучаснай панк-сцэне можна што заўгодна, проста трэба памятаць, што панк-рок сабраў нас разам, і аддаваць яму хвалу. Але граць панк — гэта не самамэта. Магчыма, сама патрэба ў нейкім пратэстным панку адпала. Людзі на захадзе ўжо маюць усё, што хочуць: і ўзровень жыцця, і свабоды. За што тут змагацца, чаго не хапае? Вось і назіраецца ідэйны крызіс жанра.

— Вяртаючыся да тэмы «З гэтага не пражывеш»: я так разумею, гурт «Тлушч» ніколі не ставіў сабе мэты зарабіць шмат грошай?

Павел Белы: Ну, мы былі б рады, калі б маглі гэтым зарабляць :)

Андрэй Свірыд: Ад прапановаў адмаўляцца не будзем!

Павел Белы: Пра нейкі камерцыйны поспех казаць не прыходзіцца, але гэты год быў для нас самым паспяховым у грашовым сэнсе. Прыемна адчуваць, што твая справа мае нейкі попыт, што людзям не шкада заплаціць за квіток. У выніку можаш набыць сабе лішні медыятр ці струны новыя паставіць. Я вельмі паважаю гурты, якія могуць жыць са сваёй творчасці. Напэўна, каб зарабляць, трэба граць нейкую адмысловую музыку, можа, больш фарматную. Хаця вось тыя ж «Дай Дарогу!», напэўна, жывуць з музыкі… Можа, ёсць нейкі звышузровень, на які трэба выйсці, каб зарабляць.

— «Дай Дарогу!», каб выйсці на гэты ўзровень, выгналі басіста, які бухаў…

Андрэй Свірыд: У нас так не атрымаецца! :)

Павел Белы: Дарэчы, у жыцці ўдзельнікаў гурта былі розныя этапы, але зараз так падабралася, што ніхто ў гурце не бухае. «Нападпітку» — гэта пра наша алкагольнае мінулае.

Андрэй Свірыд: Я б сказаў, што нават не пра мінулае, а пра рэдкія сучасныя ўспышкі, рэдкую настальгію па алкаголі. Памятаю той час, калі Паша напісаў тэкст для гэтай песні…

— Значыць, гісторыя праўдзівая?

Павел Белы: Праўдзівая. Няма чаго тут саромецца: з усімі бывае! Гэта жыццё.

— Песня «Калі ласка, не змушай мяне ісці дамоў» прысвечаная пашавай жонцы?

Павел Белы:, А вось тут не адгадаў! На гэты спеў нас натхніў гурт Off With Their Heads — у іх ёсць спеў, які так і завецца, «Please Don’t Make Me Go Home». Але тэкст прайшоў рэдактуру жонкі толькі з трэцяга раза! :) Магчыма, там былі ўзгаданыя нейкія занадта асабістыя рэчы — іх давялося прыбраць, каб смецце з хаты не выносіць. Спадзяюся, жонка не пакрыўдзілася!

— Дарэчы, Паша, як гэта — жыць у рок-н-рольнай сям’і?

Павел Белы: Гэта, можа, толькі так выглядае, што мы рок-н-рольная сям’я :) Так, мая жонка грае ў гурце «Плойка», але не тое каб у нас дома быў прытон ці склад бутэлек! Усё больш празаічна.

Тлушч

— Цяга да гаража з узростам не змяншаецца? Не прыходзіцца прыкладаць намаганні, каб стаць лепшым гаспадаром у доме?

Андрэй Свірыд: Гэта для гурта «Тлушч» даволі складанае пытанне. Хтосьці выбірае ісці далей, хтосьці — займацца хатнімі справамі. Пакуль, здаецца, усё нармальна. Але з гаражоў мы пакуль нікуды сыходзіць не збіраемся. Гараж — гэта куды больш сходна і зручна, чым рэпкропкі.

Павел Белы: Наш гараж каштуе нам 120 даляраў за два месяцы. Калі падзяліць гэту суму на ўсе гурты, атрымліваецца ўсяго па 85 тысяч!

Андрэй Свірыд: Канешне, гараж патрабуе пачатковых капіталаўкладанняў, але калі ўсім ад пачатку скінуцца на рамонт, комбікі і ўдарку, то грошы акупяцца вельмі хутка.

Павел Белы: У тых гаражах, дзе мы зараз граем, калісьці рэпетавалі нават «Тяни-Толкай»!

— Апошняя песня дыска, «Выхлап», намякае, што канцэрты для гурта важней запіса?

Павел Белы: Так, хочацца адчуваць аддачу! Гэта для гурта, бадай, самае каштоўнае. Мы маглі б сказаць, што граем толькі для сябе, нам самім прыкольна — і ўсё, але гэта было б няпраўдай. Мы хочам бавіць час у кампаніі сяброў, прыяцеляў, проста ў кампаніі людзей, якім радасна весяліцца разам з намі. Калі мы адчуваем гэты выхлап, гэту аддачу — гэта крута. Але трэба заўважыць, што выхлап — гэта ж шкодна, як ні круці, і за яго трэба неяк плаціць.

Андрэй Свірыд: Цырозам печані…

Павел Белы: Пагаршэннем слыху, траўмамі пры скачках і стэйдждайвінгу, недасыпам, сардэчнай арытміяй і ўсім астатнім.

Скачать

Автор: Мікалай Янкойць / Ultra-Music

Фото: Павел Чаплин

Группы: Тлушч

Ваш комментарий

Войти через Вконтакте Войти через Facebook

Если у вас возникли проблемы с авторизацией, сообщите нам на support@ultra-music.com