Лявон Вольскі здымае кліп без N.R.M. і «Крамбамбулі»

Падчас свайго творчага вечара 31 студзеня Лявон Вольскі адказаў на некаторыя пытанні слухачоў. У лютым спявак плануе адыграць канцэрт з «Крамбамбулей», у якім магчыма прэзентуе новы альбом, а зараз здымае кліп на сольную песню «Вера. Надзея. Любоў». Сітуацыю з N.R.M. Вольскі не каментаваў прынцыпова. Скарыстаўшы магчымасць, Ultra-Music публікуе фрагмент яго імправізаванага інтэрвью.

— Як нараджаюцца на свет вашы песні?

— Магу сказаць, як мы с «Мроей» пісалі песню «Я – рок-музыкант». Мы селі ў кафэ — я і Давыдоўскі (Уладзімер Давыдоўскі, гітарыст «Мроі» з 1981 па 1989 гады, прым. аўтара). Трэба было напісаць такі моладзевы гімн, абсалютна каньюктурны. Канешне, не без натхнення (смяецца). Алэ ж трэбы напісаць такі, каб прабрала. І Валодзя гаворыць: «Я прыдумаў такі прыпеў класны: „Я рок-музыкант старых традыцый. Гэта не прызванне – гэта пазіцыя“. Я пытаю: „Валодзя, а што гэта за сэнс такі Гэта не прызванне — гэта пазіцыя“? Ну, мы яшчэ малыя-дурныя былі. Ён заверыў, што гэта нармальна. Ну, і пачалі па радку пісаць. І так напісалі ўвесь тэкст. Там было шмат абсалютна дурных закідонаў.

— Як нарадзіліся Саўка ды Грышка?

— Ну як — ад мамы, ад таты. Але не, у Саўкі таты няма напэўна, у Грышкі ёсць. Мамы розныя ў іх. У Саўкі ёсць мама, але яна ў дзярэўні жыве, а ў Грышкі абодва бацькі жывуць у горадзе.

— У вас файная прычоска. Яна адлюстроўвае вашу душу? Або чаму менавіта такая?

— Ну канешне адлюстроўвае душу. Таму менавіта такая.

— Раскажыце, калі ласка, свой любімы верш.

— Які ж верш… Калі я ў школе вучыўся, модна было дзённікі-анкеты весці. І са мной побач сядзелі дзве дзяўчынкі, якія напісалі туды вось такі верш:

Коцік лапку абмакнуў
У сіняе чарніла
І красіва напісаў:
«Ніна, будзь шчасліва!»

— Каго вы лічыце сваім самым блізкім чалавекам?

— Трэба сказаць — Лукашэнка? Бліжэй не можа быць. Бліжэй за ўсё (смяецца).

— Ці катаецеся вы на горных лыжах?

У апошні час нешта хочацца пакатацца, але ж гэта трэба ісці — лыжы купляць, потым ехаць у гэтыя Сілічы, слухайце, а там яшчэ сустрэнеш каго-небудзь.

— Вы супраць блакітных?

— Чаму гэта я супраць блакітных? Хто гэта? А хто залатыя? Што Лукашэнка, ці Шэйман залатыя? Калі я буду супраць іх, дык мяне назаўтра ў КДБ забяруць (смяецца). Ды не, жартую канешне. Ніхто мяне нікуды не забярэ. Хаця… паглядзім…

— Калі адбудзецца ваш канцэрт на стадыёне «Дынама»?

— А там што, можна граць на гэтым стадыёне? Там у футбол гуляюць. Вось на якім-небудзь «Уэмблі» недзе праз паўтара годзіка я б паудзельнічаў.

— Вы верыце у светлую будучыню нашай краіны? Калі да, то што вам дапамагае верыць і спадзявацца?

— Гэта адно з пытанняў, на якія адразу ёсць адказ: вялікі дзякуй.

— Канцэрт цудоўны, як заўсёды…

— Ну няпраўда. Бываюць і фіяскі. Не памятаю, калі апошні раз, але… Заўсёды трэба трымаць сябе ў форме, а то «як заўсёды» – дык можна ўжо і травы накурыцца.

— Калі адбудзецца наступны канцэрт «Крамбамбулі»?

— Мы спадзяемся, што ці ў сярэдзіне, ці напрыканцы лютага. Мо і альбом прэзентуем, паглядзім. Або проста пару кліпаў. Зараз я здымаю кліп на аптымістычную песню «Вера. Надзея. Любоў». Гэта не «Крамбамбуля», гэта як бы…ну…можна сказаць…

— Што з N.R.M? Ці збяраюцца граць на «Рок-каранацыі»?

— Ну, пэўна збяраюцца. Я не каментую.

Автор: / Ultra-Music

Фото: Юлия Вартаньян

Группы:

Комментарии: 1
  • Павел:

    Рэдактары (калі такія ёсць)! Перачытвайце артыкулы перад публікацыяй. У гэтым — шэраг граматычных памылак.