Піт Паўлаў: «N.R.M — гэта не проста стада баранаў»

Прыкметнай падзеяй для беларускай музычнай індустрыі стане хуткі выхад новага альбома легендарнай мінскай групы N.R.M.. Варта таксама заўважыць і іншы момант: гастрольны тур калектыву па гарадах Беларусі і блізкага замежжа.

— Якія гарады былі ўключаны ў тур, і якое агульнае ўражанне засталося ад іх наведвання?

— У гэтым вясенне-летнім туры былі Полацк, Магілёў, Гродна, Слуцк, Беласток, Варшава і больш дробныя гарады. Нягледзячы на тое, что ўсе гарады былі розныя, было і нешта агульная паміж імі. Раней на канцэрты N.R.M. хадзілі пераважна старыя прыхільнікі і невялікі адсотак новай публікі. Зараз акцэнты змяніліся у сувязі с тым, што нас не было ў гэтых гарадах па 2–3 гады, і таму вялікая колькасць публікі новая. Бачна, што яны слухалі песні, таму што аўдыторыя падхоплівала галоўныя гіты. Але, хутчэй за ўсё, жыўцом нас ніколі не бачылі. Агульнае ўражанне, што людзі больш слухаюць, чым каўбасяцца. Справа ў тым, што мы рызыкуем і граем шмат новых песен. Гэта такі наш эксперымент. Па-першае, так мы абкатываем на публіцы новы матэр’ял, па-другое, мы хочам прасунуць гэтыя песні у свядомасць людзей ва ўмовах адсутнасці тэле- і радыёэфіраў. Такім чынам, падчас канцэртаў мы спрабуем закінуць гачык, каб потым слухачы знайшлі усе ў Інтэрнэце і паслухалі больш грунтоўна. Такая у нас тэхналогія.

— Гэта значыць, што ў цэлым тур прайшоў гладка?

— На дзіва, на дзіва!.. Нягледзячы на тое, што быў адменены канцэрт у Гомелі, хоць там і былі праданы ўсе квіткі. І тлумачэнняў гэтаму здарэнню ў мяне няма — тлумачэнні даваў кіраўнік Гомельскай філармоніі.

— І якія былі тлумачэнні?

— Тлумачэнне было: «Што вы робіце? Гэта ж забаронены гурт з „чорнага спісу“!» Прычым праз два дні адбыўся дакладна такі ж анансаваны канцэрт у Гродна. Гэта было цалкам незразумела.

— Адмена была афіцыяльная?

— Гэта было зроблена па тэлефоне, ніводнай паперы, ніводнага подпісу проста фізічна не існуе. Прозвішча кіраўніка філармоніі вядома, а вось прозвішча чыноўніка з Міністэрства культуры, які даваў загад, — не. Гэта нейкая невядомая таямнічая асоба.

— Як было сказана, змяніўся ўзрост публікі, так як ужо не адно пакаленне вырасла на песнях N.R.M. А ці змяніўся яе настрой?

— Ён адрозніваецца. Ёсць гарады дасведчаныя, выдасканаленыя, і самы дасведчаны з іх Мінск. Тут у нас адбыўся адзін маленькі канцэрт у «Графіці» з цалкам прадказальнай рэкцыяй. То бок спачатку было стрыманае маўчанне і слуханне новых песен, а потым эмацыянальнае навёрстванне, нават занадта эмацыянальнае для акустычнаго канцэрту.

Яшчэ, напрыклад, быў канцэрт у Лагойску у межах байк-шоў, і, трэба сказаць, гэта быў даволі дзіўны канцэрт. У агульным там прысутнічала каля 2 тысяч чалавек. На нас прыйшло чалавек 200, ці крыху меней. І мне падалося, што байкераў не цікавіць не толькі музыка, а нават байк-шоў. Я бачыў, як яны ходзяць паасобку: альбо адзін чалавек ідзе у сваіх «даспехах», альбо яго зусім п’янага цягне жонка ці меньш п’яны сябра туды, дзе той будзе валяцца. Ці, напрыклад, нехта адзін стаіць і рычыць рухавіком. А вось каб яны сустракаліся, абмяркоўвалі нешта, такога я не бачыў; разам яны непрывучаныя. Канешне, стаяла нейкая колькасць людей, але ўсе яны былі ізноў-такі ж паасобку і не крычэлі, напрыклад, «тры чарапахі», а крычэлі «сіські-сіські!..» Тады я абвесціў са сцэны конкурс на лепшыя сіські, і гэта неяк палепшыла атмасферу (смяецца). Потым на сцэну выйшла нейкая выпіўшая дзяўчына с пышнымі формамі байкерскага стандарту, пачала танчыць і незаўважна для мяне надзела мне на галаву даволі прыгожы купальскі вянок. У выніку справа дайшла і да сісек. Гэта было вельмі ў жанры і пасавала да сітуацыі, але усё роўна ўражанне у мяне было дзіўнае.

— Да пытання аб сыходзе Вольскага. Ці значыць гэта, што дух у групе ўжо не адзіны?

— Не. Наадварот, зараз гурт нарэшце падобны на гурт аднадумцаў. Апошнія 4–5 год кожны цягнуў у свой бок, гурт буксаваў, была стагнацыя. Зараз жа ўсё больш падобна на тое, як было напачатку: усе ўсё разумеюць, працуюць у адным накірунку і адзін аднаго падтрымліваюць.

— Ці існуе праблема з пошукам новага вакаліста-фронтмэна?

— Праблемы ніякай няма. Вакалістаў у нас цэлых тры. Да таго ж у нас ніколі не было такога паняцця — «фронтмэн фронтмэнавіч». Усё ж такі ў адрозненне ад астатніх беларускіх гуртоў усе ўдзельнікі нашага гурта вельмі добра вядомыя слухачам. І гэта сведчыць аб тым, што гурт складаецца з асобаў і гэта не проста стада баранаў.

— Ці знайшлі апошнія падзеі, якія праходзілі ў краіне, адлюстраванне ў новых песнях?

— У нас усе песні пра апошнія падзеі. Больш дакладна: песня, прысвечаная закрыццю «Аўтарадыё» з аднайменнай назвай. Таксама песня «Хрусць і папалам», якая распавядае аб сусветным крызісе і паралельна аб крызісе сярэдняга ўзросту… Не буду раскрываць усіх песень, але скажу, што ўсе яны расказваюць аб тым, што адбываецца з намі, з гуртом, з нашай краінай. Пры гэтым тэматыка перастала быць прастакутнай і аднастайнай.

— Натхненне для новых песень было лёгка знайсці?

— Напачатку наогул было незразумела, пра што пісаць. Было незразумела, за што зачапіцца. У нас нават адна песня мае назву «За гэта немагчыма зачапіцца, гэта немагчыма ў руках утрымаць». Гэтыя словы добра адлюстроўваюць той стан, калі немагчыма абгарнуць сваю эмоцыю ў слова.

Потым з’явілася добрая фраза «Да пабачэння, да пабачэння, у кожнага ёсць сваё прызначэнне/ Да пабачэння, да пабачэння, светлая мроя майго пакалення». Гэта дакладны слепак нашага стану на той момант. Мы зразумелі, што нейкая старонка ўжо перагорнута і мы вымушаны развітацца з мрояй, якую мы мелі яшчэ пры стварэнні N.R.M. Хутчэй за ўсё гэта назва будзе вынесена ў назву альбома.

— Можна сказаць, N.R.M. пасталелі?

— Мы робім тую ж самую справу, але мы пасталелі, мы безумоўна пасталелі. Якраз гэтая думка вынесена ў прыпеў у гэтай песні, а ўжо ў куплетах раскрываецца сэнс прыпева… Дарэчы, гэта майстар-клас, як пісаць тэксты (смяецца).

— Многія бунтарскі групы змяняюць свой стыль на больш ураўнаважаны па меры сталення. Ці чакае N.R.M. такое ж змяненне?

— Канешне, з узростам гурты крышачку лягчэюць. Але я ўпэўнены, што дарослыя людзі не меньш бунтарскія, а наадварот. Проста іх пачуцці аблічаныя ў больш ўраўнаважаную форму. Я нават моцна сумую па самых цяжкіх песнях, такіх, як «Дастала», «Катлет-матлет». Яны былі напісаны менавіта з агрэсіяй, і зараз мяне ламае, што ў новым альбоме пакуль што такой песні няма. Аднак, на мой погляд, адсутнасць такіх песень ні пра што не сведчыць, ці сведчыць, што мы проста на такім этапе, вось і ўсё. Адзначу, што на канцэртах мы заўсёды з вялікім захапленнем граем цяжкія песні. Мы іх выконваем з яшчэ большым імпэтам, чым раней, таму што мы засталіся ўтрох і нам трэба мачыць яшчэ мацней(смяецца)! Адзінае, песні зараз пішуцца больш разважлівыя.

— Ці ёсць сярод маладых беларускіх гуртоў такія, якія можна ахрысціць пераемнікамі N.R.М.?

— На шчасце, так. Не без нашага удзельніцтва выгадаваныя некаторыя гурты, якія вартыя ўвагі. У першую чаргу, гэта «Мутнаевока», таксама Akute і англамоўны гурт The Blackmail. Але англамоўнасць апошніх, на мой погляд, гэта памылка. На нероднай мове тэксты звычайна пішуцца неглыбокія, без канатацыяў.

«Мутнаевока» я лічу выкармышамі. Калісьці я ім даў вялікую сцэну, запрасіўшы на фестываль «ЖывыГукOn-line», дзе яны ў першы раз гралі перад тысячай чалавек. Яны былі мне вельмі удзячныя, а я быў удзячны ім. Пасля гэтага яны яшчэ разы чатыры гралі на фестывалі, і я стаў іх вялікім аматарам.

З Akute зусім іншая гісторыя. Я пачуў іх выпадкова на канцэрце-святкаванні партала Ultra-Music, і адразу ж мне спадабалася. Потым пачаў назіраць за творчасцю і не быў расчараваны. Пакуль што я не зрабіў для гэтага гурта анічога, калі не лічыць тых выпадкаў, калі галасаваў за іх у якасці ўдзельніка журы. Але ўсё наперадзе!

Автор: / Ultra-Music

Фото: Ксюша Протасеня

Группы:

Темы: