Канцэрт гурта «Палац»: не юбілейны, а сяброўскі

Сёння немагчыма сабе ўявіць беларускую сцэну без «Палаца». За 20 год існавання гурт стаў сапраўдным узорам таго, як трэба рабіць сваю справу: якасна і з душой. Юбілейнае шоу музыкаў стала адной з галоўных падзей восені.

Тым больш, што спецыяльна да гэтай даты яны падрыхтавалі ажно два новых альбома: цудоўны «Кола грукатала» і казачны «Салдат-доктар». Праўда, падрыхтоўка да імпрэзы стала сапраўдным выпрабаваннем для Алега Хаменкі і яго паплечнікаў. Канцэрт у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі спачатку адмянілі, а за пару дзён падрыхтоўка да святкавання юбілею ўзнавілася. Сам Алег Георгіевіч прызнаваўся, што апошнія дні «сядзеў» на валер’янцы, і некаторыя рэчы падрыхтаваць не атрымалася. Напрыклад, з-за верагодная адмены імпрэзы не змог прыехаць гітарыст гурта Сяргей Трухановіч, у якога быў запланаваны выступ у Маскве.

— Некаторыя пытанні прыйшлося вырашаць занадта тэрмінова, — казаў Алег Хаменка. — З гітарыстам, які замяняў Сяргея, мы граем упершыню. Ён за ноч вывучыў усю праграму «Палаца». Гэта каласальная праца. Але Аляксандр здолеў.

Ужо ў пачатку канцэрта Алег Георгіевіч папярэдзіў, што будуць імправізацыі. І імправізацыі, магчыма, не зусім падрыхтаваныя. І, сціпла ўсміхнуўшыся, дадаў: «Спадзяюся, што вы не заўважыце, што гэта імправізацыі».

Аднак гледачы, нават калі і пачулі тыя самыя незапланаваныя імправізацыі, зрабілі выгляд, што так і павінна быць. Наогул квіткі на юбілейную імпрэзу «Палаца» разляцеліся вельмі хутка. У камернай тэатральнай залі не было вольных месцаў, а супрацоўнікі тэатра павыносілі дадатковыя крэслы, каб пасадзіць усіх наведвальнікаў.

Атмасфера ў залі была не ўрачыстая, як павінна быць на святкаванні юбілея, а сяброўская. Гледачы шчыра віталі музыкаў, падбадзёрвалі спачатку крыху нерваваўшага Алега Хаменку. Зусім хутка паміж музыкамі і гледачамі ўсталяваўся «фул кантакт». Выступоўцы жартавалі, расказвалі пра гісторыю стварэння песен, якія гучалі ў той вечар.

— Мы яшчэ нават не ўзмакрэлі, — жартаваў Алег Георгіевіч, калі скончылася першая частка канцэрта. — Пачакайце, зараз будзе крыху акустыкі, а потым яшчэ патанчым.

Музыкі адыгралі яшчэ колькі кампазіцый у акустыцы, а потом запрасілі на сцэну сяброў гурта, якія прыйшлі павіншаваць «Палац» з юбілеем. Віншаванняў было шмат: спявалі «Аляксандра і Канстанцін», Наста Шпакоўская, Алесь Камоцкі і Юрый Несцярэнка. Выходзіў на сцэну і Ігар Варашкевіч, але спяваць не стаў, а проста падарыў свайму сябру Алегу Хаменка пляшку гарэлкі. Маўляў, набыў яе ў апошні дзень перад падаражаннем.

А пасля і сапраўды пачаліся танцы. Гледачы паўставалі са сваіх месцаў і на нейкі час пераўтварылі памяшканне тэатру ў танцпляцоўку. Сапраўды, гэта выглядала не як юбілейны канцэрт. Тут не было ніякага афіцыёзу. Усё адбывалася неяк па-сяброўску: шчыра, ад усяго сэрца.

— Гэта той выпадак, калі публіка аддае больш энергіі, чым музыкі, — казаў пасля канцэрта Алег Хаменка. — Я нават здзівіўся: нас так шчыра віталі. Некаторыя моманты наогул былі даволі нечаканымі. Быў вельмі ўзрушаны, калі пабачыў, як у вачах у некаторых гледачоў стаяць слёзы.

Сапраўды, аматары гурта вельмі доўга чакалі гэтага канцэрта. Што тут казаць: ўсе гледачы, якія прыйшлі на імпрэзу, пелі разам з музыкамі, калі дырыжор-Хаменка дарыў ім кавалачкі музычных фраз, плыткі з новымі альбомамі гурта разляталіся літаральна на вачах, а пасля канцэрта цэлы натоўп прыхільнікаў «Палаца» стаяў у чарзе, каб атрымаць подпіс ад музыкаў.

— Гэты канцэрт хутчэй сяброўскі, — зазначыў Алег Хаменка. — Гэты ўвесь патас мы самі абламалі. Нейкай урачыстасці не было. Мы яе і не хацелі. Усё ўспрынялася вельмі добра, як мне падалося. Але насамрэч 20 гадоў — гэта вельмі сур’ёзна. Калі паставіш усе кампакты, усе праекты, складанкі, дастанеш усе бэджыкі з фестываляў. Оооой, песціць гэтую самую… «гипертрофированную железу самолюбия».

Так і ёсць. «Палац» — гэта гурт без нейкага патасу. Гэта музыкі, якія шчыра робяць сваю справу. І ўсё, што адбывалася ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, можна ахарактэрызаваць словамі Ігара Варашкевіча: «Калі мне сумна, калі мне весела, я слухаю «Палац».


Вялікі фотарэпартаж з канцэрту

Автор: / Ultra-Music

Фото: Анна Юнхова

Группы: