4

Europejski Stadion Kultury: музыка яднае краіны

Трэці год запар у польскім горадзе Жэшув у межах праекту Wschód Kultury ладзіцца фестываль Europejski Stadion Kultury. У гэты раз удзельнікам вялізнай імпрэзы стаў і беларускі гурт N.R.M.

Europejski Stadion Kultury

«Мост культурнага супрацоўніцтва» — так акрэсліваюць сэнс акцыі яе арганізатары. Для імпрэзы прадстаўнікі пяці краін Еўропы — Беларусі, Літвы, Украіны, Фінляндыі і Азербайджану — рыхтавалі сумесныя нумары з польскімі музыкамі.Беларусы выступалі ў пары з польскімі зоркамі Myslovitz. Два гады таму яны прыязджалі ў Мінск і далі запамінальны канцэрт у межах серыі імпрэз «ЖывыГукOnLine». Цяпер палякі запрасілі N.R.M. да сябе.

Да імпрэзы Europejski Stadion Kultury можна было б ставіцца як да чарговага канцэрту, калі б не маштабы і фармат мерапрыемства. Дзея адбывалася на Гарадзкім стадыёне Жэшува, а прамая трансляцыя імпрэзы вялася на ўсю Польшчу. Калі, па інфармацыі польскіх СМІ, на стадыён прыйшло 30 тысяч чалавек, то тэлеаўдыторыю можна ўпэўнена памнажыць на 100.

Арганізатары вынайшлі аптымальны фармат і запрасілі разнастайных, але актуальных і добра вядомых музыкаў. Разаграваць публіку паставілі інтэрнацыянальны гурт Rykarda Parasol, а тэлевізійная частка пачалася з выступу польскага гурта Zakopower, які нядоечы быў у Беларусі, і украінскай каманды SunSay, яшчэ больш добра вядомай у Беларусі.

— Мы рыхтавалі песні толькі два дні і раней увогуле не былі знаёмымі паміж сабой, — скажа пасля выступу стомлены Андрэй Запарожац. Бачна, што музыкі сур’ёзна паставіліся да свайго нумару, і нягледзячы на брак часу, зрабілі запамінальнае відовішча.

Europejski Stadion Kultury

Europejski Stadion Kultury

Наступнай выступалі сапраўдныя зоркі польскай музыкі — Катажына Насувска і ейны гурт Hey! У пары з фінскім праектам Jimi Tenor & Kabu яны падрыхтавалі сумесную песню «Muka», смачна аранжаваную духавымі. А на радасць мясцовай публікі Hey! выканалі яшчэ дзве ўласныя песні.

Іншая добра вядомая беларускім слухачам спявачка Аліна Арлова выступала ад Літвы ў пары з полькай Юліяй Марцэл. Элегантныя дзяўчыны, стыль якіх вельмі пасаваў адзін да адной, зладзілі «моўнае свята», падрыхтаваўшы песні адразу на чатырох мовах: польскай і літоўскай, а таксама рускай і ангельскай. Яскравай адметнасцю стала сумеснае выкананне танга Ежы Петэрсбургскага «To ostatnia niedziela», у нас вядомага як «Утомлённое солнце».

Europejski Stadion Kultury

Europejski Stadion Kultury

N.R.M. і Myslvoitz, як і большасць іншых пар, прыехалі ў Жэшув загадзя. Рэпетыцыя ў першы дзень цягнулася больш за шэсць гадзінаў: дарабляліся аранжыроўкі трэкаў, Пшэмэк Мышар, гітарыст, клавішнік і аўтар шэрагу песень Myslovitz, у апошні момант уносіў змены ў свой пераклад песні «Прамень», а новы вакаліст польскага гурта Міхал Кавалёнак спрабаваў прызвычаіцца да зменлівай гармоніі гэтай песні. N.R.M. падрыхтавалі сваю версію «Peggy Brown» загадзя і ўжо паспелі нават выканаць яе на канцэрце ў Мінску. Але агульная праца і рэжысура іпрэзы ўсё адно ўнеслі змены.

Падчас выканання «Peggy Brown» N.R.M. зніклі са сцэны, а праз імгненне вярнуліся ўжо ў залатых строях. Europejski Stadion Kultury стаў чарговай пляцоўкай для «бліскучага» пэрфонманса Паўла Альтхамера, які падтрымалі не толькі музыкі, але і гледачы: у натоўпе былі раздадзеныя каля двух тысячаў залатых плашчыкаў, якія людзі апраналі ці матлялі імі ў паветры. Myslovitz таксама апрануліся «ў золата» і выканалі той самы «Прамень», які стаў цяпер і польскім «Promień».

Кампліменты беларусам пасля выступу вызваў бубнач гурта Guano Apes, выступ якога закрываў Europejski Stadion Kultury. «Сапраўдны рок!» — паказвае вялікі палец дабразычлівы Дэніс Пошвата. «Чакаем вас у Мінску», — дзячыць Піт Паўлаў і дорыць нямецкім музыкам новы кампакт N.R.M., які ўжо гатовы, але ў продажы з’явіцца толькі ўвосені. Гешэфт ад немца ў выглядзе фірмовых барабанных палачак падтрымлівае знаёмства.

Размова пра канцэрт Guano Apes у Беларусі пакульне вядзецца, затое ў хуткім часе можна чакаць сумесны сінгл Myslovitz і N.R.M. Плануецца, што ў спліт войдуць па дзве версіі выкананых песень. За ім паследуюць і чарговыя выступы на адной сцэне, магчыма, і ў Мінску.

Напрыканцы трохгадзіннага шоў паасобку выступаюць палякі Coma і ўзгаданыя вышэй Guano Apes. Новы імідж лідара Coma Пятра Рагуцкага — белая кашуля-безрукаўка, ружовыя «адыдасы» і вусы а-ля Лотар Матэус — на першы погляд не вельмі адпавядаюць цяжкай музыцы гурта. Але менавіта гэты кантраст, разам з уроджаным артыстызмам, запамінальным голасам Пятра і меладычнымі кампазіцыямі, ствараюць на сцэне той моцны, ні на што не падобны вобраз, які за апошнія пяць гадоў вывеў Coma на галоўныя ролі ў польскай музыцы. Залішне казаць, якое ўражанне выступ гурта зрабіў на публіку. Верагодна, на гэтым канцэрт варта было б і спыняць. Хоць Guano Apes і былі хэдлайнерамі імпрэзы, але іх выступ выглядаў проста як прыгожая карцінка з тэлевізіі.

Europejski Stadion Kultury

Europejski Stadion Kultury запомніўся не толькі выдатнай музычнай праграмай, але і звышпрафесійнай працай рэжысёраў і ўсёй тэхнічнай групы, за дзеяннямі якіх можна было заварожана назіраць. Усе нумары былі адпрацаваныя да аўтаматызму: два дні перад канцэртам ішлі рэпетыцыі, а поўны прагон усёй праграмы адбыўся тройчы. На сцэне былі зробленыя чатыры платформы, якія перасоўваліся і рыхтаваліся для кожнага гурта асобна. Там стаяла барабанная ўстаноўка, наладжаныя комбікі і ўсё іншае неабходнае абсталяванне. Калі ў дні рэпетыцый змена выступоўцаў на сцэне адбывалася з затрымкамі і пэўнай нервовасцю, то непасрэдна да тэлевізійнай імпрэзы ўсё было адпрацавана да аўтаматызму — выступы гуртоў аддзяляліся толькі двуххвіліннымі відэа, у якіх прадстаўляліся выступаючыя музыкі.

Фестываль выканаў сваю асноўную задачу: сапраўды аб’яднаў музыкаў з розных краін, пазнаёміў новую аўдыторыю з імі і, верагодна, стаў штуршком для новых цікавых супольных праектаў.


Відэа выступаў гуртоў

Автор: Вячеслав Радионов / Ultra-Music

Фото: Patryk Ogorzałek / Agencja Gazeta, nowiny24.pl

Группы: N.R.M., Myslovitz

Темы: Europejski Stadion Kultury

Ваш комментарий

Войти через Вконтакте Войти через Facebook

Если у вас возникли проблемы с авторизацией, сообщите нам на support@ultra-music.com