Пяць асаблівасцяў «Басовішча 2013»

У дваццаць чацвёрты раз на мяжы Польшчы і Беларусі адбыўся фестываль «Басовішча». У сёмы раз фэст наведаў галоўны рэдактар Ultra-Music і адзначыў асноўныя асаблівасці чарговай імпрэзы.

Басовішча 2013

Кожны год, як я прыязджаю на фестываль у Гарадок, я чую адную і тую ж фразу: «Басы ужо не тыя». Гэта было і ў 2006-ым, гэта было і ў 2013-ым. Але негледзячы ні на што, беларусы ўсё адно едуць на «басы», каб прасякнуцца атмасферай «легендарнага фестывалю». Праўда, ў апошнія гады іх усё ж стала значна менш.

Візы

Галоўнай праблемай апошніх фестываляў застаецца «візавае пытанне». У 90-ых і нават на пачатку 2000-ых не было асаблівай праблемы дабрацца да фэсту, таму сотні і тысячы чалавек з Беларусі ехалі на Падляшша. Пасля ўваходжання Польшчы ў зону Шэнген зрабіць візу стала дорага і цяжка — 60 еўра за аднаразовую візу і немагчымасць запісацца ў амбасаду (жадаючых паехаць «на закупы» так шмат, што звычайнаму фэстывальшчыку прабіцца праз мур інтэрнэт-рэгістрацыі ў кансулят амаль немагчыма). Нават польскі памежнік на пераходзе ў Баброўніках адзначаў, што «раней былі чэргі з меламанаў»… Нешта зрабіць у гэтай сітуацыі даволі цяжка. Кожны год арганізатары спрабуюць дамовіцца з польскім МУС і кансулятам у Беларусі пра спрошчаны рэжым атрымання візаў, але выніку гэта не прыносіць амаль ніякага. У гэты раз у апошні момант з’явілася інфармацыя, што візу можна атрымаць разам з аўтобусным турам, але за адведзеныя два дні вырашыцца на гэта ўжо не знайшлося жадаючых. Таму беларусаў на «Басовішча» становіцца з кожным годам менш…

Інфраструктура

Затое сёлетні фестываль уразіў інфраструктурай. На маёй памяці такога ніколі яшчэ не было. За сцэнай з’явіліся боксы пад грымёркі — тое, пра што так доўга мроілі музыкі ўсіх часоў «Басовішча». З улікам дажджу і вельмі халодных вечароў гэтыя новаўводзіны прыйшліся вельмі дарэчы. Як і мясцовы самагон, якім шчыра частавалі ўдзельнікаў. Верагодна, музыкаў парадавалі і тры барабанныя ўстаноўкі на сцэне — змены выступоўцаў адбываліся без затрымак.

Шмат у гэты раз было зроблена для гледачоў. З абодвух бакоў ад сцэны паставілі экраны, на якія транслявалася дзея. На ўсёй тэрыторыі фестывалю ўсталявалі інфармацыйныя стэнды з мапай, раскладам выступаў і іншай карыснай інфармацыяй. У намётавым мястэчку з’явіліся сапраўдныя душы, а не проста кадкі з вадою. Радаваў і кошт на фестывальныя цішоткі — усяго 30 злотых. З ежай і півам было ўсё як заўжды: Żubr аб’ёмам 0,4 літры па 4,5 злотых, бігас, кілбаскі, фрыткі.

Басовішча 2013

Басовішча 2013

Здарэнні

На кожным «Басовішчы», як і на любым іншым фестывалі, бываюць розныя здарэнні: часам вясёлыя, часам сумныя. 10 год таму на стаўку ў Гарадку патануў музыка гарадзенскага гурта Lastы Kusto Іван Сырэль. Не аднойчы гледачы і музыкі станавіліся ахвярамі алкаголю і атрымлівалі траўмы ды пашкоджанні. У гэты раз непрыемнасць здарылася з украінскім гуртом «Перкалаба», які трапіў у аварыю. Абыйшлося без ахвяраў, але бубнача гурта затрымала польская паліцыя. У выніку, каб не адмяняць выступ, на дапамогу прыйшлі беларусы — бубначы гуртоў Re1ikt і Dzieciuki выступілі разам з украінцамі.

Конкурс

Конкурс у гэтым годзе быў спрошчаны. Журы слухала толькі дасланыя заяўкі — ніякага «Адборышча», якое ладзілася часам раней, не было. Можна адзначыць тое, што ніхто з удзельнікаў конкурсу не здзівіў: усё знаёмыя гурты. Шмат хто з іх ужо даўно сфармаваны і гатовы да вялікіх пляцовак. Гэта падцвердзілі пераможцы ili-ili, якіх можна было клікаць наўпрост як гасцей. Яшчэ адны пераможцы, KilFil, нажаль не прыехалі.

Праграма

«Басовішча» — фестываль музыкі маладой Беларусі. Таму не дзіўна, што ў апошнія гады арганізатары спрабуюць максімальна амаладзіць склад удзельнікаў, а праз адсутнасць беларускіх гледачоў, запрасіць болей польскіх музыкаў. Напэўна, упершныю мясцовых гуртоў было больш. Сярод іх апынуліся і вядомыя — Indios Bravos і Kim Nowak.

Вельмі запамінальныя выступы далі Ilo&Friends, а таксама Orkiestra Klezmerska Teatru Sejneńskiego — адразу 16 музыкаў на сцэне «басоў» даўно не было.

Безумоўна, варта адзначыць дуэт польскага мультыінструмэнталіста Уладзімежа Кінёрскага і беларускага акардыяніста Ягора Забэлава (Kinior & Zabelov) — задуменная, эклектычная музыка прыйшлася шмат каму да спадобы.

З «нашага» боку ўпершыню на фэст прыехалі The Toobes і Clover Club, падтрымалі свой высокі статус Akute і Re1ikt, пасля зацішша на сцэну вярнуўся Vinsent, дадалі панкавага драйву Dzieciuki. Самым дасведчаным гуртом у гэты раз быў Pomidor/OFF. Ветэранаў — N.R.M., Neuro Dubel, «Крамы» ці «Палаца» — не было. І гэта, напэўна, адзіная істотная хіба праграмы фестывалю: хаця б адзін «дыназаўр» у дзень мусіць быць. Нават падавалася, што любы гурт на сцэне, які зробіць кавер, напрыклад, на «Тры чарапахі», адразу стане галоўнай зоркай. Такая гісторыя і такая сучаснасць…

Басовішча 2013

Басовішча 2013

Басовішча 2013

Автор: / Ultra-Music

Фото: BI-FOTO Reporter / bi-foto.pl

Темы:

Комментарии: 6