«Даём рады»: «Крок наперад мы ў любым выпадку зрабілі»

Музычная рэдакцыя «Еўрарадыё» ўзнагародзіла лепшых музыкаў 2013 года 7 лютага ў мінскім клубе Re:Public. Прэмія-фэст «Даём рады», якая вызначае меркаванне аўтараў рэдакцыі, паспяхова дэбютавала год таму.

Дай Дарогу!

І калі ў мінулым годзе амаль усе выступоўцы атрымалі прэміі (а галоўныя званні — «Гурт 2012» і «Альбом 2012» — падзялілі Akute і «Дай Дарогу!»), то гэтым разам выступы праходзілі асобна, а намінацыі — асобна. Выключэннем сталі хіба што Nizkiz, якія былі адзначаныя за лепшы сінгл.

З якой прычыны адбыліся змены, Ultra-Music растлумачыў адзін з арганізатараў, музычны карэспандэнт «Еўрарадыё» і вядоўца мерапрыемства Ілля Маліноўскі:

— На наш погляд, гэты год быў значна слабейшы за мінулы, — кажа Маліноўскі. — І калі паўставала пытанне аб выбары гуртоў, якія выдавалі альбомы, мы губляліся. Напрыклад, гурт сапраўды шмат чаго зрабіў, але не выдаў альбома. Выдаў сінглы два-тры, можа быць, EP, але альбома няма. Але не ўзнагародзіць яго, атрымліваецца, немагчыма. Таму зараз выступаюць гурты, якія не перамаглі, а толькі намінаваліся ці ўвогуле не трапілі ў намінацыю. Таксама мы вырашылі прытрымлівацца агульнай стылістыкі. Мы паглядзелі, што па намінацыях і пераможцах вымалёўваецца панк-стылістыка. Да таго ж, у свеце склалася традыцыя: на прэміях, каб захаваць сюрпрыз, таямніцу, выступаюць гурты, якія проста класныя. Якія класна выглядаюць разам, на якіх прыйдзе слухач. Не будзем скрываць, што мы «Даём рады» робім на ўласныя грошы, і нам прыемна, калі мы выходзім у нуль. Хаця б у нуль. І чаму людзям, якія намінаваліся і перамаглі, не даць магчымасці святкаваць гэта, а не працаваць у гэты дзень на сцэне?

Даём рады

«Альбомам 2013» стала «Czornaja Panna» гурта Litvintroll, якая абышла «Фобос» «Петли Пристрастия», лепшы па версіі выдання «Волна» расійскага часопіса «Афиша», і Pukstband. «Гуртом 2013» стаў «Ляпіс Трубяцкі», таксама ён узяў статуэтку за лепшае музычнае відэа. Удзельнікаў гурта, вядома, у залі не было, таму за ўзнагародамі падымаўся Зміцер Безкаравайны, прэс-аташэ «Ляпісаў» у Беларусі, які адзначыў, што гэтыя перамогі «сведчаць, што, нягледзячы на тое, што гурт „Ляпіс Трубяцкі“ зараз не можа даваць канцэрты ў Беларусі, ён у краіне прысутнічае». Безкаравайны, дарэчы, разам з Таццянай Заміроўскай быў адзначаны жартаўлівай прэміяй імя Алісы Жыдовіч.

— Нас літаральна прымусілі журналісты і музыкі стварыць гэтую спецыяльную ўзнагароду, — тлумачылі вядоўцы. — Менавіта імя Алісы Жыдовіч выклікала шмат спрэчак сёлета. Мы вырашылі ўзнагародзіць Змітра Безкаравайнага за гатоўнасць кінуцца на амбразуру, абараняючы журналістаў у нялёгкай сітуацыі, за смеласць і адданасць светлай справе.

А вось леташнія героі «Дай Дарогу!», дарэчы, гэтым разам не атрымалі ніводнай статуэткі. Юрый Стыльскі адразу адзначыў, што, хоць гурт і грае на фэсце ў якасці хэдлайнера, перамог у намінацыях не чакае:

— Сёння ўзнагарод ніякіх не чакаем, праўда. Колькі ўжо можна? На «Даём рады» другі раз выступаем проста таму, што мы сябры рэдакцыі і мы не задзіраем лычык, — смяецца Стыльскі. — У нас быццам бы адна пляцоўка на ўсіх. Калі нас будуць і далей запрашаць на гэтую прэмію, з задавальненнем будзем далучацца.

Neuro Dubel

Скончылі фэст Neuro Dubel, якія мелі адзін з лепшых выступаў за апошні час. У выніку ў «Еўрарадыё» атрымаўся паўнавартасны рок-фэст з моцнымі хэдлайнерамі і маладымі перспектыўнымі групамі. Самі арганізатары лічаць, што яшчэ гадоў пяць — і леташняе абяцанае «стаць як Грэмі» увасобіцца ў жыццё.

— Я думаю, што крок наперад мы ў любым выпадку зрабілі, — падводзіць вынік Ілля Маліноўскі. — Хоць бы таму, што мы робім гэтую прэмію, але разумеем, што гэты год значна слабейшы. Па-першае, сёлета большасць нашых супрацоўнікаў (амаль ўсе) пагадзілася нават праслухаць усе альбомы, таму што ў мінулым годзе было складана прымусіць інфармацыйную рэдакцыю паслухаць музыку, ацаніць на свой уласны густ. То бок сёлета галасавала значна больш людзей, таму атрымліваецца больш аб’ектыўны вынік. Гэта важна, на мой погляд. Па-другое, мне падаецца, людзей прыйшло больш, а гэта ўжо рост. Трэцяе, усё ж такі мы абрастаем нейкай гісторыяй, і сам факт абрастання гісторыяй, факт таго, што музыкі да нас самі звярталіся з прапановай выступіць, тэлефанавалі і пыталіся: «А мы што? Вы нас адзначыце ці не?», кажа пра тое, што ёсць станоўчыя водгукі. Гэта ўсё мне падказвае, што мы расцём, і не сёлета, можа, не наступным годам, але праз гадоў пяць беларускае «Грэмі» мы зробім.


Фотарэпартаж з канцэрту

Автор: / Ultra-Music

Фото: Виталий Клиндюк

Группы: ,

Темы: