Канцэрт этна-трыо «Троіца», у прынцыпе, можа адбыцца ў любы дзень. Для гэтага музыкам не трэба выбіраць паміж пятніцай і суботай, каб сабраць як мага болей слухачоў. Гэта адно з, мабыць, тысячы адрозненняў світы Івана Кірчука ад тыповага беларускага гурта.
Сціплы такі, камерны вечар у малай залі к/з «Мінск» быў менавіта ў панядзелак. Не самы добры дзень у плане наведвальнасці мерапрыемтстваў. Аднак разгублены Павел Кашырын ля ўвахода ў залю намагаўся хаця б неяк рассадзіць аматараў беларускай этнікі.
— У мяне яшчэ дванаццаць месцаў ёсць. Хто без квіткоў?
Паўла абступілі з усіх бакоў жадаючыя паглядзець на легендарных музыкаў. Увогуле расселіся. Хто на крэслах, для гэтага прызначаных, хто на стульчыках, што расставілі ў праходах залі.
— Можа месцамі з табой памяняемся? Неяк сорамна мне раптам заснуць у першым радзе будзе… — мужчына прадбачліва штурхаў у плячо сваю жонку. Тая згадзілася. Тут можна і пачынаць.
Кірчук, як і належыць яму, Івану, выйшаў на сцэну ў сваіх «озіозбарнаўскіх» акулярах. Але ўжо хутка зняў і паклаў недзе паблізу ад сябе: у вочы музыкам глядзеў. Як іграўся з імі ў некую гульню. Узяў такі ўжо тэмп у «Мар’і» ды хітра на Дзмітрыева паглядвае. Маўляў, а ну-ка паспрабуй за мной угнацца. А той з усмешкай глядзіць на Кірчука, і гітара змейкай выгінаецца.
— Я ж мяркую, зразумелі вы, што Мар’я не з гусямі, а з хлопцамі бавілася. Таму і татачка ў яе дагадлівы, як усе зразумеў, — тлумачыць Кірчук і смяецца сабе хітранька.
Заля, у якой адбываецца невялічкі шаманскі акт «Троіцы», як мага болей падыходзіць для аўтэнтычных распеваў. Здаецца, што тут музыкі змаглі б запісаць яшчэ і «жывую» версію «Зімачкі». Прычым на звычайны дыктафон.
— Аднойчы мне жанчына спявала с дзевяці гадзінаў раніцы і да ночы, — гарэзліва працягвае Кірчук. — Зразумела, што не адну песню. Іх было шмат. Ну нешта зараз і сыграем.
Слухачы неяк зусім сінхронна рэагуюць на кожны этна-шэдэўр. Пляскаў у далоні і мужчына ў другім радзе: не заснуў.
— Нарэшце і беларускі гурт здолеў сабраць залю, хоць і такую малую, — неяк сумна ўсміхнуўся Іван Кірчук. — Дзякуй вам вялікі.
Але адразу пасур’ёзнеў і папярэдзіў:
— Хто набыў кніжку ці пластынку, дык на сцэну не ідзіце! Я сам да вас выйду.
І хутка выйшаў. Але не для таго, каб падпісаць свае творы, а каб сыграць яшчэ песню. А потым яшчэ. «Троіца» вярталася на сцэну тройчы. А можа і болей. Ды і слухачы не лічылі, а стоячы пляскалі ў далоні пасля кожная песні.
— Памятаеце, была прэзентацыя «Зімачкі»? Дык у канцы студзеня мы зробім яшчэ і рэпрэзентацыю пластынкі ў філармоніі. Хутка з’явіцца рэклама, — папярэдзіў яшчэ перад канцэртам Павел Кашырын. Але менавіта на гэтай ноце можна было і скончыць.