«Твой фэст» падсумаваў дасягненьні нацыянальнага року

Nevma

Двухдзённы фэст, што прайшоў 5–6 сьнежня ў менскай кавярні «Loft», адразу ўражваў вялікай, менавіта фэстывальнай колькасьцю выступоўцаў: зь дзясятак на кожны дзень.

І калі паэтычна-бардаўскі панядзелак яшчэ можна было ўявіць у трох гадзінах, то было цікава ўбачыць хаця б толькі арганізацыю другога, рокавага дню, ня кажучы пра неблагія імёны ў сьпісе выканаўцаў.

Пачаўся вечар зь не пасьпеўшага выступіць напярэдадні Віктара Шалкевіча, які трошкі разнастаіў праграму сваімі жартаўлівымі і сумнымі аўтарскімі песьнямі. За ім адбыўся іншы адыход ад праграмы: не заўленая на фэсьце ўвогуле Наста Шпакоўская з Naka разам з клавішніцай Ірынай Кліменка зграла свае беларускамоўныя творы, выразна акрэсьліўшы пачатак рокавага дню. Па асабістых адчуваньнях, усяго на адзін трэк з ноіз-эмбіентам зьявіўся на сцэне «Князь Мышкін», адразу зьменены незаслужана мала вядомым у шырокіх колах калектывам Dzivasil, што на некалькі хвілінаў пагрузіў залю ў амаль пост-рокавае па насычанасьці этна. Нягучную частку вечару скончыў малады калектыў «Нельга забыць», што зладзіў пад лёгкі рок паэтычныя чытанкі.

Менавіта імпрэзу з канцэрта рабіла вядучая Валярына, актыўна запаўняючы вялікія паўзы наладкі паміж гуртамі і зрабіўшы іх амаль незаўважнымі. Цікавая інфармацыя пра гурты ды прэміяваньне фатографаў ды журналістаў за перамогу ў конкурсах ініцыятывы дадуць вялікую фору большасьці вядучых сёняшніх «фэстываляў», што нешта мармычуць у мікрафон. Не адставалі і музыкі: Андрусь Такінданг з Recha правёў конкурс на лепшы парны танец і ўзнагародзіў пераможцу квіткамі на канцэрт гурта ў «Графіці».

Папярэдне можна было меркаваць, што фэст — адна з салянак тых гуртоў, што павісьлі ў нявызначаным стане паміж «маладымі» і «вядомымі». Аднак па асабістых размовах з музыкамі і анонсах са сцэны, шмат у каго ў гэтым рэчышчы назравае нейкі прагрэс. Рэп-дуэт PANaNieba абяцае хутка прэзентаваць свой альбом у вялікім клюбе, а BosaeSonca зусім нядаўна прэзентавала свой сінгл «Зіма» і зьбіраецца ў наступным годзе зладзіць тур па Беларусі разам з Recha. Каманда Алеся Зайцава, хоць і прадстаўленая як поп-рок, няблага ўскалыхнула залю драйвавым гукам, прэзентаваўшы і зусім новую для Менску песьню на польскай мове.

Канчаткова разварушыць залю ўзяў на сябе задачу таксама і берасьцейскі гурт «Спрат», па назве, выгляду і канцэпцыі вельмі нагадваючы берасьцейскую «Сьцяну». Канчаткова дадала драйву магілёўская Nevma, зноўку выступіўшы ў Менску ў акустыцы, на гэты раз — з-за зламаных гітарыстам пальцаў. Зрэшты, нават у акустыцы гурт дае вагню дзякуючы моцнаму голасу Данііла Забелы, па словах якога, праграма новага дыска ўжо амаль гатовая. Завершылі магілёўскую частку выступу і сам фэст Akute, выканаўшы зорнае «Адзіноцтва», две песьні з дэбютніка ды ўжо не новую «новую» песьню «Кроў бы вада».

Арганізатары не падманулі: маленькі фэстываль апынуўся падобным на інтэнсіўны курс беларускай (чытаць: беларускамоўнай) музычнай культуры. За чатыры гадзіны на сцэну выйшла адзінаццаць імёнаў розный стылёвай накіраванасьці. Канешне, граць ім давялося па чатыры песьні і невядома, як на гэта іх падштурхнула ініцыятыва «Твой Фэст», аднак насычанасьць праграмы няслаба ўразіла. Тым больш дзіўна, што людзей на «Жыві па-беларуску, кахай па-еўрапейску!» прыйшло зусім няшмат. А з тых, хто знаходзіўся ў залі, чвэрць былі самі выступоўцы, а чвэрць — журналісты. Думаецца, прычына ў адсутнасьці рэклямы ды занадта пасьпешнай арганізацыі: вядома пра імпрэзу стала ўсяго за тыдзень. Шкада: пабываць на такім «белэкспа белмузыкі» не перашкодзіла б кожнаму менчуку.


Фотарэпартаж з фэстывалю

Автор: Андрей Лазук / Ultra-Music

Фото: Анна Юнхова

Группы: Akute, Nevma, Спрат, DZIVASIL, PANaNieba, Князь Мышкін, Анастасия Шпаковская, BosaeSonca, Нельга забыць, Віктар Шалкевіч

Ваш комментарий

Войти через Вконтакте Войти через Facebook

Если у вас возникли проблемы с авторизацией, сообщите нам на support@ultra-music.com