Рокаш: неафольк-рок для тых, хто разважае

Рокаш

Неафольк-рок гурт «Рокаш» — гурт, які ў аматараў фолька асацыюецца з непаўторным, вельмі прыгожым жаночым сьпевам, што заўжды гучыць быццам з-пад нябёсаў, і брутальным басістам. Іх стылёва разнастайная музыка дазваляе слухачу паглыбіцца ў шматбаковы таямнічы і нават філязофскі сьвет. Часам, сам не заўважаеш, як на іх выступе твае думкі, нібы па нотах, трапляюць ў нейкае іншае вымярэньне.

Па словах бас-гітарыста гурта Лявона Казакова цяжка сказаць з якога менавіта часу распачаў сваю гісторыю гурт «Рокаш». Ідэя стварэньня зьявілася яшчэ напрыканцы 2003 году, калі чацьвёрка сяброў, а менавіта Стась Багданаў, Мікола Ліпневіч, Мікола Маркоўнік і Лявон Казакоў, аб’яднаных агульнымі поглядамі на гісторыю, музыку, мову і лад жыцьця, вырашыла паспрабаваць свае сілы ў музычнай сфэры. Першапачаткова хлопцы абралі стыль beerfolk, ці піўны фольк. На працягу 2003 году яны напісалі некалькі песень у гэтай стылістыцы. Захавалася толькі тры з іх: «Наша піва», «Карчма» і «Хмяльны бранль». Заставалася адна праблема — гэтыя песьні фактычна не было каму граць, бо атрымалася так, што у гурце былі два ударнікі і два вакалісты.

І вось адным халодным студзеньскім вечарам 2004 году ўдзельнікі гурта пазнаёміліся з таленавітым гітарыстам і файным чалавекам Алесем Акульчыкам. Дзякуючы яму пачалі стварацца першыя мэлёдыі. Акрамя гэтага быў зьдзейсьнены канцэптуальны паварот у ідэйнай афарбоўцы песень. Поруч са старымі бірфолькавымі тэмамі пачынаюць зьяўляцца новыя кампазыцыі, якія мелі патрыятычную, сярэднявечную і, у некаторых выпадках, нават філязофскую афарбоўку. Самай яскравай песьняй гэтага пэрыяду можна назваць «Баляду пра ліцьвіна», якая на доўгі час стала пэўнай візытоўка «Рокаша». Аднак для больш яскравага гучаньня відавочна не хапала духавога інструмэнта. Таму распачаўся пошук чалавека, які можа граць на такім інструмэнце. І летам 2005 года да гурта далучылася таленавітая флейтыстка Вольга Драпеза.

Дзякуючы яе прыходу, ўжо пачынае фармавацца індывідуальны саўнд «Рокаша». У гэты ж час астатнія ўдзельнікі пачынаюць асвойваць новыя інструмэнты. Найбольш ўсіх зьдзівіў Мікола Ліпневіч, які за кароткі час здолеў навучыцца граць на блёк-флейтах. У той жа час Лявон пачынае аздабляць песьні гукамі варгану. Старыя кампазыцыі атрымоўваюць новую афарбоўку.

У верасьні 2004 году на фэсьце «Беларусь сярэднявечная», які праводзіўся «Рыцарскім родам сьнежнага барсу» ў Менску, адбываецца дэбютны выступ гурта «Рокаш». Некаторыя ўдзельнікі гурта ня любяць узгадваць гэты канцэрт. Бо першы блін, на жаль, аказаўся комам. Праграма была не адрэпетаваная да канца. Нельга сказаць, каб канцэрт быў цалкам правальны, але і ўдалым яго назваць будзе цяжкавата. Так ці інакш, «Рокаш» адыграў дваццаціпяціхвілінную праграму, у якую ўваходзілі песьні «Наша піва», «Карчма», «Хмяльны бранль», «Баляда пра ліцьвіна» і сярэднявечная кампазыцыя «In taberna». Гэты канцэрт акрэсьліў асноўныя недахопы гурта, і працягнуліся інтэнсыўныя рэпэтыцыі.

Нарэшце, узімку 2005 году адбылася падзея, якая аказалася калясальным штуршком у разьвіцьці гурта. Дзякуючы Вользе ў гурце зьявілася Паліна Дулінец, з чыім яркім і запамінальным голасам найдалей і пачаў асацыявацца гурт «Рокаш». Апроч цудоўнага вакалу, Паліна мела і нешэраговыя кампазытарскія здольнасьці. Такім чынам, старыя песьні атрымоўваюць новае гучаньне. Зьяўляецца і шэраг новых кампазыцый на вершы Лявона і музыку Паліны. З новай праграмай яны выступаюць на шэрагу імпрэзаў таварыства «Этна», на вечарыне-ушанаваньні памяці славутага польскага музыканта Чэслава Немена і іншых.

У сакавіку 2005 году «Рокаш» прымае ўдзел у конкурсе маладых выканаўцаў сярэднявечнай музыкі «У гонар каралевы Боны». На гэтым фэсьце гурт атрымоўвае спэцыяльны прыз ад радыёканала «Культура» — некалькі гадзінаў запісу на студыі, а таксама спэцыяльным дыплёмам за лепшы вакал была адзначаная Паліна Дулінец. Вясною-летам 2005 году гурт прымае ўдзел у шэрагу фэстаў і імпрэзаў, найбольш значнымі зь якіх можна назваць фэст «Замак Гедыміна» ў Лідзе, Лошыцкі фэст у Менску, грае ў менскім клюбе «Рэактар» на разагрэве ў гурта «Стары Ольса», прадстаўляе на выставе «СМІ ў Беларусі» радыёканал «Культура». Зьяўляюцца новыя песьні, найбольш значнымі зь якіх сталі «Стары замак» і «Запалі агонь». Напрыканцы лета на студыі канала «Культура» робіцца запіс некалькіх песень. Таксама ў гэтым годзе гурт прымаў удзел у фэсьце сярэднявечнай культуры «Legenda Autuna», дні беларускага пісьменства ў Камянцы, на рыцарскім фэсьце «Беларусь сярэднявечная-2», дзе «Рокаш» цалкам рэабілітаваўся за мінулагодні ня вельмі ўдалы выступ, на канцэрце «Сярэднявечныя каляды». На жаль, зімою 2006 году з гурта, па асабістых прычынах, сыходзіць адзін са стваральнікаў гурта і вакалістаў Мікола Маркоўнік.

Аднак гэта ўжо не магло спыніць імклівае разьвіцьцё калектыву. Найдалей яны бяруць удзел у шматлікіх імпрэзах, канцэртах й фэстах. У 2007 да гурта далучаецца ударнік і перкусіяніст Міхаіл Кінчын (Маўс), а гурт даў канцэрт у культавым маскоўскім клюбе «Археология». У 2009 годзе «Рокаш» прымае ўдзел у фэстывалях «Меджібіж», «Тріпільске Коло», «Грунвальдскі Фэст», «Калядны фэст», дае шэраг сольных выступаў у клюбе «Графіці». У тым жа 2009 годзе адбыліся зьмены і ў складзе «Рокашаў». Барабаны з таго часу падуладныя новаму ўдзельніку гурта Аляксею Яфрэменка.

2010 год яшчэ толькі пачаўся, а гурт ужо выступіў у Jolly Roger Cafe на народзінах гурта Ars Longa і мае на мэце ўзяць удзел у «Фольк-рок вясьне» й Women’s fest 2010. У дадзены момант гурт працуе над запісам доўгачаканага дэбютнага альбому, у склад якога павінны ўвайсьці як старыя кампазыцыі, так і некалькі новых, яшчэ невядомых шырокаму колу слухачоў.

Цяперашні склад гурта:

  • Паліна Дулінец — вакал, аўтар музыкі
  • Лявон Казакоў — бас-гітара, бэк-вакал, аўтар тэкстаў
  • Алесь Акульчык — гітара, аранжыроўкі
  • Мікола Ліпневіч — клавішы, перкусія
  • Ганна Давыдава — флейта
  • Аляксей Яфрэменка — барабаны.

Автор: Анастасия Сычевская / Ultra-Music

Фото: rokash.com

Группы: Rokash

Ваш комментарий

Войти через Вконтакте Войти через Facebook

Если у вас возникли проблемы с авторизацией, сообщите нам на [email protected]