«Кальмары» запісалі альбом і прэзентуюць сінгл «Жоўтыя тухлі»

Бярозаўскі гурт «Кальмары» скончыў працу над доўгачаканай дэбютнай кружэлкай і прэзентуе на Ultra-Music першы сінгл з яе — «Жоўтыя тухлі».

Дэбютны альбом «Кальмараў» мае назву «Пад піва» і змяшчае 11 песен і 3 бонус-трэкі. Большасць кампазіцый ужо добра вядомая слухачам, бо амаль усе яны выконваліся на канцэртах, але ёсьць і тыя, якія яшчэ ні разу не гучалі на выступах гурта.

«Альбом называецца „Пад піва“, таму што мы і ёсьць прысмакі да гэтага напою, і наш музычны стыль менавіта такі, — жартуе вакаліст і аўтар тэкстаў гурта Сяржук Машковіч. — Агульная ідэя альбому — гэта свет пазітыўнага настрою, у якім няма аніякіх праблемаў, а ёсьць толькі радасць і своеасаблівы рэлакс. Таму і па гучанні альбом атрымаўся ў межах ад палётна-лёгкага да мажорна-цяжкаватага».

Запісваўся альбом на студыі «Таксофон» пад Мінскам сябрам гурта і вядомым музыкам Паўлам Яноўскім («Пару рублей», IQ48). Першы сінгл з альбому называецца «Жоўтыя тухлі». «Гэта песенка пра хлопчыка-патрыёта, якога не аднойчы хацелі запрасіць паздымацца ў Галівудзе. Але ён заўсёды адмаўляўся, таму што ягоны прынцып — быць вядомым тут і з асалодай папіваць віно з суседам, — распавядае Сяржук Машковіч. — А ўвогуле нашыя песьні — гэта сцёб над рознымі жыццёвымі абставінамі».

Пасьля доўгай працы над альбомам у студыі, музыкі гурта «Кальмары» рыхтуюцца да вяртаньня на канцэртныя пляцоўкі. Прэзентацыя альбому «Пад піва» мае адбыцца на пачатку наступнага году.

Автор: / Ultra-Music

Группы:

Комментарии: 2