Канцэрт памяці Рыгора Барадуліна

24 лютага ў малой зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбудзецца канцэрт памяці Рыгора Барадуліна. У канцэрце бярэ ўдзел новы праект Сяргея Доўгушава і гурта Vuraj — Harmonic Style, а таксама кампазітар, вядучы, артыст Белдзяржфілармоніі Вячаслаў Пяцько.

24 лютага споўнілася б 80-гадоў Народнаму паэту Беларусі Рыгору Барадуліну. Адмыслова да юбілея лідар гурта Vuraj саліст Белдзяржфілармоніі Сяржук Доўгушаў падрыхтаваў праграму народных песняў Вушаччыны — тых самых якія праз усё жыццё натхнялі дзядзьку Рыгора.

— У адну з сустрэчаў Барадулін падарыў мне маленькую кніжачку «Песні матчыны з Вушаччыны», якую ён уклаў з народных песняў роднага рэгіёна, — распавядае Сяргей Доўгушаў. — Гэта розныя песні: веснавыя, восеньскія, жніўныя, вясельныя, хрэсьбінныя, валачобныя, застольныя. Справа ў тым, што менавіта ў гэтых песнях увесь Барадулін, літаральна ўсё ягонае жыццё. Песні надзвычай глыбокія, мы працуем над праграмай, ходзім як фанатыкі. З гэтым матэрыялам няпроста працаваць: калі прыдумваеш да словаў музыку, песня літаральна пачынае дыктаваць свае ўмовы.

Квіткі: 70 000–80 000. Квіткі можна набыць у касах Белдзяржфілармоніі (пр-т. Незалежнасці, 50; пр-т. Незалежнасці, 44; падземны пераход станцыі метро пл. Якуба Коласа), а таксама ў тэатральна-канцэртных касах і ў касах білетных аператараў.