Адкрыццё новага сезону «Дударскага клубу»

2 лістапада ў клубе Re:Public адбудзецца адкрыццё пятага сезону фальклёрна-танцавальна-алкагольных вечарынаў «Дударскі клуб».

З маленькага бара за пяць год вечарыны дараслі да фармата вялікага клуба, і ў гэтым сезоне сустрэчы будуць адбывацца, традыцыйна праз сераду, у клубе Re:Public. Гледачоў чакаюць гучанне дудаў (беларускіх і ня толькі), спевы і танцы, атмасфера карчмы, традыцыйнае шаленства, шмат піва і весялосьці.

2 лістапада адбудуцца выступы адмысловых гасьцей, беларускія і еўрапейскія народныя танцы + джэмы ад дудароў і бубначоў з гуртоў «Стары Ольса», Testamentum Terrae, «Келіх кола», Cornucopia i iншых. Для жадаючых – бясплатныя майстар-класы, кансультацыі ў настройцы і карыстанні інструментам.

2 лістапада, клуб Re:Public (вул. Прытыцкага, 62). Пачатак у 19:00. Квіткі: 15 000. Дударам з дудой уваход вольны! Таксама дудар з дудой можа правесьці аднаго чалавека бясплатна.