Tuzin.FM прадстаўляе: паўналецьце Паліны Рэспублікі

. Начало в 19:00

Імя Паліны Рэспублікі стала вядомым пасьля перамогі на фэстывалі «Бардаўская восень-2011». Яна ачаравала сваімі песьнямі журы і публіку, а праз сацыяльныя сеткі яе песьні разышліся далей. Фактычна на першым сваім канцэрце на адкрыцьці «Арт-сядзібы» Паліна ўжо сабрала аншляг. Фурор выклікаў і яе выступ у межах праекту «Тузін. Unplugged». Відэа песьні «Як ты» («Радзіма») літаральна за некалькі дзён праглядзелі больш за 1000 разоў. Пасьля гэтага маладую сьпявачку сталі актыўна запрашаць на розныя імпрэзы. Як прызнаецца Паліна, часам запрашэньняў было так шмат, што даводзілася пару разоў адмаўляцца.

8 красавіка для яе будзе асаблівым днём, і ня толькі з нагоды 18-годьдзя. На сваё паўналецьце Паліна Рэспубліка пры падтрымцы парталу Tuzin.FM вырашыла зрабіць вялікі сольны канцэрт. «Калі я толькі пачала пісаць песьні, у мяне была мара сыграць канцэрт менавіта на дзень народзінаў. Гэта будзе бадай што самы адказны для мяне выступ. Я адчуваю, што трэба падвесьці рысу пад пэўным этапам сваёй творчасьці і разумею, што далей будзе ўсё трошкі па-іншаму», — кажа сьпявачка.

Паслухаць сэт Паліны з сумеснага канцэрта з гуртом «Рэха» можна на сайце «Графіці».

У гэты вечар Паліна рыхтуе вялікую праграму, якая ўмоўна будзе падзелена на тры часткі — сольную, пры ўдзеле кантрабасу і рокавую. У першай сьпявачка выканае свае старыя і новыя песьні пад адну гітару. У другой сыграе разам з Эрыкам Арловым-Шымкусам, зь якім разам і атрымала перамогу на «Бардаўскай восені». А ў трэцяй упершыню сыграе ў складзе рок-гурта. Паліна зрабіла некалькі песень разам з музыкамі з гурта Hasta la Fillsta.

Кошт квітка — 50 000 руб.