Унікальныя і непаўторныя Guda і «Стары Ольса»

. Начало в 19:00

Сумесны канцэрт гуртоў Guda і «Стары Ольса» меркавалася зрабіць у красавіку. Але тады ў сувязі з надзвычай сумнай падзеяй, імпрэзу вырашана было перанесьці. Канцэрт адбудзецца 20 траўня.

Да гэтага выступу Guda падрыхтавалі сапраўдны сюрпрыз. Гурт упершыню ў сваёй гісторыі прадставіць электрычную праграму з рок-складам. Яна створана разам з музыкамі з готык-мэтал каманды Volk. Удзельніца гурта Вікторыя Міхно распавядае, як яны да прыйшлі да такога фармату: «Больш за 10 гадоў Guda выпрацоўвала сваю эстэтыку сьпеву акапэла на падставе лепшых узораў беларускага фальклёру. Яшчэ 10 гадоў мы шукалі шляхі, якімі гэтую эстэтыку можна было б увесьці ў кантэкст сучаснай музыкі. Нашы экспэрымэнты былі заўжды сьмелымі. Мы выпрацоўваем сваю музычную стылістыку і маем сваё бачаньне фальклёру, якое распаўсюджваецца і на далекае мінулае і сёньня».

Як і для «гудаў», для «Старога Ольсы» гэта будзе першы выступ у клюбе «Графіці». Музыкі ўспрынялі ідэю праекту літаральна і вырашылі наогул не выкарыстоўваць электрычнасьць. Лідэр каманды Зьміцер Сасноўскі кажа, што такім чынам слухачы атрымаюць магчымасьць пачуць сапраўдны «жывы» балянс старадаўніх інструмэнтаў. «Спалучэньне ціхай лютні і гучнай дуды, рамантычнай флейты і агрэсіўных барабанаў, высакароднага рэбека і пранізьлівага шалмея створаць своеасаблівы характар і дазволяць перанесьціся ў часе», — упэўнена заўважае Зьміцер. «Ольсы» плянуць выступаць поўным складам ды зайграць праграму з сваіх найлепшых твораў.

Падчас выступаў гледачы змогуць задаць пытаньні музыкам. Весьці імпрэзу па традыцыі будзе Алег Хаменка, музыкант і радыёвядучы. Да ўсяго, наведнікі канцэрту маюць шанец атрымаць прызы ад сяброў мерапрыемства.

Кошт: 60 000 рублёў.