Дзень у гісторыі: 1–7 кастрычніка

Ultra-Music узгадвае яскравыя моманты ў гісторыі беларускага року. Кожны тыдзень мы распавядаем пра тое, што адбывалася ў гэтыя дні год-пяць-дзесяць таму.

1 кастрычніка

1 кастрычніка 2004 года на канцэрце ў «Рэактары» гурт «Крамбамбуля» прадставіў слухачам сваю новую вакалістку — Гюнэш Абасаву. Разам з Гюнэш гурт выпусьціў альбом «Радыё Крамбамбуля 0,33 FM», дзе яна разнастаіла азербайджанскім каларытам адразу чатыры песні: «Наргыз», «Растаньне (Ayrilig)», «Кураняткі (Cucelerim)» і «Марны крык душы (Feryadim nafile)». Нажаль, супрацоўніцтва было нядоўгім: ужо ў лістападзе Гюнэш першы раз спрабуе трапіць на «Еўрабачанне». Так яна стала адным з сімвалаў адбору на фестываль у Беларусі, штогода марна спрабуючы паехаць на гэтае свята для хатніх гаспадынь…

Праз год 1 кастрычніка ў Палацы спорту выступала Земфіра. Рэдкі прыезд расійскай зоркі супаў з прэзентацыцяй новага альбома «Вендетта». Самай запамінальнай часткай канцэрту стаў момант, калі Земфіра зняла з аднаго з міліцыянтаў фуражку і выканала ў ёй адну з песняў. Міліцыянт быў не супраць такога экспромту. А маглі б завінціць і на суткі адправіць!

1 кастрычніка 2009 года выйшаў альбом «Африка» гурта «Без билета». «Альбом „Африка“ не столькі пра канкрэтную частку сушы, колькі пра Свет пад Сонцам, — казаў лідэр гурт Віталь Артыст. — Наша Афрыка — гэта ўяўленні і мары аб далёкіх краінах, дзе ніколі не канчаецца лета. І, ў адрозненне ад нашых папярэдніх работ, больш паглыбленых у сябе, гэта альбом-экстраверт».

2 кастрычнiка

2 кастрычнiка 1999 года ў мінскiм ПК «Сукно» прайшоў першы адборачны тур рок-фэсту «Першая пляцоўка», арганiзаванага прамоутэрскай групай VMC. У канцэрце ўдзельнiчалi маладыя рок-каманды Мінску i ўсёй Беларусi, а некаторыя з iх выходзiлi на пляцоўку ўвогуле ўпершыню. Сярод выступоўцаў значыліся гурты Persona Grata, «Гаврош», Aquadiv, Green Oak, Jolly Roger, «Третий состав», «Корм для рыбок»… «Тяни-толкай», а ў журы былі прадстаўнікі фiрмы «Ковчег», лiдар некалi папулярнага гурта «Сузор’е» Андрэй Казлоўскі, а таксама вядучы музычных праграм радыё «Бi-эй» Аляксей Пратасаў. Пераможцам конкурсу стаў гурт «Жнюв».

3 кастрычніка

3 кастрычніка 1992 года адбыўся канцэрт «Рок чистой водки». Чым ён прыкметны? На тым канцэрце выступалі Neuro Dubel, і менавіта пасля яго, па словах Аляксандра Кулінковіча, гурт выйшаў на іншы ўзровень. «Мне здаецца, што злашчасны канцэрт 3 кастрычніка, калі ўсе панапіваліся і проста паваліліся на сцэне, быў патрэбны, інакш мы б да гэтага часу засталіся дваравым гуртом. А зараз я вазьму на сябе смеласць заявіць, што Neuro Dubel дваравым гуртом не з’яўляецца», — казаў у адным з інтэрвію Дзядзя Саша.

3 кастрычніка 1998 года ў клубе «Рыф» (быў такі на вул. Няміга, 30) адбылася канцэртная прэзентацыя новага альбому гурта «Красные звёзды»… «Русский порядок». «Словы песень сталі яшчэ больш лабавыя, а лозунгавасць звузілася да схематызму: „Рэвалюцыя, мы любім цябе“, „Рукі пацягнуліся да сякеры“, „Усе сышлі на фронт“. Як звычайна ў песнях шмат „патронаў“, „стрэлаў“ і „крыві“. Усё ж такі Селіванаў „душыць“ у сабе лірыка, а дарма: пра рэчы, якія яго турбуюць, можна спяваць нягучна і без надрыву», — пісалі ў адной з рэцэнзій на альбом.

4 кастрычніка

4 кастрычніка 1996 года ў ПК Прафсаюзаў адбыўся канцэрт гурта «Ляпис Трубецкой» «Смяротнае вяселле». Запіс таго выступу быў выдадзены як на аўдыёкасэтах, так і ў выглядзе відэаверсіі. Менавіта на ёй можна ўбачыць, як падчас выканання песні «Евпатория» Сяргей Міхалок так разышоўся, што зваліўшыся ў музычным экстазе на калені, парваў свае шыкоўныя белыя штаны. Зараз такога няма, як і няма тых «Чаечек», «Аў», «Абы чо», «Зеленоглазого такси». І дзякуй Богу!

4 кастрычніка 1999 года адбылася першая ў гісторыі беларускай музыкі інтэрнэт-прэзентацыя! БМАgroup выклалі на сваім сайце, які тады хосціўся на бясплатным сэрвісе agava.ru і не захаваўся да цяперашняга часу, песні з альбому «Цэпеліны» гурта «Новае Неба». Сам альбом быў выдадзены на кружэлках літаральна праз пару дзён. «У гэты раз мы падышлi да работы больш канцэптуальна. Альбом невялiкi — толькi дзесяць песень, але ўсе песнi скампанаваны па духу і гэта ўжо не кампiляцыйны альбом, як было раней. Альбом стаў самым жорсткiм у нашай гісторыі, але не думаю, што мы будзем далей разьвiвацца у такiм накiрунку — гэта ужо будзе нейкі трэш», — казала Кася Камоцкая пра рэліз. Зрэшты, далейшага развіцця ў гурта і не было. «Цэпеліны» — апошняя студыйная праца «Новага Неба».

5 кастрычніка

5 кастрычніка 2010 года ў Мінск прыехалі Limp Bizkit. Канцэрт спачатку анансаваўся ў «Мінск-Арэне», але потым быў перанесены ў Палац спорту. Яшчэ адным расчараваннем таго дня стаў «разагрэў»: няўцямны выступ гурта Bazza. BY нямала здзівіў публіку. Потым стала вядома, што Bazza. BY — новы праект Вітаўта Цішкевіча, заснавальніка гурта «Карпатия». Здаецца, больш канцэртаў Bazza. BY ніколі і не было…

6 кастрычніка

6 кастрычніка 2006 года на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі, як кажуць відавочцы, «адбывалася рэвалюцыя». Пад назвай спектаклю «S-музыка» хавалася мастацтва крайняга авангарда: спачатку Greg-percussion group зладзілі музычны перформанс, граючы як на класічных ўдарных, так і на каструлях, пэт-бутэльках, талерках і табурэтках, а потым фольк-тэатр «Госцiца» на чале з мастацкім кіраўніком Ларысай Сімаковіч презентаваў сваю інтэрпрэтацыю «Сымона-музыкi» з ударнымі, ксілафонам, фартэпіана, трубой і аўтэнтычнымі вакальнымі партыямі.

7 кастрычніка

7 кастрычніка 2004 года, у дзень нараджэння Тома Йорка, адбыўся канцэрт-трыб’ют Radiohead. Дзея адбывалася ў клубе «Remix 82» (як толькі гэты закуток на Чкалава, 12 не называўся: і «28», і «Цветы», і Yo-Yo). Першая спроба зрабіць канцэрт-прысвячэнне «радыёгаловам» узнік у сакавіку 2003 года. Тады імпрэзу ў Моладзевым тэатры эстрады зладзілі Ігар Загумёнаў з гурта Zigzag і Аляксандра Рудніцкая з гурта «Мания величия». Спроба была ўдалай, таму праз год з гакам вырашылі паўтарыць. 7 кастрычніка ў «Remix 82» выступілі гурты Stilout, «ЛОяльный муравей», Rosary і «Петля Пристастия».

Автор: / Ultra-Music

Комментарии: 6
  • Калі рыхтаваў падборку падзеяў у розныя гады, меня не пакідала думка, як усё хуткаплынна змяняецца: не засталося сайтаў на home.by і тым болей архіваў БМА на agava.ru, не засталося нават старога сайту N.R.M. з неверагоднай двіжухай у гасцёдні. Больш за тое, зараз нават знайсці кліп на «Цэпелінаў» на youtube не атрымалася. Трэба хатнія архівы ўздымаць, хоць частка згубленая нядаўна была… Шкада…

  • Злобный критик:

    Laibach не забудьте по осени , меломаны…