Дзень у гісторыі: 8–14 кастрычніка

Ultra-Music узгадвае яскравыя моманты ў гісторыі беларускага року. Кожны тыдзень мы распавядаем пра тое, што адбывалася ў гэтыя дні год-пяць-дзесяць таму.

8 кастрычніка

8 кастрычніка 2008 года ў малой залі КЗ «Мінск» адбылася прэзентацыя новага альбому Алеся Камоцкага «З бацькоўскай кружэлкі». Альбом атрымаўся канцэптуальным: у яго ўвайшлі перакладзеныя на беларускую мову папулярныя песні савецкіх часоў, напрыклад, «Утомлённое солнце», «Шумел камыш», «Старый клён». «Альбом не скіраваны ні на якую аўдыторыю. Як пісаў адзін чалавек у рэцэнзіі на адну з маіх кніжак, „ствараецца ўражанне, што Камоцкі гэта ўсё піша для сябе“. Вось такое ў іх стварылася правільнае ўражанне, таму што я і сапраўды пішу гэта для сябе. І калі гэта будзе яшчэ камусьці цікава, то мне будзе прыемна», — казаў пра новую праграму Алесь. Тым не менш, яна атрымалася вельмі паспяховай, бо кастрычніцкі канцэрт быў прэзентацыяй «на біс» пасля чэрвеньскага аншлагу.

9 кастрычніка

9 кастрычніка 1996 года — памятная дата для «Троіцы». Менавіта ў гэты дзень, па словах Змітра Лук’янчыка, бубнача першага складу трыо, іх дэма-запіс трапіў у рукі музыкаў ДДТ. Так «Троіца» спачатку выступіла на разагрэве ДДТ у Мінску. «Варта адзначыць лёгкі шок публікі, калі перад выступам ДДТ на сцэну выйшаў Шаўчук і абвясціў: маўляў, ДДТ для вас яшчэ сёння зграе, але спачатку паслухайце, якія таленты жывуць сярод мінчукоў… „Троіцы“ апладзіравалі апантана», — нагадвае тыя падзеі МГ. А ў чэрвені 1997 года «Троіца» паехала ў Санкт-Пецярбург і выклікала першы фурор за мяжой.

9 кастрычніка 1999 года ўпершыню ў Мінск прыехаў гурт «Запрещённые барабанщики». Канцэрт адбыўся ў клубе «Реактор» і, як узгадваюць сведкі, на сцэне было ўсталявана мноства барабанаў рознага калібра, што стварыла адпаведную назве гурта атмасферу. «Вечар прайшоў у цёплай сяброўскай абстаноўцы пад бесперапынны бой барабанаў, які ўдала гарманаваў з весяленькімі тэкстамі. Адпрацавала каманда добрасумленна, ужывую, вельмі весела і эмацыйна», — хто ж цяпер гэта ўзгадае…

9 кастрычніка 2010 года Лявон Вольскі ўпершыню выступіў у Лондане. Лідар «Крамбамбулі» і тады яшчэ N.R.M. зрабіў для брытанскай дыяспары агляд сваёй творчасці за 20 гадоў — ад самых першых песень да самых апошніх.

10 кастрычніка

10 кастрычніка 1997 года анансаваўся канцэрт легендарных дэт-металістаў Vader у Мінску. Яны вярталіся на родную ольштынскую зямлю пасля свайго канадска-амерыканскага турнэ і маглі выступіць у Беларусі. Але канцэрт палякаў не адбыўся. У выніку замест Vader выступілі беларускія гурты Exhumator і Frodmortell і маскоўская каманда Stonehenge.

10 кастрычніка 2007 года N.R.M. прэзентаваў свой апошні на дадзены момант альбом «06». Прэзентацыя шматпакутнай плыты адбылася ў клубе-казіно «Фартуна». Каб пазбегнуць чарговай адмены, канцэрт амаль нідзе не афішавалі, тым не менш аншлаг быў непазбежны… Напэўна, апошні канцэрт N.R.M., пасля якога можна было казаць «ааааах!»: 2,5 гадзіны старых і новых песень, чарговая новая фрызура Вольскага і Паўлаў у шляпе, значкі фан-клубу на вопратцы музыкаў, хор з дзетак на «Mama, tata, heta ja», няспынны слэм і ручаі поту з людзей. Няма таго, што раньш было…

11 кастрычніка

11 кастрычніка 2001 года ў Мінску адбыўся канцэрт легенды нарвежскага блэк-метала, аднаго з заснавальнікаў стылю і ягонага сімвала — гурта Mayhem. Свой культавы статус гурт набыў пасля смерці гітарыста Еўронімуса, якога забіў Варг Вікернэс, стваральнік Burzum. А да Мінску з першага складу гурта даехаў толькі басіст Necrobutcher. Праз праблемы з мытняй выступ у Мінску быў перанесены на дзень пазней, маскоўскі канцэрт таксама пасунулі па датах, а піцерскі ўвогуле адмянілі. Канцэртам у «Рэактары» засталіся задаволеныя як гледачы, так і музыкі. Апошнія, праўда, пажаліліся, што хацелі сыграць болей, чым ім далі, назваўшы гэтую сітуацыю «каменданцкім часам», затое ніхто ім не перашкаджаў кідацца на сцэне свінымі галовамі.

11 кастрычніка мінулага года ў Палацы спорта выступалі героі новага часу — гурт Hurts. «Hurts прывезлі ў Мінск сапраўдную брытанскую пастаноўку, вывераную да дробязяў, без лішніх дэталяў. Можа быць, злёгку адхіленую ад гледачоў і часам напышлівую, але ўсё гэта, мабыць, дыктавала пачуццё стылю саміх музыкаў. Ну, а ў брытанцаў яго не займаць», — пісалі мы пра той канцэрт.

12 кастрычніка

12 кастрычніка 2000 года — яшчэ адна знакавая дата ў гісторыі N.R.M. У гэты дзень гурт прэзентаваў у КЗ «Мінск» свой самы паспяховы альбом — «Try čarapachi». З гэтага канцэрту пачаўся яшчэ і «Тур на Возера Трох Чарапахаў» — першы вялікі канцэртны тур рок-гурта ў Беларусі. «Пачалі мы запісваць альбом год таму ў Польшчы, гэты запіс нас не задаволіў, і мы яго фактычна паўторна перапісалі ўжо ў Мінску на X-Noise Factory у Гены Сыракваша. Цяпер можна сказаць, што гэта лепшы матэрыял, што калі-небудзь запісваў N.R.M.», — прызнаваўся Алезіс Дзямідовіч. «Гэта першы канцэптуальны альбом гурта, бо ранейшыя ўспрымаліся ня болей чым складанкі песень. І яшчэ яны зрабілі галоўнае — напісалі „неадчэпную“ песню, з якой да скону свайго будуць асацыявацца», — адзначаў праз шмат гадоў у рэцэнзіі Сяргей Будкін. Ва ўнісон яму пісаў Алег Клімаў: «Геніяльны альбом. Па вялікім рахунку, „Чарапах“ я стаўлю ў адзін шэраг з „Танцамi на даху“ ULIS: за ўсю гісторыю беларускага року гэта два яго самых вялікіх альбома».

12 кастрычніка 2003 года з’явіўся ў сеціве «Тузін Гітоў». Інтэрнэт-праект, які прапагандуе музыку, створаную ў Беларусі, і заахвочвае да праслухоўвання беларускіх твораў як мага большую колькасць людзей, працягвае паспяхова існаваць дагэтуль. Віншуем калегаў і зычым далейшай плённай працы!

13 кастрычніка

13 кастрычніка 2006 года была пятніца… Нядзіўна, што і нагода для канцэрту знайшлася. У клубе Step (цяпер гэта Re:Public, а тады не самы вялікі клуб з адным танполам і більярднымі сталамі) адбыўся фольк-pagan фэстываль «Пятніца, 13». Выступалі гурты Znich, «Камаедзіца», «Сонцаварот» і Guda, а арганізатар фэсту Віталь Супрановіч падкрэсьліваў, што «менавіта творчасць гэтых гуртоў адлюстроўвае містычны складнік беларускага дахрысціянскага фальклору».

13 кастрычніка 2007 года ў Баранавічах выступаў гурт «Фляус и Кляинн». Узгадалі гэтую дату нават не дзякуючы наваполацкім музыкам (нажаль, цікавы фрыкаваты гурт так і застаўся ў сваім каляхрысціянскім асяродку і не стаў сапраўднай з’явай у беларускай музыцы), а клубу NSL. Для Беларусі, дзе нават не ў кожным абласным цэнтры ёсць дзе паслухаць жывую музыку, гэты клуб быў сапраўды крутым. Але і ягоны лёс быў нявечны. Праіснаваўшы 5 гадоў і 2 тыдні ён быў зачынены ў чэрвені 2009…

14 кастрычніка

14 кастрычніка 1972 года нарадзіўся адзін з самых нестандартных сучасных музыкантаў Беларусі Сяргей Пукст! Выхадзец са знакамітай у класічным жанры дынастыі, ён прысвяціў сваё жыццё пошукам новых музычных адценняў. Ад псіхадэлічных эксперыментаў у складзе гурта «Король пчёл» у 90-х да вынаходству ўласнага стылю «нігілістычны джаз» у рамках сольнай кар’еры ў 00-х. Каля двух гадоў назад Пукст раптам абвясціў аб сканчэнні канцэртнай дзейнасці, але ў гэтым годзе вярнуўся з новым альбомам «Внутреннее», які прэзентаваў два тыдні таму.

Автор: / Ultra-Music

Комментарии: 3
  • Fevra:

    Сельниченко начал рекламировать концерт Vader, когда группа об этом ничего не знала. Они к нам не собирались даже. На том концерте еще выступали Frodmortell из Заславля и Stonehenge из России.

  • Віцяй Бялуга:

    «Пачалі мы запісваць альбом год таму ў Польшчы, гэты запіс нас не задаволіў» — Вольскі яўна не дагаворвае, бо тое «незадавальненьне» выявілася ў прамысловым накладзе сінгла «Самотнік», 2000 (ну масьлянае масла, што ж зробіш), куды ўвайшлі акурат запісы студыі «Zlota skala». Пра сур’ёзнасць канторы кажа хоць тое, што ў 1993 там зводзіла свой канцэртнік «MAANAMaania» легендарная Kora (Яцкоўска). Тыраж выйшаў на фірме «Pomaton-EMI», іх усё задаволіла, бо ня танная студыя.