Дзень у гісторыі: 3–9 верасня

Ultra-Music узгадвае яскравыя моманты ў гісторыі беларускага року. Кожны тыдзень мы распавядаем пра тое, што адбывалася ў гэтыя дні год-пяць-дзесяць таму.

3 верасня

3 і 4 верасня 2010 года пад Мінскам праходзіў фестываль «Бархатный сезон». Мерапрыемства абяцала быць цікавым і маштабным: 2 сцэны, 3 дзясяткі гуртоў (у тым ліку замежныя госці — Parov Stelar Band, Pur:Pur, Dusty), шмат забаўляльных зон. Атрымалася далёка не ўсё з абяцанага, а адну сцэну проста не паставілі. Затое ў тыя ж дні былі адмененыя знакамітыя «гастролькі». Зрэшты, мала што змянілася: зацвярджаць мерапрыемствы ўсё адно трэба ў выканкамах, а гуртам з «чорнага спісу» нармальна выступаць не даюць дагэтуль.

4 верасня

4 верасня 1998 года ў Мінск прыязджала «Аліса» з праграмай «Трасса Е-95». Гэта песня з’явілася ў рэпертуары гурта годам раней, але за кароткі тэрмін стала адной з самых паспяховых у гісторыі гурта Кінчава. Але, па ўспамінах гледачоў таго канцэрту, саму песню «Трасса Е-95» гурт так чамусці і не выканаў. Трэба дадаць толькі, што канцэрт адбыўся ў кінатэтары «Кастрычнік», у якім у той час праходзіла шмат музычных імпрэзаў. Квіткі каштавалі ад 200 да 700 тысяч «зайчыкаў». Да дэнамінацыі заставалася яшчэ 2 гады.

5 верасня

5 верасня 2009 года ў Беларусі раптам з’явілася рок-алея. На фестывалі «Рок за Бобров» у Сілічах пад Мінскам ганаровыя госці фэсту і ягоныя хэдлайнеры («Без Билета», J:Морс, «Океан Ельзи») пасадзілі 92 дрэвы. Тады арганізатары абяцалі, што гэта стане штогадовай традыцыяй. Але ўжо на наступны год пра яе паспяхова забылі.

6 верасня

6 верасня 2004 года БМАgroup паведаміла пра пачатак падрыхтоўкі трэцяй часткі зборніка беларускамоўнага цяжкага року «Hard Life Heavy Music». Удзельнікаў кампіляцыі тады вырашылі выбіраць пры дапамозе інтэрнэт-галасавання. З паўсотні гуртоў у складанку трапілі 18, сярод якіх Divina Enema, Deadmarsh, Znich, Kamaedzica, Soulsides, Imprudence і шмат іншых.

7 верасня

7 верасня 2005 года ў Варшаве пачаўся фестываль «На скрыжаванні культур», дзе разам з гуртамі з Украіны, Францыі, Арменіі і іншых краін бралі ўдзел і беларускія музыкі. Сярод іх блюзавы калектыў Svet Boogie Band, які за пару гадоў атрымаў шэраг узнагародаў, а праз год паехаў ад Беларусі ў Лондан на The Global Battle Of The Bands, фолк-гурт Osimira, а таксама супольны праект «Народны альбом».

8 верасня

8 верасня 1989 года пасля фестывалю «Рок-багема» ў Днепрадзяржынску пра свой сыход з гурта «Мроя» аб’явіў адзін з яго заснавальнікаў Уладзь Давыдоўскі. Яго сыход наспяваў не адзін месяц. На яго месца гурт хутка знайшоў замену: новым гітарыстам стаў Венедыкт Конеў-Петушковіч, які раней выконваў функцыі студыйнага гукарэжысёра гурта. Сам жа Давыдоўскі на даволі працяглы час знік з музычнага жыцця і вярнуўся толькі ў 1993 годзе з альбомам «Вялікае Княства», запісаным разам з Юрыем Паўлоўскім (зараз іграе ў “Троіцы”) , Лявонам Нарушэвічам, вядомым па гурту «Зарціпо» і ўласнаму імправізацыйнаму праекту «Князь Мышкін», Валерам Башковым і Валерам Беляевым.

Роўна праз чатыры гады ў гісторыі «Мроі» адбыўся яшчэ адзін вызначальны момант. 8 верасня 1993 года музыкі гурта пазнаёміліся з Пітам Паўлавым. Адбылося гэта на фестывалі «Аршанская бітва», які ладзіўся у гонар Дня беларускай вайсковай Славы ля мінскага опернага тэатру. «Я неяк заўважыў, што на канцэртах у натоўпе, а потым і за сцэнай тусуецца хлопец патлаценькі. Пытаюся. Кажуць, што гэта гітарыст адзін — зараз без каманды, граў у «Полтэргейсце». А на той час ужо было вядома, што Смольскі сыходзіць. Трэ было ратаваць сітуацыю. І я падыйшоў да яго і пытаюся: „Піт, а можа вы прыйдзеце да нас на рэпетыцыю, паспрабуем разам зграцца?“ І той адразу пагадзіўся», — узгадваў Лявон Вольскі. Праз год «Мроі» не стала. У адным з інтэрвію Паўлаў прызнаўся, што ён «дапамог» пахаваць «Мрою», на месцы якой потым з’явіўся звышпапулярны N.R.M.

8 верасня 2001 году ў Купалаўскім скверы ў Мінску прайшла акцыя «Выбірай і слухай сваё»: касеты з расійскім шансонам і папсой можна было абмяняць на альбомы беларускіх музыкаў — «Крамы», «Палаца», Neuro Dubel, N.R.M. У той жа дзень у Парку Чалюскінцаў прайшоў вялікі канцэрт «Слухай сваё — Дзень Вожыка», дзе выступілі ўсё тыя ж Neuro Dubel, N.R.M., «Крама» ды іншыя… Гэта быў апошні канцэрт вялікага перадвыборнага туру па Беларусі.

Прыкладна тады ж у свет выйшла серыя паштовак «Выбірай сваё», на якіх можна было ўбачыць здымкі герояў беларускага року з цытатамі з песень. Пра гэтыя паштоўкі вельмі сакавіта ў свой час пісаў Вітаўт Мартыненка.

P.S. Дарэчы, нядаўна мяне абвінавацілі ў непавазе да аднаго са стаўпоў беларускай музычнай журналістыкі. Дык вось — гэта няпраўда! Калі дзе я і выказаўся дрэнна і непаважліва ў адрас Пана Вітаўта — прыношу прабачэнні!

9 верасня

9 верасня 2005 года ў клубе «Рэактар» адбыліся Дажынкі… дакладней, «Металдажынкі», бо свята ўраджаю тады праходзіла ў Слуцку. Правакацыйная назва і лозунг «Народны фестываль цяжкага року» назбіралі чалавек 300, а радавалі слухачоў Inner Resistence, Stormhold, Veld, Desecrate, Vestibulum, Posthumous Blasphemer, Asguard, Rasta. Кажуць, на тым канцэрце кожнаму гледачу нават выдавалі майкі з сімволікай фэста. Ці засталіся ў каго? :)

9 верасня 2007 года на беларускім БТ паказалі Neuro Dubel, што ўжо тады было даволі рэдкай з’явай. Прычынай з’яўлення стаў удзел гурта ў тэлешоў Comedy Club. «Дзюбеля» выканалі свой «рамштайнаўскі» кавер «Бухаст» і зноў надоўга прапалі з блакітных экранаў. Апошні іх тэлевыступ звязаны з… дзіцячым «Еўрабачаннем». 11 верасня 2010 году Куллінковіч спеў разам з Ксюшай Сітнік яе песню «Мы вместе». На гэтым адліга скончылася.

Автор: / Ultra-Music

Комментарии: 3
  • Помидор:

    8 верасьня 2001 году, у суботу, у дзень перадвыборчай цішы, у Парку Чалюскінцаў прайшоў вялікі канцэрт беларускіх музыкаў «Слухай Сваё — Дзень Вожыка». загралі НейраДзюбель, НРМ, нібыта Стары Ольса,Палац, Крама… ня памятаюхто яшчэ. гэта быў апошні канцэрт вялікага перадвыборнага туру па Беларусі. езьдзілі яшчэ ТТ-34. дык што ўдакладніце і дадайце інфу. ))))) арганізатары былі БМА груп і Лінія Гуку.