«Людзі на балоце» запісалі антыбальшавіцкі альбом

17 кастрычніка ў межах праекту «Жывы Тузін» выступіць гарадзенскі гурт «Людзі на балоце». Гэта будзе ня толькі прэзэнтацыя альбому «Людзі на балоце», але і ўласна менская прэзэнтацыя гэтага праекту. Пад такой назвай гарадзенскія музыкі, вядомыя з шэрагу іншых гуртоў, у беларускай сталіцы яшчэ не выступалі.

«Гэта будзе вельмі адказны выступ для нас. За час свайго існаваньня мы займелі, як шчырых сяброў, так і заўзятых ворагаў. Значыць ідзем у слушным кірунку, бо абыякавым нікога не пакідаем. Шчыра запрашаем, як сяброў, так і ворагаў на наш выступ», — кажа заснавальнік праекту Алесь Дзянісаў. Ён зьбіраецца выканаць ня толькі песьні, што ўвайшлі ў дэбютны дыск, але і пакажа новыя кампазыцыі, якія стануць асновай ужо для наступнага альбому. У адрозьненьні ад дэбютніка наступная праца будзе хутчэй не гераічна-патрыятычнай скіраванасьці, а больш лірычнай. Новыя кампазыцыі музыкі стварылі на вершы заходнебеларускіх паэтаў. На канцэрце можна будзе таксама набыць першы дыск «Людзей на балоце» па сымбалічным кошце.

Песьні альбома, інтэрнэт-прэзентацыя якога яшчэ наперадзе, прысьвечаныя антыбальшавіцкім паўстаньням у Беларусі. Амаль усе тэксты на альбоме напісаў лідэр каманды Алесь Дзянісаў. «Мы спрабуем паглядзець на тыя гістарычныя падзеі безь нейкага налёту ідэалёгіі. Нас больш цікавіць пункт гледжаньня простых людзей, якія жылі ў той час — як яны гэта ўспрымалі, як на іх гэта адбілася», — кажа Алесь.

«Людзі на балоце» пачыналіся, як акустычнае адгалінаваньне беларускай панк-рок славутасьці — гурта «КальЯн». У траўні 2012 музыкі гурта падрыхтавалі акустычныя вэрсіі сваіх песень ды ўключылі яшчэ колькі новых. Але зь цягам часу стала зразумела, што «Людзі на балоце» выглядае на цалкам самастойны гурт, што працуе ў сваім адметным стылі — фольк-рок.

«Людзей на балоце» падтрымаюць дзейныя рок-каралі Беларусі — гурт Pomidor/off, якія зьбіраюцца сыграць праграму з сваіх найлепшых гітоў з альбомаў «Сьвята пакрадзенае» і «Патас/Попс/Прапаганда», а таксама паказаць колькі яшчэ незапісаных рэчаў.

Весьці канцэрты «Жывы Тузін» па традыцыі будзе Алег Хаменка, музыкант і нязьменны вядучы радыёвэрсіі гіт-параду «Тузін Гітоў». Не абыйдзецца справа без падарункаў ад сяброў «Тузіна Гітоў» — кампаніі «Будзьма беларусамі!».

Источник: experty.by

Группы:

Комментарии: 2
  • Гэта, насамрэч, мусіць быць вельмі цікавы альбом. Усё што чуў на дэма-запісах і ўжывую — моцна ўразіла!

  • Инди из 80-х:

    Здорово. Включив трек, подумал о Кальяне, так и оказалось.