Akute шукаюць вокладку для сінгла

3 лістапада гурт Akute зайграе вялікі сольны канцэрт у клубе Re:public. Да гэтага музыкі плануюць выдаць сінгл «Ihołki EP», вокладку для якога створаць слухачы гурта.

«Сінгл будзе працягам „Kroŭ EP“. На ім будзе некалькі версій загалоўнай песні, створаных беларускімі электроннымі музыкамі, — распавядае бас-гітарыст Раман Жыгараў. — Ужо гатовыя рэміксы ад магілёўскага праекту Pryzma і мінскага бітмэйкера Deech. Мяркую, што будзе яшчэ як мінімум два цікавых трэка».

З музычным складнікам будучага дыска ўсё зразумела, але вокладкі ў яго пакуль што няма. Музыкі адкінулі некалькі варыянтаў дызайну і вырашылі ўпершыню звярнуцца за дапамогай да сваіх слухачоў. Свае працы дасылайце на мэйл [email protected] да 15 кастрычніка. Пераможца атрымае запрашальнік на дваіх і сустрэнецца з музыкамі.

«Гэта можа быць малюнак альбо фотаздымак — неістотна. Галоўнае, каб была перададзена ідэя песні і стылістыка гурта», — адзначае Раман Жыгараў.

У межах вялікага сольнага канцэрту 3 лістапада Akute выканаюць лепшыя песні з альбомаў «Дзевачкі і космас» (2011) і «Не існуе» (2012). Таксама гледачоў чакае прэм’ера як мінімум адной новай песні і іншыя сюрпрызы.

«Можна сказаць, што гэта вялікі справаздачны канцэрт. Будзем намагацца, каб прагучала не горш, чым на Placebo. Рыхтуем візуальны шэраг, разважаем над праграмай і актыўна рэпетуем», — распавёў вакаліст і гітарыст гурта Стас Мытнік.

Адчыніць канцэрт мінскі гурт Avias, які ў верасні выдаў міні-альбом «Смецце».

Источник: пресс-релиз

Фото: Kate Volkova

Группы: , ,