Віктар Сямашка запісаў альбом перкусійна-духавых імправізацый

Беларускі музыка, паэт і журналіст, былы ўдзельнік гуртоў «Князь Мышкін» і «НагУаль», Віктар Сямашка выклаў у сеціве альбом «Małapananapałam».

На альбоме змешчаны запіс з летняга канцэрту ў мінскім ДК «La Мора», аднаго з першых сольных выступаў Віктара Сямашкі. Усе кампазіцыі ўяўляюць сабой спантанныя перкусійна-духавыя імправізацыі з выкарыстаннем loop-эфэкту без якіх-небудзь фанаграмных загатовак.

«Калі казаць пра стылістыку, то гэта нешта на мяжы фры-джазу, этна і акадэмічнае музыкі, — лічыць Віктар Сямашка. — Канцэрт адбываўся ў разняволенай, практычна хатняй атмасферы. Кампазіцыя „Гай“ — прысвячэнне беларускім птушкам, „Ardore Marina“ — успамін пра італьянскі гарадок, „Meditatio III“ — спроба каталіцкае медытацыі з адмысловым тэкстам, „Салавей“ — незапланаваная варыяцыя на палескі народны спеў…»

Дарэчы, у апошняй і самай працяглай кампазіцыі да музыкавання далучаюцца два гледачы (зноў жа не па сцэнары) — Раман Яраш і Максім Іўкін. Максім вядомы сваім удзелам у гуртох «Жаба ў каляіне» ды «Балцкі субстрат», музыкай да спектакляў, акадэмічнымі творамі. А Раман — адзін з актыўных удзельнікаў «Студэнцкага этнатаварыства», бард і чалец многіх акустычных утварэнняў.

Назоў «Małapananapałam» — гэта паліндром (верш, што чытаецца ў абодвух напрамках аднолькава): мала пана напалам. У фізычным выглядзе альбом складаецца з двух CD, паколькі доўжыцца ў суме 1 гадзіну 40 хвілінаў. У аздабленні выкарыстаная графіка Віктара Сямашкі-старэйшага (бацькі аўтара).

Папярэдні альбом Віктара Сямашкі «г.М», запісаны таксама жыўцом у розных цікавых пунктах Мінску і выдадзены сёлета расійскім лэйблам Clinical Archives, па-ранейшаму даступны для вольнага спампоўвання.


Спампаваць альбом Віктара Сямашкі «Małapananapałam» (180 Mb)

Автор: / Ultra-Music

Фото: Анна Юнхова

Группы: