Akute загучалі ў Бразіліі

Гурт Akute прадставіў у Інтэрнэце максі-сінгл «Ihołki», адна з кампазіцый якога ўжо гучыць у Бразіліі. Канцэртная прэзентацыя дыска адбудзецца ў межах вялікага сольнага канцэрту 3 лістапада ў клубе Re:Public.

Асноўную частку максі-сінгла склалі новыя версіі кампазіцыі «Ihołki» з выданнага вясной альбома «Nie isnuje». Рэміксы на яе зрабілі мінскі бітмэйкер Deech і магілёўскі электронны праект Pryzma. А загалоўнай кампазіцыяй сінгла стаў адноўлены арыгінал.

— Падчас звядзення альбома мы ніяк не абмяжоўвалі творчую вольнасць Жэні Сухавея. У выніку ў «Ihołki» ён магічным чынам ператварыў гітару ў арган — шмат хто нават потым не верыў нам. Адмыслова для сінгла мы папрасілі яго зрабіць гітарную версію і зараз усе маюць магчымасць пачуць песню ў пачатковым выглядзе, — распавёў бас-гітарыст Раман Жыгараў.

Але галоўнай разынкай дыска можна лічыць рэмікс на песню «Адзіноцтва», які зрабіў DJ Boston. Некалькі гадоў таму гэты беларускі прад’юсар і аранжавальнік пераехаў у Бразілію, але сувязь з радзімай не згубіў.

— Я пачуў пра Akute ад беларускіх знаёмых яшчэ на пачатку года. Мяне ўсцешыла, што ў Беларусі з’явіліся актуальныя па гучанні беларускамоўныя рок-гурты, — кажа DJ Boston. — Я маю намер дапамагаць у прасоўванні беларускіх праектаў у Бразіліі, таму з’явілася ідэя зрабіць рэмікс, які мог бы гучаць тут на дыскатэках і радыё. Днямі адбылася прэм’ера — водгукі выключна станоўчыя.

Дарэчы, «Ihołki» — першы рэліз аздоблены прыхільнікамі гурта. Пераможцам адмыслова абвешчанага конкурсу стала Надзея Зуй. Менавіта яе фота музыкі абралі для вокладкі, дзякуючы чаму яна бясплатна патрапіць на канцэрт 3 лістапада і сустрэнецца з імі.

Падчас вялікага сольнага канцэрту ў клубе Re:Public можна будзе пачуць першыя намёткі зусім новага матэрыялу Akute. Таксама гледачоў чакаюць лепшыя песні з абодвух студыйных альбомаў і відэашэраг ад Сяргея Новікава, вядомага па супрацы з гуртом «Серебряная свадьба».


Спампаваць сінгл Akute «Ihołki»

Источник: пресс-релиз

Фото: Полина Шарай

Группы:

Комментарии: 1
  • Fenamen:

    Ня толькі Бразылія, але й Новая Зэляндыя любіць «Akute». Вось цытата з адной рэцэнзыі на другі альбом: «Lisa Tran, новазэляндзкая сіудэнтка, выказваючы захапленьні наватарскімі аранжыроўкамі «Akute», зьвярнула ўвагу й на мову, якая мілагучна кладзецца ў гэтыя зграбныя пасажы. Яна хоць і не прасякла, што «Адзіноцтва» лепш назваць «Адзінотай», але адзначыла саму гарманічнасць гукаў, іхнюю плястычнасць».