«Палац» адзначыў юбілей двума новымі рэлізамі

У год свайго 20-годдзя гурт «Палац» прадставіў адразу два новых дыскі — свой пяты нумарны альбом «Кола грукатала» і сайд-праект «Салдат-доктар».

У альбом «Кола грукатала» увайшлі 10 песень, праца над якімі вялася цягам амаль 10 гадоў. Большасць рэчаў належыць аўтарству Алега Хаменкі, але ўсе яны звязаныя з беларускімі легендамі і паданнямі. «Для нас гэта крыніца натхнення. Мы перакананыя ў тым, што трэба браць тэмы, звязаныя з беларускай гісторыяй і на іх падставе ствараць аўтарскія тэксты. Інакш фольк-музыкі заганяюць самі сябе ў тупік», — кажа лідар «Палацу». Кожная з песень альбому прысвечана канкрэтнаму святу ці падзеі. Загалоўны нумар звязаны з святам Сёмухі, «Хай месяц» з старадаўняй прымаўкай, «Прыляцела ластаўка» з святам Пятра і Паўла. Твор «Праваджала маці сына» Хаменка напісаў на падставе ўзгадкі пра песню, якую спявалі касінеры Каліноўскага «Ой лёлі, каліна, чырвань ягада горкая». Да ўсяго ў альбоме прысутнічаюць дзве новыя рок-версіі старых «палацаўскіх» гітоў «Русалкі» і «Страла», а таксама цікавыя бонусы.

Дыск «Салдат-доктар» можна назваць сайд-праектам удзельнікаў гурта. Музычная прыпавесць «Салдат-доктар» створаная паводле аднайменнай казкі, якая была запісаная пры канцы 19-га ст. у вёсцы Глыбава на Магілёўшчыне фалькларыстам Еўдакіем Раманавым. Іншае прачытанне казкі распавяла Марыя Іванаўна Бурава з вёскі Тупічына на Віцебшчыне. Частку гэтай казкі Францішак Аляхновіч выкарыстаў у сваёй п’есе «Круці не круці — трэба памярці». Алег Хаменка даследаваў яе, і ўсё, што зьвязана з гэтым сюжэтам, цягам васьмі гадоў і вось як ён сцісла перадае сэнс твора: «Гэтая казка можа быць яркай ілюстрацыяй таго, якім ёсць беларус на самой справе, з усімі ягонымі праблемамі, комплексамі ды страхамі». Выканаўца папярэджвае, што казка разлічаная на аўдыторыю пасля 10 гадоў і раіць паслухаць яе перадусім дарослым.

Два новыя дыскі выдадзеныя лэйблам Vigma і ўжо прадаюцца ў крамах Беларусі. Канцэртная прэзентацыя дыскаў адбылася 26 кастрычніка ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі.

Источник: пресс-релиз

Группы: