Зміцер Вайцюшкевіч прэзентаваў альбом «Ваячак»

21 лістапада адбылася інтэрнэт-прэм’ера новага альбома Змітра Вайцюшкевіча і WZ-Orkiestra «Ваячак». Гэта 12 песень на вершы польскага паэта Рафала Ваячка (1945–1971) — алкаголіка, правакатара, скандаліста.

Нягледзячы на супярэчлівасць персоны паэта, які скончыў жыццё самагубствам ва ўзросце 25 год, ён пакінуў тэксты выключнай экспрэсіўнасці і сугестыўнасці. Аб’ядноўваючы пранізлівую чысціню бачання з сапраўды экспрэсіянісцкім зачараваннем брыдотаю і смерцю, ён дэманстраваў працэс распаду асобы і няўменне прыстасоўвацца да нормаў свету. Віртуознасць гэтых вершаў, іх абсалютна самастойны тон, мноства літаратурных алюзій правакуюць да новых прачытанняў.

— Калі я пачаў чытаць яго вершы, Ваячак зачапіў адразу. Але хутчэй інтуітыўна, бо спачатку было вельмі цяжка, вельмі незразумела, — распавядае Вайцюшкевіч. — Гэта складаная паэзія, у якой мала святла. Гэта свет маладога чалавека, які ўвесь час думае пра смерць. Не таму, што гэта самамэта, а таму, што ён, як паэт, успрымае ўсё нашмат вастрэй за нас.

Альбом атрымаўся нелінейным, неаднастайным і можа нават неадназначным, як сам Ваячак — у ім спалучаюцца «псіхадэлічныя» кампазіцыі рознага кшталту з фірмовымі рамантычнымі баладамі Вайцюшкевіча. Альтэрнатыўнага смаку песням дадала электрагітара вядомага рок-музыкі Сяргея Канановіча (Hasta La Fillsta). Дарэчы, гэта ўжо не першы альбом Вайцюшкевіча на вершы паэта, які скончыў жыццё самагубствам.

— Неяк так атрымалася, што ў выпадку з краінамі-суседзямі я ненаўмысна абраў паэтаў-самагубцаў — Маякоўскага і Ваячка. Зразумела, што з іх боку гэта былі акты адчаю — у кожнага па сваіх прычынах. Але мне здаецца, што місія кожнага чалавека ўсё ж у тым, каб пераадолець сябе і абставіны, і праз розныя прыклады, якіх хапае, праз веру ўсё ж зразумець, што трэба ісці наперад у гэтым свеце, а не па-за ім, — лічыць Зміцер.

Альбом выкладзены для бясплатнай спамоўкі на сайце альбому. Набыць калекцыйны CD «Ваячак» з аўтографам Змітра Вайцюшкевіча можна ў інтэрнэт-краме www.prastora.by.


Спампаваць Зміцер Вайцюшкевіч і WZ-Orkiestra «Ваячак» (98 Mb)

Автор: / Ultra-Music

Фото: Валентин Хасеневич

Группы: