IQ48: зварот Марсіянаў да Зямлянаў

12-га сьнежня марсіянскі гурт IQ48 дае вялікі канцэрт з нагоды выданьня другогу альбому гурта «Героі!». З гэтай нагоды гурт выступіў са «зваротам Марсіянаў да Зямлянаў», каб распавесьці тое, што чакае гледачоў на канцэрце ў клюбе Night Star.

З 17-га лістапада ў музычных крамах Беларусі можна набыць другі альбом гурта IQ48 з назвай «Героі!» Дыск уключае 12 песень і адзін бонус-трэк. Нешта з гэтага матэрыялу мы ўжо гралі на нашых канцэртах, нешта гралі вельмі рэдка, выключна «эксклюзіўна», нешта ўвогуле не выконвалі ніколі публічна. Ва ўсякім разе, 12-га сьнежня ў менскім клюбе Night Star на прэзэнтацыі нашых «Герояў!» вы зможаце гэтае ўсё пачуць і пабачыць «жыўцом»!

Мы спадзяемся, што канцэрт атрымаецца цікавым і насычаным. Прабачце, сябры, за магчымую саманадзейнасьць, проста мы насамрэч імкнемся да таго, каб усё атрымалася менавіта так.

Па-першае, мы вырашылі ня ісьці пракладзеным шляхам у выбары так званага «гурта-падтрымкі». Так, першымі на сцэну выйдуць дзяўчыны і хлопцы з калектыву «Джамбібум», які грае нешта кшталту этна-ф’южн — музыку, скажам так, не зусім блізкую да стылістыкі IQ48. Але спадзяемся, што такая разнаплянавасьць канцэрту зробіць яго толькі больш незвычайным і запамінальным, па-другое мы з «джамбікамі» даўно сябруем, а што можа быць лепей, чым сяброўская вечарына?

Наконт сябе можам сказаць, што IQ48 ніколі і нідзе пакуль ня гралі такую насычаную і доўгую па часе праграму, чым тая, якую мы зараз рыхтуем. Граць, сябры, мы будзем насамрэч доўга! Сьпяем, натуральна, як песьні з новага альбому, так і старыя «баявікі» з нашага першага дыска «Вар’яты», нават тыя, якія ўжо ну вееельмі доўга не выконваліся!

Але, сябры Зямляне, і гэтым, усё не абмяжуецца: шмат знакамітых і культавых асоб, сярод якіх музычная журналістка і сьпявачка — Маша Яр, лідэр гурта:B:N: — Алесь Лютыч, клясык беларускай рок-паэзіі — Міхал Анемпадыстаў. Аляксандар Кульлінковіч, Аляксандар Памідораў таксама прыйдуць да нас з Вамі у госьці, ну, і сьпяем, станчым разам, канешне. Для нас гэта вялікі гонар!

Таксама хочам адзначыць, што гэтае мерапрыемства — сапраўдны першы інтэрактыўны канцэрт гурта IQ48, бо беларускае інтэрнэт-радыё NETradio на сваіх хвалях будзе весьці прамы эфір з клюба Night Star! Для нас, як пасланьнікаў марсіянскага розуму, гэта вельмі прыемна, што і вы, Зямляне, яшчэ адным спосабам мажаце далучыцца да нашага АГУЛЬНА-ГАЛЯКТЫЧНАГА СЬВЯТА, на якім мы Вас ўсіх вельмі чакаем!

Зь любоў’ю,
вашыя IQ48

Канцэрт адбудзецца 12-га сьнежня, а 18-й у клюбе Night Star (Менск, вул. Сьвярдлова, 2.). Кошт квіткоў: папярэдні продаж 20 000 руб (танцпол), 25 000 руб (столік); у дзень канцэрту 25 000 руб (танцпол), 30 000 руб (столік).

Увага! Колькасьць квіткоў папярэдняга продажу абмежавана! Сьпяшайцеся! Купляйце, замаўляйце квіткі па тэл: 671 58 65, 689 40 48, 110 19 63 (Velcom), 254 49 09 (МТС).

Источник: пресс-релиз

Фото: Вячеслав Радионов

Группы: