Вайцюшкевіч рыхтуе двайны альбом

Самы актыўны беларускамоўны выканаўца Зьміцер Вайцюшкевіч рыхтуе да выданьня свой 17-ы па ліку дыск пад працоўнай назвай «Беларускі шансон». У яго ўвойдзе 12 твораў на словы Генадзя Бураўкіна, напісаныя ў асноўным на турэмную тэматыку. Акром таго, дадатковым CD плянуецца выдаць песьні на словы Ўладзімера Някляева, напісаныя ў апошнія гады.

Вайцюшкевіч ужо запісваў цэлыя праграмы на вершы, як Генадзя Бураўкіна (альбом «Лірыка»), так і Ўладзімера Някляева («Танга з ружай»), але супрацу з паэтамі на гэтым не спыніў. У выканаўцы даўно было ў плянах запісаць дыск у шансон-стылі на турэмную тэматыку.

«Гэта будзе не шансон у разуменьні францускім, не шансон у разуменьні расейскім, а менавіта беларускі шансон», — патлумачыў Зьміцер у інтэрвію Tuzin.fm. У пэўнай ступені гэты альбом тэматычна будзе працягваць апошнюю працу «Ваячак», бо і тут, і там гаворка вядзецца «пра чалавека, які апынуўся ў цяжкіх жыцьцёвых абставінах». Але ёсьць і адрозьненьне, бо новы дыск будзе больш разьлічаны на масавую аўдыторыю, таму тут будзе менш музычных экспэрымэнтаў. Варта дадаць яшчэ, што паэт Генадзь Бураўкін напісаў словы адмыслова да гэтага дыску.

Мяркуецца таксама, што будзе бонус да «Беларускага шансона». На другім дыску Вайцюшкевіч плянуе запісаць песьні на словы Ўладзімера Някляева, якія зьявіліся ў апошнія некалькі гадоў. Дакладнай даты рэлізу не называецца, але выканаўца пэўны, што гэта адбудзецца ў 2013 годзе.

Магчыма некаторыя новыя песьні прагучаць ужо на найбліжэйшых канцэртах Зьмітра Вайцюшкевіча 1 лютага ў арт-клюбе «Кипяток» (Пецярбург), 2 лютага ў FAQ-Cafe (Масква).

Тым часам, альбом «Ваячак» стаў адным з фаварытаў 2012 году па вэрсіі музычных экспэртаў. На сайце Experty.by гэтая праца атрымала сярэднюю адзнаку ў 9,25 з 10 магчымых. Свае вынікі экспэрты агучаць увесну.

Источник: Tuzin.fm

Фото: Валентин Хасеневич

Группы: