Памёр Уладзімер Сьпірыдовіч

Сёньня ўранку памёр музыка Уладзімер Сьпірыдовіч. Ён быў заснавальнікам гурта «Аргонавты», вядомага мінскага біт-бэнду 1970-ых гадоў…

«Я добра быў зь ім знаёмы, яшчэ з тых часоў, калі на ўласныя вушы пачуў, як ён амаль адзін у адзін сьпявае высокім, чыстым голасам славутую песьню „Massacusetts“ групы Bee Gees, — узгадвае журналіст Зьміцер Падбярэскі. — Час быў такі, што беларуская мова ў біт-музыцы (так тады называлі рок) амаль не прысутнічала: выканаўцы часьцей „здымалі“ ангельскамоўныя арыгіналы, а калі і пісалі нешта сваё, дык на расейскай мове».

Уладзімер Сьпірыдовіч як музыка дэбютаваў у 1968 годзе ў складзе групы «Весёлыя лисы», а на самым пачатку 1970 году сабраў квартэт, якому даў назву «Аргонавты». Тады ж ён сам пачаў пісаць песьні, група здабыла 1 месца ў конкурсе менскага рок-фэсту 1971 году, але слухачам «Аргонавты» запомніліся перад усім дзякуючы выдатнаму голасу Сьпірыдовіча ды таму, што гэтая група ледзь ня першай у СССР стварыла праграму з удзелам камэрнага струннага аркестру. Ягоныя песьні «Белое-крепкое», «Скажи, зачем открыта эта дверь», «В лагерях как на войне» сьпяваліся ў многіх менскіх дварах. У 80-я гады Валодзя адышоў ад музыкі, вярнуўся да асноўнай спэцыяльнасьці, займаўся пытаньнямі гармоніі сьветабудовы ды ўплыву гукаў на разьвіцьцё расьлін. Аднак працягваў пісаць песьні на ўласныя вершы і на вершы вядомых паэтаў, сам іх запісваў у хатніх умовах і прэзэнтаваў запісы сябрам.

«Апошні раз я бачыўся з Валодзем і чуў ягоныя расповеды пра рок-мінулае ўлетку 2012 году, калі з ініцыятывы Ўладзімера Кандрусевіча ў Астрашыцкім гарадку сабраліся некалькі чалавек зь ліку тых, хто распачынаў у Беларусі рок-гісторыю. Ім было што расказаць», — дадае Зьміцер Падбярэскі.

Некалькі гадоў таму пайшоў з жыцьця ягоны сын ад першага шлюбу з Аленай Сьпірыдовіч. А цяпер і сам арганаўт выправіўся ў сваё апошняе падарожжа.

Источник: Радыё Свабода

Фото: svaboda.org