BosaeSonca прэзентавала «Залаты альбом» у інтэрнэце

Гурт BosaeSonca прадставіў на Tuzin.fm інтэрнэт-рэліз свайго «Залатога альбому», у які ўвайшло 11 трэкаў. Са слоў музыкаў, праца дэманструе іх лепшыя дасягненьні за сем год існаваньня і можа лічыцца своеасаблівым «the best» ад гурта.

Каманда BosaeSonca існуе ўжо сёмы год і за гэты час перажывала шмат паваротных момантаў у выглядзе зьмены складу, каардынальнымі пераменамі ў гучаньні і стылістыцы. «Цяпер наш гурт — гэта вольная пляцоўка для музычных экспрэсій і эксперымэнтаў», — заяўляюць удзельнікі каманды, якія паралельна задзейнічаны ў шэрагу іншых праектаў: вакаліст Алесь Кот-Зайцаў зьяўляецца яшчэ і франтмэнам маскоўскага гурта KilFil, баяніст Аляксандар Ясінскі грае у The Unlimited Trio, якая цяпер базуецца ў Чэхіі, басіст Ян Саладуха заўважаны ў гуртах «Ребус нелишних» і «Одним днём», бубнач Канстанцін Шакуноў — у «Цвет алоэ». Якраз у гэтым нязьменным ужо некалькі год складзе BosaeSonca і запісала «Залаты альбом».

«Альбом спалучыў у сабе дзьве рэчы, якія спалучыць на мой пункт гледжаньня зусім няпроста, — кажа Алесь Кот-Зайцаў. — З аднаго боку ён атрымаўся досыць канцэптуальным, а з іншага сапраўды адлюстраваў нашы найлепшыя дасягненьні за апошнія гады працы. То бок гэта адначасова цэласны твор і ў той жа час зборнік лепшых гітоў ад гурта, які існуе амаль сем год».

У дыск увайшлі 11 трэкаў. Разынкай гучаньня альбому стаў ня толькі ўжо звыклы для музыкі гурта «рок-баян», але і струнныя інструмэнты. Большасьць песень ужо выконваліся гуртом падчас жывых выступаў, але некалькі трэкаў да гэтага яшчэ нікому не паказваліся.

Источник: Tuzin.fm

Группы: