3

ZnaROCK: «Беларуская мара — 500 усім даляраў»

ZnaROCK

Мінскі гурт ZnaROCK запісаў жартаўлівую песню «500 $» — музычны дэматыватар на надзённую тэму для сучасных беларусаў.

— Песня была напісаная яшчэ да таго, як жарты на гэтую тэму сталі мэйнстрымам. Але дарабіць і запісаць песню як не круці складаней, чым забамбіць малюначак з подпісам у сацыяльнай сетцы, — смяецца адзін з удзельнікаў гурта Яўген Сокалаў. — Тым не менш, песня запісаліся хутка: мы доўга не мудрагелілі ні з аранжыроўкай, ні з гукам. Атрымаўся гэткі музычны дэматыватар. Будзем лічыць, што гэтай песняй мы ставім тлустую кропку і на ўсе наступныя падобныя жарты ўрачыста чапляем цэтлік «баян».

Гурт ZnaROCK сабраўся ў 2009 годзе. Хоць яго заснавальнікі — Яўген Сокалаў і Ян Вераб’ёў — сябруюць са школы і яшчэ ў 2004 годзе пачыналі граць разам.

— Спачатку шмат гралі акустычна, нават двойчы ездзілі на «Бардаўскую восень» (2009 і 2012), але не цураліся і рыфаў пацяжэй, — распавядае Яўген Сокалаў. — У 2011 годзе наша песня «Я эма, мама» ўвайшла ў спіс лепшых кампазіцыяў па выніках галасавання на сайце «Тузін Гітоў».

У мінулым годзе ZnaROCK закранула хранічная хвароба беларускіх гуртоў: з-за зменаў у складзе часова была прыпыненая дзейнасць.

— Але зараз мы выкарасківаемся з гэтай сітуацыі, — тлумачыць Яўген Сокалаў. — Перш-наперш, нашыя пляны зараз — працягваць ствараць новыя песні, рэпетаваць канцэртную праграму, граць канцэрты, запісаць дзясятак альбомаў і скарыць паўсвета. Усё па праграме, карацей :)

Сёння гурт ZnaROCK існуе ў двух паўнавартасных варыянтах: акустычным і электрычным. Але самае галоўнае ў творчасці ZnaROCK, як адзначаюць самі музыкі, гэта гумар ва ўсіх яго праявах:

— Наша ідэалогія простая: смех — гэтага моцная зброя і лекі ад шматлікіх праблем. Новай песняй мы зычым усім пазітыву ў галаве і трохі бабла ў кішэні.

Жыўцом «500 $» можна пачуць 27 лютага на канцэрце ў доме-музеі Якуба Коласа.

Автор: Вячеслав Радионов / Ultra-Music

Группы: ZnaROCK

Ваш комментарий

Войти через Вконтакте Войти через Facebook

Если у вас возникли проблемы с авторизацией, сообщите нам на support@ultra-music.com