IQ48 дадуць апошні канцэрт у гэтым музычным сезоне

14 сакавіка у Loft café адбудзецца чарговы канцэрт з сэрыі «Жывы Тузін». Гурт IQ48 пакажа рэшту з свайго будучага новага альбому. Разам з «здаровымі ласямі» з поўнавартасным сэтам выступяць яркія дэбютанты 2012 году – гурт Martin S.

IQ48 упершыню засьвяціліся ў «тузіноўскіх» імпрэзах яшчэ ў 2004 годзе, калі гурт выступіў у межах святкавання гадавіны парталу «Тузін Гітоў» у Палацы рэспублікі. Некалькі добразнаёмых нумароў з тых часоў музыкі згадаюць падчас свайго канцэрту у Loft café. Аднак, стаўка ўсё ж будзе зроблена на новыя песні.

— Ніколі не было, каб мы ціхарылі новыя творы да рэлізу альбому. Усё адрэпетаванае новае адразу імкнемся паказаць публіцы, — кажа гітарыст гурта Яўген Бузоўскі. — Зараз у нас у рэпертуары ўжо каля паловы будучага альбому. Дакладна пару тройку новых песень зайграем на гэтым канцэрце, можа нават болей! Будзе таксама найлепшае з нашых усіх выдадзеных альбомаў, натуральна з папраўкай на наш адносна новы гітарны саўнд.

Музыкі папярэджваюць, што іх выступ 14 сакавіка можа стаць апошнім у гэтым музычным сезоне. Увесь свой час яны збіраюцца прысвяціць запісу новага альбому.

Па добрай традыцыі падвоеных канцэртаў да IQ48 у гэты вечар далучыцца яшчэ адна вартая ўвагі беларуская каманда — Martin S. Гэты гурт з’явіўся на незалежнай беларускай сцэне толькі год таму, але робіць усё магчымае, каб застацца на музычным небасхіле надоўга. Пра гэта сьведчыць хоць бы тое, что за такі невялікі час свайго існавання Martin S. даў шэраг канцэртаў, выходзіў у фінал на некалькіх фэстах, а на рок-фэсце «Такія пернікі-2012» атрымаў перамогу. А яшчэ двойчы ўдзельнічаў у нацыянальным адборы на «Еўрабачанне» і выдаў дэбютны альбом, песні з якога можна пачуць у эфіры беларусскіх і ўкраінскіх FM-радыёстанцый.

— У сакавіку нам якраз спаўняецца год, так што для нас і нашых прыхільнікаў выступ у «Жывым Тузіне» будзе асаблівым. Рыхтуем адмысловую праграму, дзе будзе нямала сюрпрызаў, — кажуць музыкі.

Источник: пресс-релиз

Группы: ,