Вяртанне «Вясёлых жабракоў»

Праз 30 гадоў праграма «Вясёлыя жабракі», напісаная Ігарам Паліводам на вершы Роберта Бёрнса і выкананая ансамблем «Песняры», паўстае перад слухачамі ў новым увасабленні.

Яшчэ ў 2011 годзе былы бас-гітарыст і скрыпач «Песняроў» Барыс Бернштэйн, які стала жыве ў Атланце (ЗША), паставіў перад сабой мэту нагадаць шырокай грамадскасці пра таленавітага кампазітара і музыканта, свайго сябра Ігара Паліводу. І зрабіць гэта ён вырашыў праз адноўленую версію адной з праграм, якая выконвалася «Песнярамі», але ў студыйных умовах у свой час так і не была запісана. Барыс аб’явіў аб сваіх намерах на сайце фан-клуба «Песняроў» pesnyary.com, звярнуўшыся па дапамогу да тых, хто мог бы паўдзельнічаць у гэтым праекце.

І такія ахвочыя адшукаліся. Ва ўвасабленні праграмы ўдзельнічалі ўвогуле 30 музыкантаў з 8 краін свету, у тым ліку і тыя, хто працаваў у «Песнярах». На дапамогу ім прыйшоў інтэрнэт. Асобныя партыі запісваліся ў розных кутках свету, пасля чаго зводзіліся ў канчатковыя варыянты фанаграм.

— Па вялікім рахунку, гэта быў скачок у невядомае, — прызнаўся Барыс Бернштэйн. — Я ніколі не ўзяўся б за гэтую справу, калі б мяне не падтрымалі такія выдатныя музыканты, а найперш — людзі, як у першую чаргу Уладзімір Ткачэнка, Мікалай Няронскі і Аляксандр Віслаўскі.

Праца над праграмай распачалася 15 лістапада 2011 года, калі ў Таронта была запісана першая фанаграма — партыя цымбалаў у выкананні Уладзіміра Гародкіна. Далей да віртуальнай музычнай групы далучыліся Аляксандр Віслаўскі (клавішныя, вакал, бэк-вакал), Алег «Джагер» Мінакоў, Ігар Сярых, Людміла Ісупава, Людміла Куц, Пётр Ялфімаў, Ян Жэнчак, Уладзімір Стамаці (усе — вакал), а таксама Яўген Бергер (гітара), Андрэй Матлін і Ігар Бабіч (саксафоны), Павел Кандрусевіч (альт) і іншыя музыкі. Уладзімір Ткачэнка інструментаваў партытуры ўсіх песень і зрабіў новыя аранжыроўкі, у Беларусі матэрыял запісваўся на студыі Аляксандра Віслаўскага, звядзеннем усяго запісанага займаўся Мікалай Няронскі.

Дзеля зберажэння непаўторнасці арыгінала праграмы і як знак павагі да бездакорнага выканання ў песні «Красавица» быў пакінуты архіўны канцэртны запіс песні з удзелам Валерыя Дайнэкі і самога Ігара Паліводы, да якога ўжо цяпер была дапісана кода.

З нагоды заканчэння працы над гэтым сапраўды ўнікальным для айчыннай папулярнай музыкі праекта ў інтэрнэце паўстаў сайт palivoda.net, на якім «Вясёлыя жабракі» будуць выкладзены для бясплатнага пампавання, пачынаючы ад 9 сакавіка. А напярэдадні на сайце pesnyary.com адбудзецца анлайн-канферэнцыя з удзелам Барыса Берштэйна, Мікалая Няронскага і Уладзіміра Ткачэнкі, якія адкажуць на пытанні пра тое, як стваралася гэтая праграма.

Источник: Народная воля

Группы: ,