Канцэртна-выдавецкі лэйбл «Беларуская музычная альтэрнатыва» («БМАgroup») рыхтуе дзве тэматычныя складанкі песень — «Песні героям» і «Сімвалы свабоды».
Першы CD будзе прысвечаны канкрэтным людзям і знакавым постацям нашай гісторыі і культуры. Адметнасць гэтай складанкі ў тым, што тут будуць сабраныя не творы дадзеных асобаў, а песні-прысвячэнні ім. Гэта альбом-трыб’ют пра тых, каго павінен ведаць і насіць у сэрцы кожны беларус. Выданне прымеркавана да 150-ых угодкаў ад пачатку паўстання Кастуся Каліноўскага. Ужо ёсць прысвячэнні Кастусю Каліноўскаму, Францішку Багушэвічу, Янку Купалу, Уладзіміру Караткевічу, Максіму Багдановічу, Еўфрасінні Полацкай ды іншым.
Другая складанка — пра нацыянальныя сімвалы Беларусі: бел-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня. На адным CD будуць сабраныя творы розных выканаўцаў, якія ў розныя гады звярталіся да гэтай тэмы.
Далучыцца да стварэння гэтых дыскаў можа кожны ахвотны. Прапаноўвайце песні, дасылайце вашыя ідэі ды заўвагі, музыку і тэксты. Выканаўцы могуць запрапанаваць свае ранейшыя або яшчэ непублікаваныя творы. Кожны, хто дашле цікавыя прапановы, атрымае кампакт-дыск у падарунак. Дасылайце свае меркаванні на e-mail [email protected].
Гэта ж я пра гэты дыск згадваў у звароце да гурта «Вочы» (Skim 01.04.2013 в 13:44 — Напішыце оду вашай зямлячцы Ларысе Геніюш, трапіце ў прэстыжную CD-складанку. Сувязь з выдаўцом (029) 649 08 88, гэта Супер. А вялікая паэтка Ларыса Геніюш мусіць быць там, бо ейны гераізм безсумніўны. Сам Цанава ёй рукі выкручваў: «Адмоўся ад гербу і сьцягу,.. аддай архівы БНР…» Яна ўсё стрывала і перажыла бальшавісцкага кАта (падох кот шалудзівы, а імя Геніюш жыве ў вяках).
Калі знойдзецца гурт, які адолее музычнае прысьвячэньне Ларысе Геніюш, дык цудоўны верш адшукаў у паэта Сяргея Панізьніка (магу даць каардынаты):
ЛАРЫСА ГЕНІЮШ: 30 гадоў Памяці (7 красавіка)
…Зоркі ў Зэльве й праз гады
нашу веру ўсплодзяць.
Ноч засьне — дзень малады
з намі будзе ў згодзе.
Будзе жыць вялебная
нацыя паднебная:
на вячэрняй акварэлі —
знічкі-Геніюш арэлі.
Да такога тэксту, можна было б прыпеў узяць з самой Ларысы Геніюш, які гучаў бы так:
Адзінай мэты не зракуся,
І сэрца мне не задрыжыць:
Як жыць, дык жыць для Беларусі,
А безь яе — зусім ня жыць.
Адна з песень будучага альбому http://www.youtube.com/watch?v=fHf4gY6HEKk&feature=player_embedded#! ужо запісваецца ў студыі. Прысьвечана канкрэтнаму герою сучаснасьці — Сяргею Каваленку.