Беларускія музыкі запісалі дыск «Сімвалы веры і свабоды»

Пабачыў свет музычны дыск «Сімвалы веры і свабоды», прысвечаны нацыянальным сімвалам Беларусь. Прэзентацыя складанкі, у якой возьмуць удзел Кася Камоцкая, Андрэй Мельнікаў, Эдуард Акулін і іншыя, адбудзецца 31 мая на Управе БНФ.

— Ідэя праекта вельмі простая: сабраць песні, прысвечаныя нацыянальным сімвалам — сцягу і гербу — на адным дыску, — кажа адзін з ініцыятараў выдання Віталь Супрановіч. — Песні, якія трапілі на дыск, вельмі рознастыйныя. Калі мы збіралі гэты дыск, апынулася, што ёсць вельмі шмат песень, прысвечаных бел-чырвона-беламу сцягу і Пагоні.

Адказваючы на пытанне, чаму прадусар лічыць тэму нацыянальная сімволікі актуальнай, Супрановіч адзначыў, што гэта тэма будзе актуальная заўсёды, пакуль нацыянальная сімволіка не верне сабе статус дзяржаўнай.

— Таксама гэта важна ў сувязі з апошнімі падзеямі — забаронай выкарыстання нацыянальнай сімволікі на спартыўных мерапрыемствах у Еўропе, крымінальнай справай у дачыненні да Сяргея Каваленкі за вывешванне ў Віцебску бел-чырвона-белага сцягу. Дарэчы, на дыску будзе песня, прысвечаная Сяргея Каваленку, тэкст напісаў Вітаўт Мартыненка, а выканаў цудоўны бард Ігар Сімбіроў, — дадае Віталь Супрановіч.

На дыску таксама прадстаўленыя песні Змітра Вайцюшкевіча, Аляксея Шадзько, Віктара Шалкевіча, Лікі Ялінскай, Сяржука Сокалава-Воюша, Лявона Вольскага, гуртоў «Песняры», IQ48 і іншых.

Выданне дыску «Сімвалы веры і свабоды» адбываецца ў межах кампаніі папулярызацыі нацыянальнай сімволікі, якую ладзяць БМА, «Арт-сядзіба», «Рок-салідарнасць».

Источник: БелаПАН

Комментарии: 2
  • Skim:

    Ці то з-за камэрнай прэзэнтацыі, ці яшчэ з якой прычыны, Супрановіч назваў толькі бардаўскую частку альбома, а там жа трэкі такіх цяжкіх гуртоў, як «MAUZER», «RIMA», «GARADZKIJA», а таксама калектываў памягшэ — «НОВАЕ НЕБА», «NAKA», «NEWCOSMOPOLIS». Будзе, дарэчы, і знакаміты кліп «Ляпісаў» паводле Янкі Купалы. Вельмі мудры дыск! Яму б прэзэнтацыю ў к/з «Менск», але наша «дзема крація» такога не дазваляе: БНФ-рок не пушчаюць.

  • Філ Антроп:

    «Прэзентацыя складанкі адбудзецца 31 мая на Управе» — а адрас чо, ня трэба даваць? Дык наце: Менск, вул. Чарнышэўскага, 3 (гэта дзесь у дварах клюбу «Юла»), першае скрыжаваньне на вуліцы Кузьмы Чорнага. Тралейбусам да Дома Друку і 200 м пешкі. Затое будзе каго паслухаць.