5

Tłusta Łusta: «Arctic Monkeys, The Killers? Гэтым ужо нікога не здзівіш…»

Гарадзенскі гурт Tłusta Łusta запісаў свой другі альбом «Pieranačuješ — bolš pačuješ» і прэзентуе яго на Ultra-Music. Карэспандэнт парталу паразмаўляў з лідэрам гурта Кірылам Богушам пра шлях ад панка да красовера, дапамогу Вітаўта Мартыненкі і альбомы на вініле.

Tłusta Łusta

«Кожны па-свойму зразумее сэнс назвы»

— Дэбютны альбом гурта «Blin pieršy» выйшаў пяць гадоў таму. За гэты час у гурце адбыліся шматлікія змены. Што цяпер з Tłusta Łusta?

— Можна сказаць, што ў гурце застаўся я адзін. Астатнія музыкі займаюцца сваімі новымі праектамі. Таму канцэртнага складу гурта, нажаль, пакуль што няма. Але мы дарабілі свой другі альбом і нарэшце прэзентуем яго.

— Што атрымалася ў выніку?

— Увесь час з моманту выдання мінулага альбома мы займаліся новым запісам. У ім удзельнічалі музыкі, якія запісвалі яшчэ першы альбом, — стары склад. Таксама адзначыліся шматлікія іншыя музыкі. Іх нельга назваць сэсійнымі, яны ўсе ўваходзілі ў праект на пэўны час і рабілі свой унёсак у працу. Хтосьці сыходзіў пасля працы над канкрэтнай песняй, хтосьці заставаўся, працягваў далей нешта рабіць у межах Tłusta Łusta. Я падлічыў, што з улікам аўтараў песень, з усімі людзьмі, хто паўдзельнічаў тым ці іншым чынам у альбоме, атрымліваецца каля 30 чалавек. Вось такі вялікі сімбіёз.

— Ці няма адчування, што з-за таго, што так шмат людзей удзельнічала ў запісе альбома, ён атрымаўся неаднародным?

— Для мяне тое, што ён вельмі розны, толькі плюс. Гэта разынка, да якой мы імкнуліся. Я спадзяюся, што людзям будзе цікавей паслухаць такі красовер. Можна сказаць, што гэта стала канцэпцыяй альбому: кожная песня павінна адрознівацца ад іншых.

Калі параўноўваць з першым альбомам, змяніўся музычны накірунак. На дэбютніку быў такі моладзевы безгаловы панк-рок, былі нейкія элементы металу ці пост-хардкору, а на другім альбоме гучанне атрымалася больш мэйнстрымавае. Гэта — альтэрнатыўны рок ці нават інды-рок.

Першай песняй, якую мы рабілі для новага альбому, стала «De Sad» на словы Юрася Пацюпы. Мы яе зрабілі, адрэпетавалі, гралі ўжо на канцэртах, але, калі пачалі запісваць, прыйшла ідэя дадаць туды трубу і трамбон. Паспрабавалі, атрымалася выдатна — так і запісалі. І гэты эксперымент стаў для нас накірункам, куды рухацца далей.

Так і працягнулі: спрабавалі ўвесь час зрабіць нешта новае. У адной песні з’явілася віяланчэль («Duša»), для іншай я спеў дуэтам з Таццянай Беланогай («Jon i jana»), там-сям дадаліся скрэтчы — у альбоме паўдзельнічаў DJ Nobel, ветэран электроннай сцэны.

— Што значыць назва альбому «Pieranačuješ — bolš pačuješ»?

— Калі мы ўжо запісалі некалькі песняў, паўстала пытанне: як назваць гэта ўсё? Было зразумела, што атрымліваецца нешта шматграннае, і трэба было ўсё разам запіхнуць пад адзіны дах. У гурце ёсць рэдактар-мэнэджар, дарадца, чалавек, які робіць канцэпт гурта, — мой брат Артур Богуш. Менавіта ён прыдумаў назву Tłusta Łusta, ён прапаноўвае парадак песняў на альбоме, займаецца рэжысурай кліпаў. І назву альбома таксама прыдумаў ён. Яна мне вельмі спадабалася сваёй шматзначнасцю — кожны па-свойму зразумее яе сэнс.

— Большасць песен Tłusta Łusta напісаная паводле вершаў вядомых ці не вельмі вядомых паэтаў. Як ты знаходзіш падыходзячыя вершы?

— Часцей за ўсё гэта адбываецца выпадкова. Адзін тэкст, напрыклад, падказаў мне Вітаўт Мартыненка. Калі рыхтавалася складанка на вершы Наталлі Арсенневай, ён даслаў адзін з яе вершаў і напісаў, што гэты тэкст нам падыходзіць і можна было б зрабіць песню для складанкі. Мы не паспелі тады запісаць яе, але песню ўсё адно зрабілі і запісалі ўжо для альбома («Moładź«).

Песня «Ramans» нарадзілася інакш. У аднаго з нашых музыкаў была гатовая музыка, ён даслаў яе мне. Я пасядзеў-падумаў і знайшоў верш Францішка Ксаверы Агінскага, які вельмі добра клаўся на музыку.

На першым альбоме толькі частка песень была запісаная на вершы паэтаў — астатнія нашыя. На другім альбоме ўжо ўсе песні напісаныя на вершы паэтаў.

«Кожны канцэрт — гэта невялічкае свята»

— У вас была пэўная фан-групоўка — людзі, якія хадзілі на канцэрты, чакалі новых запісаў. Ці ёсць яны зараз? І хто ўвогуле ваш слухач зараз?

— Калі казаць пра сталых фэнаў, яны засталіся і вельмі чакалі новы альбом. Пераважна гэта моладзь. Але быў нейкі адсотак людзей больш сталага ўзросту. Да мяне нават падыходзілі ўжо дарослыя людзі, нехта з іх кнігі піша, яны ведалі пра гурт, слухалі, штосьці ім падабалася. Я думаю, што колькасць дарослых слухачоў зараз можа павялічыцца. Гады ідуць, мы сталеем і музыка наша стала больш дарослая.

— Горадня заўсёды лічылася горадам, дзе пераважна панкавая-хардкорная тусоўка. Ці адчуваеш ты гэты ўплыў на сваю музыку?

— Я не ведаю, ці належалі мы да гэтай тусоўкі. Калі раней шмат выступалі ў родным горадзе, то гралі разам з тымі гуртамі. А зараз і ў нас канцэртаў няма, і ў іншых стала менш. Мне падаецца, ужо і тусоўкі той няма.

— Што казалі сябры, знаёмыя, гарадзенскія музыкі пасля вашай перамогі на «Басовішчы» ў 2008 годзе? Мо зайздросцілі ці казалі, што вы станеце фанабэрлівымі?

— Не, наадварот, усе ганарыліся, што гурт з Гародні ў чарговы раз перамог. Усе былі радыя, віншавалі нас. Таму пасля перамогі ў нас была вялікая хваля канцэртаў ў сваім горадзе.

— А ты не адчуваеш дэпрэсіі праз адсутнасць канцэртаў?

— Я зараз шчаслівы і рады, што дарабіў альбом і людзі яго пачуюць. Гэта самае галоўнае. Канечне, шкада, што не атрымліваецца прэзентаваць альбом, зайграць новыя песні. Я не губляю надзеі на будучыню. Але, калі знойдзецца канцэртны склад гурта, я буду аддаваць перавагу новым песням. Ужо напісаная большасць песень для трэцяга альбому, і я хачу пачаць працу над імі. Трэба заўсёды ісці далей, развівацца, а не губляць час на старое.

— Калі б быў зараз канцэртны склад гурта і была магчымасць зрабіць прэзентацыю новага альбому, як ты яе ўяўляеш? Які ідэаяльны канцэрт для цябе?

— Нам падабалася граць і ў гаражах, і на вялікіх пляцоўках. У кожным канцэрце было нешта цікавае. Я нават не ведаю, дзе больш падабалася граць. У нас не было дрэнных канцэртаў, іх у прынцыпе было не так шмат, таму кожны канцэрт — невялічкае свята для нас і для людзей.

«Першы альбом хацелі выдаць на вініле ў Францыі»

— Ці збіраецеся зрабіць кліп на якую-небудзь песню з новага альбома?

— У падтрымку першага альбома мы знялі кліп «Seryjały». Зараз таксама плануем відэа, да якога ўжо пішацца сцэнар. Адразу думалі зрабіць кліп на песню «Ramans». Але гэтая песня вельмі сур’ёзная, а хацелася б зноў нейкага свята і вяр’яцтва. Таму новы кліп будзе здымацца на песню «Modnaja žančyna».

— Ці будзеце выдаваць «Pieranačuješ — bolš pačuješ» на дысках?

— У Беларусі на гэты момант я не знайшоў зацікаўленых выдаўцоў. Іх у прынцыпе амаль не засталося. Была папярэдняя дамоўленасьць з БМА і Віталём Супрановічам, магчыма атрымаецца. Я разумею, што зараз дыскі цяжка выдаваць, але ўсё адно хочацца паказаць альбом на носьбіце. Ёсць людзі зацікаўленыя, якія пішуць лісты, хочуць пабачыць альбом у сябе на паліцы. Некаторыя кажуць, што можна за мяжой выдаць альбом, але ў мяне жаданне гэта зрабіць у Беларусі, для беларускіх слухачоў. Былі таксама размовы з незалежнымі лэйбламі ў Расеі. Там у нас ёсць фанаты нават у Сібіры. Некаторыя зацікавіліся намі праз кавэр на песню спявачкі Максім, а цяпер слухаюць нашыя песні.

— Некаторыя беларускія гурты, у тым ліку гарадзенскія, выдаюць зараз вінілы.

— Такая думка была, нават у Еўропе хацелі надрукаваць першы альбом на кружэлках. Знаёмыя дасылалі плыткі на лэйблы, і была зацікаўленасць у аднаго французкага выдаўца, але нешта зацягнулася, кантакты згубіліся. Канечне, для гурта вініл — пэўнае дасягнене, але аматараў, якія слухаюць вініл, няшмат.

— Варта цяпер зрабіць кавер на які-небудзь французскі гурт :) Досвед ужо ёсць. Некаторыя ўвогуле робяць стаўку на гэта, і часам атрымліваецца.

— Часам узнікае жаданне зрабіць кавер: слухаеш і ўжо ўяўляеш, як бы сыграў гэтую песню. Так было з Максім, яе тады закруцілі да дзірак, і быў такі парыў ад сэрца :) Мне ўвогуле падабаецца рабіць кавер-версіі: не проста перапець, а зрабіць нешта арыгінальнае, пераапрацаваць-пераасэнсаваць.

На новым альбоме ёсць кавер на песню Neuro Dubel «Пацалунак». Мы паўдзельнічалі ў іх трыб’юце, а зараз крыху пераапрацавалі, перазвялі, зрабілі новы майстэрынг. Атрымалася, як мне падаецца, вельмі добра.

— А што ты сам слухаеш у апошні час?

— Я ў адным інтэрв’ю сказаў, што стаў менш слухаць панк і метал. Некаторыя гэта зразумелі так, што праз гэта змяніўся і накірунак гурта. Гэта толькі з аднаго боку так. А зараз я слухаю…

— Максім? :)

— Максім даўно не чуў. Зараз я пампую цалкам дыскаграфіі розных гуртоў. Мне цікава ўбачыць увесь іх шлях, паступовыя змены, развіццё. Вось нядаўна ўсю дыскаграфію Joy Division паслухаў — раней нешта не атрымлівалася.

Мне вельмі падабаецца ірландзкі гурт Therapy? З мэйнстрымавых? Arctic Monkeys, The Killers? Гэта мы ўсё ўжо праходзілі, гэтым нікога не здзівіш…

Скачать

Автор: Вячеслав Радионов / Ultra-Music

Группы: Tłusta Łusta

Ваш комментарий

Войти через Вконтакте Войти через Facebook

Если у вас возникли проблемы с авторизацией, сообщите нам на support@ultra-music.com

  • "з улікам усіх, хто паўдзельнічаў у альбоме, атрымліваецца каля 30 чалавек" - здорава. Калі-небудзь і ў Беларусі зьявіцца сваё тэлебачаньне, пачнуць цікавицца і музычнымі дасягненьнямі мінулага і да нейкага юбілею выйдзе на сцэну поўны склад, каб дружным хорам адкаўбасіць "Pieranačuješ — bolš pačuješ".

  • Але ж Беланогая парэзвілась у панк-року!!! Не чакаў ад яе. Я й не пачуў яе на першай праслушцы, думаў гарадзенскую нейкую панкуху адшукалі, а тут на сьвятое замахнуліся. Тацьцяне скажу: атрымалася на галаву вышэй за колішні рок-экспэрымэнт "Адзінота і марны прарок".

  • Шаноўнае Спадарства !
    Дарагія нашыя Аматары, Гурманы, Слухачы & Fans !
    Tłusta Łusta вельмі радая прадставіць Вам наш доўгачаканы твор “ Pieranačuješ – Bolš Pačuješ “. Атрымалася яго “зкрэатывіць” недзе за гадоў так пяць. Магчыма камусьці падасца, што ў нашым гучаньні штосьці зьмянілася – афіцыйна заяўляем, што гэта нармалёвы, натуральны працэс, бо не мяняюцца толькі дурні...
    Хочам адразу падзякаваць усім, з дапамогай каго ў нас усё атрымалася.
    Жадаем Вам атрымаць пры праслухоўваньні тыя пачуцьці, якія мы заклалі ў кожны трэк. Не забудзьцеся таксама абавязкова прагледзець відэабомбу з баевіком “ Seryjaly ” з папярэдняга альбому. Шматкроць праверана – выбухае пры кожным наступным праглядзе.

    Такім чынам : Заходзь ! Сядай ! Слухай ! Начуй ! ПАЧУЙ БОЛЬШ !!!

  • нi у якiм разе не панк-рок.
    толькi Гародня, толькi хардкор!
    Bagna, Contra La Contra, I Hope You Die, Monday Suicide, Disperta - толькi так!

    • А мяняецца што ад таго, калі вы тут жангліруеце музычнымі тэрмінамі? Іншая назва гардкору - хуткі панк. І то гэта толькі думка стваральнікаў фільма "American Hardcore". Лепш бы назвалі, што зачапіла ў альбоме, замест называць кучу "падобных". Гурт "Tłusta Łusta" акурат тым і прываблівае, што ні на каго не падобны. Дакладней, яго лёгка пазнаць на слых сярод кучы "падобных". І новы альбом стылёва больш выразны за першы. А сэнсава - дык і ўдвая.