Віктар Сямашка завяршыў «латыскую сэрыю»

Віктар Сямашка

Менскі музыка-імправізатар Віктар Сямашка зьмясьціў у Сеціве сэрыю з трох альбомаў, кожны зь якіх мае адносіны да Латвіі.

Першая частка — «Rīgas suvenīrs» («Рыскі сувэнір») — запісвалася непасрэдна ў Латвіі ў жніўні 2012 году падчас супольнага выступу з фольк-бардам Раманам Ярашам у рыскай кавярні Dad Cafe ды на ўзьбярэжжы Балтыйскага мора ў Юрмале. У якасьці цытатаў выкарыстаныя запісы вулічных музыкаў Рыгі.

Другая частка — «Jūra» («Мора») — была зафіксаваная адразу па вяртаньні з Латвіі, калі ў менскім арт-буфэце NewTon ладзілася сьвяткаваньне 40-годзьдзя духоўнага практыка Юрася Семянюка. Да Віктара Сямашкі далучыўся ня толькі Раман Яраш, але й кампазытар Максім Іўкін. Апошні працяглы час жыў у Рызе й зараз вядомы сваім удзелам у гуртох «Жаба ў каляіне» ды «Балцкі субстрат», музыкай да спэктакляў, акадэмічнымі творамі. Таму на альбоме стасуюцца палянэз Агінскага й аўтарскі твор Іўкіна «Піва няма», фальклёрныя тэмы й імправізацыі на іх падставе. Акром таго, задзейнічаная прывезеная з Рыгі пэркусія.

Нарэшце, трэцяя частка «латыскае сэрыі» — «Dejot, tik dejot» («Танчыць, танчыць») — мае самае аддаленае дачыненьне да Латвіі. Папросту ў прыведзеных кампазыцыях зусім ненаўмысна Віктар выкарыстаў патэфонныя кружэлкі, у тым ліку выдадзеныя ў Рызе. Кожная імправізацыя вырастае з канкрэтнае архіўнае песьні. Альбом названы імем адной зь іх. Запіс адбыўся зноў жа ў кавярні NewTon у лютым 2013 году.

Кожны зь пералічаных альбомаў мае фізычную самвыдат-вэрсію, якая з-за невялікага накладу распаўсюджваецца толькі сярод знаёмых музыканта. У аздабленьні выкарыстаныя малюнкі Віктара Сямашкі-старэйшага, зробленыя ў Латвіі ў 1980-ых гг., а таксама працы беларуска-францускага мастака Ільва Розэнбэрга (ён жа Leon Bakst).

Паслухаць і спампаваць «латыскую сэрыю» можна на аўтарскай старонцы Віктара Сямашкі на soundcloud.com.

Источник: пресс-релиз

Фото: Анна Юнхова

Группы: Віктар Сямашка, Раман Яраш, Максім Іўкін

Ваш комментарий

Войти через Вконтакте Войти через Facebook

Если у вас возникли проблемы с авторизацией, сообщите нам на support@ultra-music.com