Цімафей Авілін прэзентаваў праект «Беларускі гарадскі раманс 20-30-ых гадоў ХХ ст»

Беларускі музыка Цімафей Авілін прэзентаваў праект «Беларускі гарадскі раманс 20-30-ых гадоў ХХ ст». Гэтая праграма — спроба аўтара паказаць трагедыю людзей, якія жылі ў Беларусі напачатку XX стагоддзя.

— Ідэя праекта заключаецца ў аднаўленні рэпертуару таго часу — а-ля турэмнага ці, лепей мовіць, гарадскога рамансу. Я паспрабаваў зразумець і перадаць настрой і пачуцці людзей, якія жылі на тэрыторыі Беларусі на пачатку мінулага стагоддзя, — кажа Цімафей Авілін. — Гэта мог быць чалавек, які «вырваўся» з вёскі і трапіў у горад, але сувязь з малой радзімай у яго захоўваецца. Пры гэтым, ён ужо набрыняе новымі гарадскімі рэаліямі. Таму сярод песен, прадстаўленых у праекце, ёсць кампазіцыі з вясковым кантэкстам, а ёсць пераважна гарадскія.

Асноўная тэма, якая прасочваецца скрозь песні, — жыццё чалавека за кратамі, ягоныя апошнія думкі перад смяротным пакараннем. Сярод «славутых» месцаў у песнях узгадваецца вядомая віленская турма Лукішкі і канцлагер у Бярозе-Картузскай.

— Тыя часіны былі цёмныя: прыйдуць камуністы — растраляюць, прыйдуць палякі — таксама… — распавядае Цімафей Авілін. — Калі казаць пра саму музычную форму, дык яна адмыслова простая — гітара і голас. Можна было б нагрузіць кожную песню дадатковымі інструментамі, аранжыроўкамі, апрацоўкамі, але тады не захавалася б адчуванне сяброўскай прысутнасці і своеасаблівай споведзі героя песен.

Назва праекта на вокладцы, як і на колішніх шыльдах у Менску, напісаная на чатырох афіцыйных мовах тагачаснай Беларусі: беларускай, польскай, рускай і ідыш, што адлюстроўвае рэаліі таго часу:

Беларускі гарадскі раманс 20-30-ых гадоў ХХ ст.
Белорусский городской романс 20-30-ых годов ХХ в.
Białoruski miejski romans lat 20–30 XX wieku.
רומנסה בלרוסית עירונית של שנות ה-20 ו-30 של מאה ה-20

Усе тэксты, на аснове якіх створаныя песні, узятыя з архіва Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Гэта запісы фальклорна-этнаграфічных экспедыцый 50-70-ых гадоў ХХ стагоддзя.

Канцэртная прэзентацыя праекту ўжо адбылася ў Варшаве і Празе.

Автор: / Ultra-Music

Группы:

Комментарии: 6