Гурт Harotnica прэзентаваў сінгл «На краі»

Дэструктыўны пажарны аркестр Harotnica прэзентаваў на сайце Еўрарадыё сінгл «На краі». Па словах музыкаў, песня зусім свежая ― на канцэртах выконвалася ўсяго некалькі разоў.

Harotnica

— Мы вырашылі мінімалістычна падысці да стварэння песні, — кажа адзін з удзельнікаў «Гаротніцы» Андрусь Такінданг. — Гэта лірычная і не зусім характэрная для нашай маргінальнай весялосці кампазіцыя. Таму яна і самім нам пакуль што цікавая, як слухачам, а не толькі як музыкантам, якія яе стваралі. Тым больш, што гэтая песня-расповед.

А распавядаюць у «На краі» пра розныя спосабы… суіцыду. Варыянтаў шмат: ад іржавага ляза ў ваннай да рулі паляўнічай стрэльбы ў горла. Андрусь, жартуючы кажа, што выбар за слухачамі, а вось свой музыкі ўжо зрабілі. Натуральна, «па-гаротнаму» маргінальна-вясёлы! Які? Адказ — у песні!

Гучанне кампазіцыі адпавядае агульнаму гучанню калектыву і цяперашняму саўнду «Гаротніцы», крыху адрознаму ад таго, да якога прызвычаіўся слухач, папярэджвае Андрусь. Музыкі спадзяюцца, што такімі эксперыментамі не расчаруюць свайго слухача і прывабяць новага. Цяпер гурт разважае над фарматам пласцінкі — матэрыялу запісалі шмат, таму цалкам магчыма, што запланаваны ЕР перарасце ў паўнавартасны альбом. Абмяжоўваць сябе тэрмінамі выхаду музыкі не хочуць, але абяцаюць выдаць дэбютнік як мага хутчэй.

— Галоўнае, не перамарынаваць слухача! Таму абяцаем не цягнуць з выданнем альбома, — смяецца Андрусь. — Дарэчы, у яго ўвойдзе і англамоўная кампазіцыя, трэба ж здзіўляць слухача! Чым мы і будзем займацца!


Спампаваць Harotnica «На краі»

Источник: Еврорадио

Группы:

Комментарии: 2