«Апошні золак»: жывая прэм’ера супраць смяротнага пакарання

5 кастрычніка ў 19:00 у інтэрнэце адбудзецца прэм’ера супольнага музычнага праекта «Апошні золак», у якім бяруць удзел Лявон Вольскі, Наста Шпакоўская, Аляксандр Памідораў, Ганна Хітрык, Віктар Рудэнка, Алесь Дзянісаў і Зміцер Вайцюшкевіч.

Праект будзе прадстаўлены ў незвычайнай форме — замест запісанага альбома аматараў музыкі чакае анлайн-канцэрт. «Апошні золак» будзе створаны ў рэжыме рэальнага часу — жывыя спевы і музыку будзе дапаўняць жывое візуальнае аздабленне з дапамогай мастачкі па пескаграфіі Насты Шастак, якая будзе працаваць на сцэне адначасова з музыкамі.

— Мы ішлі ад таго, што праект супраць смяротнага пакарання мусіць быць на 100% жывым — па выкананні, па эмоцыях, па падыходзе. Кожнае імгненне жыцця, нават небездакорнае, мае свой сэнс. Зрабіць нас лепш, даць нам магчымасць нешта зразумець, — тлумачыць каардынатар праекта Сяргей Будкін. — Мы не маем мэты пераканаць, але маем мэту даць нагоду задумацца. Злачынцаў трэба караць, але нельга забіваць, нават паводле законаў.

Рэжысёр-пастаноўшчык праекта — Павел Бандзіч, вядомы па стужцы «Сэрца за кратамі», якая перамогла ў намінацыі «Лепшы публіцыстычны фільм» на фэсце «Залаты бубен» ў Ханты-Мансійску (Расія).

— Ідэя ў тым, каб праз песні, жывое выкананне і візуал стварыць на сцэне жывы дыялог пра забойствы, якія адбываюцца з нашай маўклівай згоды. Песні пра пачуцці і розныя жыццёвыя абставіны, а таксама інсталяцыі на тэму каштоўнасці жыцця для ўсіх і заўжды, — распавядае Павел Бандзіч.

Праект эксклюзіўны і з пункту гледжання выкарыстаных твораў: кожны артыст выканае адну цалкам новую і адну адмыслова пераасэнсаваную песню з ужо вядомага рэпэртуара.

Жывую трансляцыю прэм’еры 5 кастрычніка ў 19:00 ладзіць беларускі партал tut.by. Адначасова яе можна будзе пабачыць на сайтах naviny.by, nn.by, euroradio.fm, svaboda.org, spring96.org.

Источник: пресс-релиз

Темы: