Іван Кірчук прадставіць новую праграму з дванаццаці рытуальных частак

1 лістапада ў Палацы культуры прафсаюзаў адбудзецца творчы вечар заснавальніка этна-трыа «Троіца» Івана Кірчука. Падчас імпрэзы музыка і фалькларыст прадставіць праграму «Дарожка мая…».

Іван Кірчук

Новую праграму, якая нагадвае рытуальны тэатр, Іван Кірчук рыхтаваў да свайго 55-годдзя амаль год. Матэрыялы да сцэнарыя збіраліся апошнія 10 гадоў, з часу, калі ў 2003 годзе ён паказаў монаспектакль «Варажбіт».

Шмат усяго адбылося за 30 год маёй працы з фальклорам беларусаў. Усё пачалося са знаёмства з творчасцю ансамбля Пакроўскага. Мяне уразіла манера выканання рускага песеннага фальклору і рэпертуар, які не абмяжоўваўся адным рэгіёнам. Наадварот, яны дасканала вывучалі аўтэнтычны фальклор кожнага рэгіёна Расіі і ўмела адлюстроўвалі гэта на сцэне. Пасля гэтай сустрэчы я ведаў, чым буду займацца, — узгадвае свой творчы шлях Іван Іванавіч. — Так пачалася мая праца з архівамі. Я мог гадзінамі слухаць аўтэнтычныя спевы этнографаў і фалькларыстаў, не выходзячы з хаты. Лепшыя тэкставыя I меладычныя ўзоры я адбіраў і пасля выкарыстоўваў у вучэбных праграмах. Таксама я праводзіў фальклорна- этнаграфічныя экспедыцыі ў розныя рэгіёны Беларусі і за ўласныя грошы набываў экспанаты для будучага музею.

Дзякуючы працы з матэрыяламі серыі БНТ ды іншымі літаратурнымі крыніцамі было выдадзена дзве кнігі з рэканструкцыямі фрагментаў беларускіх абрадаў.

3 цягам часу мае адносіны з фальклорам развіваліся. Я пачаў глыбей разумець падтэксты, захаваныя ў простых мелодыях, словах. Мяне захоплівала магія светаўспрымання продкаў. Так з’явіліся новыя эксперыментальныя сцэнарыі. Таму словы, замовы і гукі, простыя мелодыі — усё тое багацце, што пакінулі нам нашы продкі, ляжыць у аснове новай праграмы, — распавядае Іван Кірчук.

На канцэрце 1 лістапада прагучыць больш за 40 народных песень. Яны выбраны з уласнага архіва музыкі, з архіва рэспубліканскага радыё і фоналабараторыі ІМЭФ АН РБ. Яны будуць выкананыя пад акампанемент як беларускіх народных інструментаў (акарына, жалейка, дуда, ліра), так і інструментаў з іншых краін. Таксама прагучаць лепшыя песні з сольнага дыска Кірчука «Спадчына загінуўшых вёсак», які быў запісаны яшчэ ў 1999 годзе ў Галандыі.

У праграме можна будзе пачуць фрагменты старадаўніх замоў, якія прагучаць на інтуітыўным разуменні таго, як гэта маглі рабіць нашыя далёкія продкі ў рытуалах. Бо дакладна узгадаць, як шапталі, прапявалі замовы знахары, немагчыма. Яны свае веды нікому не адкрылі, — дадае Іван Іванавіч.

Праграма «Дарожка мая», як адзначае аўтар, гэта шлях чалавека ад нараджэння да перахода ў іншы Сусвет. Яна складаецца з 12 рытуальных частак: Анёл-Ахоўнік, Залатыя ключы, Розгары, Вадзіца-царыца, Чары, Вогненная рака, Рай, Божы дар, Пані Усяго Свету, Зямля- Маці, Йгрышчайка і Продкі.

Автор: / Ultra-Music

Группы: ,