Міхей Насарогаў прэзентаваў новы кліп

З’явіўся кліп Міхея Насарогава на песню «Гав! Гав!» з новага, яшчэ нявыдадзенага альбома «Красивый». Відэа здымалі маскоўскія сябры выканаўцы, якія раней ужо працавалі над відэа «Вясна» RockerJoker, паведамляе «Еўрарадыё».

— Я рад ужо толькі таму, што, калі абстрагавацца ад тэксту, то гучанне і карцінка прадстаўляюць сабой адно цэлае, то бок, мяне нішто не перадзёргвае, — дзеліцца ўражаннямі Міхей. — Прытым, што я перфекцыяніст, я крайне задаволены, што ў маім багажы будзе такое цудоўнае відэа. Я задаволены на тысячу адсоткаў, бо не чакаў, што будзе такі канчатковы вынік, што ён настолькі трапіць у кропку!

Праца над відэа вялася ў Маскве амаль без удзелу самога Міхея. Рэжысёрам і аўтарам ідэі выступіла Галіна Шулепава, якая ўжо здымала відэа на песню RockerJoker «Вясна».

— Увесь матэрыял быў гатовы яшчэ ў чэрвені, змантаваны, зробленая графіка, — тлумачыць затрымку з прэзентацыяй Галіна. — Але я не была ўпэўненая, што мне падабаецца такі змрачнаваты падыход да колераў. Бо першапачаткова я здымала вельмі яскравы і прыгожы ў колерах кліп. Думала, будзе нешта падобнае на таранцінаўскіх «Шалёных сабак». Але, як і заўжды, атрымалася не тое, што планавалася.

Тым не менш, усе ўдзельнікі здымак задаволеныя вынікамі. Больш за тое: ужо цяпер вядзецца праца над наступным ролікам на яшчэ адну новую песню Міхея. Праўда, яе назва ды сюжэт трымаюцца ў сакрэце. Вядома толькі, што па тэрмінах здымкі зацягнуцца не менш чым на паўгода.

Источник: Еврорадио

Группы:

Комментарии: 2