TonqiXod запісаў «наварочаную» песню

Малады мінскі гурт TonqiXod прадстаўляе на Ultra-Music свой новы трэк «Насыпаць горы» — складаную кампазіцыю з двух частак паводле верша аднаго з удзельнікаў трыа.

— У гэтым трэку вельмі шмат тэксту, і ён даволі наварочаны, — распавядае гітарыст і вакаліст TonqiXod Уладзь Лянкевіч. — Справа ў тым, што я выйграў конкурс у межах кампаніі «Грамадзянскасць. BY» са сваім вершам пра горы, а прызам была магчымасць запісаць аўдыё для гэтага верша і зняць кліп. З кліпам не зраслося, а вось адмысловую кампазіцыю мы запісалі.

Па словах удзельнікаў гурта TonqiXod, стварыць музыку для гэтага верша было даволі складана.

— Галоўнай праблемай пры напісанні музыкі было абмежаванне часу. Верш быў даўно гатовы і існаваў сам па сабе, а музыка павінна была з’явіцца хутка і гарманічна яго дапоўніць, — кажа клавішнік і вакаліст Максім Субач. — Першая частка кампазіцыі атрымалася злёгку дэпрэсіўнай, але тэкст утрымлівае ў сабе нямала іроніі. Другая ж частка ў процівагу першай атрымалася энэргічнай і нават трохі папсовай. Аднак каб канчаткова заблытаць слухача ў тым, што гэта наогул за «песня», мы вырашылі пачаць і скончыць трэк неадназначнымі напевамі і паляпваннямі ў духу псіхадэлічных 1960-х.

Запісвалася кампазіцыя «Насыпаць горы» часткова на хатняй студыі музыкаў, часткова на Studio 33 у Паўла Някрасава. Звядзенне і майстарынг рабіў Яўген Сухавей.

— Ён месцамі даволі радыкальна папрацаваў з гукам. Гэта цікавы досвед, бо мы самі пакуль у працэсе выпрацоўкі ўласнага гучання, і, думаю, нашы наступныя запісы будуць істотна адрознівацца ад гэтага, — дадае Уладзь Лянкевіч.


Трыа TonqiXod узнікла ў 2011 годзе. У яго склад уваходзяць Максім Субач (клавішы, вакал), Уладзімір Лянкевіч (гітара, вакал) і Андрэй Аляксеенка (барабаны). Доўгі час музыкі рэпетавалі і пісалі матэрыял, а на пачатку 2013 года пачалі стала выступаць разам. TonqiXod даў шэраг выступаў у розных клубах Мінску, на адкрыццях выставаў у музеях і на літаратурных фестывалях. Па выніках працы ў 2013 годзе гурт намінаваны на прэмію «Дэбют году» па версіі музычнага сайту Tuzin.fm.

Бліжэйшы выступ TonqiXod адбудзецца 28 лістапада ў клубе TNT. Уваход вольны.

Автор: / Ultra-Music

Фото: Лізавета Лянкевіч

Группы:

Комментарии: 4